Прыводзім ліст, які накіраваны 16 студзеня 2006 г. ў штаб ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, з прапановай аб’яднаць намаганьні па арганізацыі народнага імпічманту А.Лукашэнку.
Штаб ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка 17 студзеня 2006 г. У Штаб ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча
Накіроўваем зварот Зянона Пазьняка “Павінна быць народная воля” для вырашэньня пытаньня аб’яднаньня ініцыятыўных групаў законных прэтэндэнтаў дзеля арганізацыі Народнага галасаваньня і народнага імпічманту Лукашэнку. Прапануем распачаць інтэнсіўную інфармацыйную працу па Народным галасаваньні і стварэньні структураў Нацыянальнай грамадзкай камісіі. Юрыдычнае абгрунтаваньне Народнага галасаваньня і стварэньня НГК.
З Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. Любыя дзеяньні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэньня законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.”
Артыкулам 3 Канстытуцыі прадугледжана, што ў выпадку дэфармацыі ўлады, здрады нацыянальным інтарэсам, ператварэньні яе ў ворган прыгнёту народа, народ мае натуральнае права абараніць сваю годнасьць і гонар, сваю свабоду, Закон і Канстытуцыю. НГК ўзьнікла як ворган самаабароны народа ад здрадніцкага, карумпаванага, незаконнага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і дзейнічае на прынцыпах самаарганізацыі.
Задачы НГК:
- Давядзеньне інфармацыі да выбаршчыкаў пра Народнае галасаваньне, як спосаб абвяшчэньня 19 сакавіка 2006 г народнага імпічманту Лукашэнку.
- Забеспячэньне збору бюлетэняў рэжыму і давядзеньне вынікаў Народнага галасаваньня да грамадзтва.
- Распрацоўка тактыкі і арганізацыя агульнанацыянальных акцыяў па адхіленьні Лукашэнкі ад улады.
- Спрыяньне перадачы ўлады Часоваму Ўраду.
Зьвяртаем увагу, што замаруджваньне прыняцьця рашэньня спрыяе толькі Лукашэнку і яго рэжыму. Зварот Зянона Пазьняка “Павінна быць народная воля” дадаецца.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў