А. Вайтовіч падтрымаў ідэю “Народнага галасаваньня”

10 студзеня 2006 г.

Навіны

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў распачаў кансультацыі зь іншымі апазыцыйнымі сіламі наконт падтрымкі ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага галасаваньня.

(Папкоў: ) “Зараз мы сустракаемся зь іншымі актывістамі, прапануем іншым камандам далучыцца, таму што гэта ж ня выбары, гэта відавочна. Ёсьць яшчэ два месяца і 10 дзён, і гэта дастаткова, каб узьняць людзей, каб разгарнуць гэтую справу”.

У прыватнасьці сёньня Сяргей Папкоў з прапановай далучыцца да народнага галасаваньня зьвярнуўся да Аляксандра Вайтовіча, які ўчора заявіў пра свой выхад з выбарчай гонкі на знак пратэсту супраць удзелу ў ёй Аляксандра Лукашэнкі.

Спадар Вайтовіч вывучыў прапанаваныя матэрыялы і прыйшоў да высновы:

(Вайтовіч: ) “Я думаю, што гэта прапанова слушная, што можна спрабаваць яе рэалізаваць”.

Аляксандар Вайтовіч паведаміў, што рашэньне, ці далучыцца ён асабіста да кампаніі народнага галасаваньня, будзе прынятае пасьля кансультацый з ягонай камандай.

Зянон Пазьняк падкрэсьлівае, што калі народная грамадзкая камісія зьбярэ больш за 50% такіх бюлетэняў, гэта будзе сьведчыць пра народны імпічмэнт Лукашэнку і дапаможа адхіліць яго ад улады. Намесьнік Зянона Пазьняка Юрась Беленькі лічыць, што такая акцыя цалкам магчымая:

(Беленькі: ) “Я сёньня на гэтую тэму ўжо размаўляў з рознымі людзьмі. І сам гэты факт ужо гаворыць пра тое, што ідэя цікавіць і людзей маладых, і тых, хто мае жыцьцёвы досьвед. І бачу, што толькі адно прымушае іх, так бы мовіць, не да канца верыць у ідэю — я зраблю, а можа, другі-трэці ня зробяць. Я ім кажу: другі, трэці, чацьверты — гэта мы ўсе і ёсьць разам. Мы і ёсьць беларускі народ. Ты скажы пра гэта другому, трэцяму, дзясятаму… А калі не атрымаецца 50%? Ты рабі, я кажу, ты не апускай рукі, да канца ідзі. Ідзі адкрыта. Ты ж стаіш на баку закону. Тыя людзі, якія робяць фальсыфікацыю, яны парушаюць закон. На тваім баку і права, дадзенае табе Богам — быць гаспадаром на сваёй зямлі, і закон, зафіксаваны ў Канстытуцыі ды іншых заканадаўчых актах. Ідзі, рабі адкрыта, што ж ты сьціскаеш плечы!”

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла таксама лічыць, што ідэя можа мець плён:

(Паганяйла: ) “Гэта вельмі складаная праца. Але яна вельмі эфэктыўная. Вельмі! Чалавек, які зробіць так, як прапануецца цяпер, будзе адзначаны як чалавек, які галасаваў, а сам бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным. І калі такіх набярэцца шмат, элегантнай перамогі не адбудзецца ні ў якім выпадку”.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць, што, згодна зь дзейным заканадаўствам, кожны грамадзянін мае права рабіць з бюлетэнем што заўгодна:

(Лазавік: ) “Выбары ў нас свабодныя, і кожны грамадзянін мае права галасаваць ці не галасаваць, кідаць у скрыню бюлетэнь ці ня кідаць”.

Паводле Радыё Свабода