Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

15 января 2006 г.

Навіны

15 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм разгледзеў ход перадвыбарчай кампаніі. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. Ён выказаў упэўненасьць, што 75 тысячаў сабраных подпісаў на гэты час даюць упэўненасьць аб выкананьні пастаўленай задачы па зборы 150 тысячаў подпісаў і заклікаў актывізаваць працу па зборы подпісаў і інфармаваньні людзей аб Народным Галасаваньні.

Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны падвялі вынікі працы структураў, вызначылі задачы на бліжэйшы пэрыяд. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра збор подпісаў актывістамі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка і распаўсюджваньне інфармацыі аб Народным Галасаваньні. Рэжым актывізаваў рэпрэсіі супраць актывістаў нашай ініцыятыўнай групы. Людзей затрымлівае міліцыя, адміністрацыя запалохвае актывістаў. На прадпрыемствах, у навучальных установах і інтэрнатах рэжым мабілізаваў рознага роду даглядчыкаў і кантралёраў, якія ў парушэньне закону перашкаджаюць збору подпісаў. Па ўсёй краіне адбываецца гвалтоўны збор подпісаў за Лукашэнку, пры якім улады выкарыстоўваюць адміністрацыйныя рэсурсы і прама запалохваюць людзей. Нягледзячы на шалёны супраціў рэжыму патрыёты пасьпяхова вядуць працу, сабралі вялікую колькасьць подпісаў за прэтэндэнта Зянона Пазьняка і давялі інфармацыю пра Народнае Галасаваньне да жыхароў практычна ўсіх рэгіёнаў краіны. Патрыёты працягваюць барацьбу за вольную дэмакратычную Беларусь.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 15 студзеня 2006 г.