Факты і падзеі (29-31 сьнежня 2005 г.)

2 студзеня 2006 г.

Актуаліі

Прэзыдэнт Узбэксітану Карымаў заявіў 29 сьнежня пра дэнансацыю дакумэнтаў, падпісаных краінай у рамках ГУУАМ (арганізацыі, якая аб’ядноўвала Грузію, Узбэкістан, Украіну, Азэрбайджан і Малдову). Такім чынам, цяпер абрэвіятура арганізацыі будзе – ГУАМ. Што яшчэ раз даказвае: краінам, што вызваліліся ад расейскай акупацыі, трэба аб’ядноўвацца не ў экзатычныя хаўрусы, а паводле сапраўднай блізкасьці інтарэсаў – эўрапейцы з эўрапейцамі, а азіяты з азіятамі. Як толькі ўзбэцкі рэжым пабег сьледам за Масквой (на працягу гэтага года зьмена палітычнага курсу стала фактам), то прапала недзе ўся ягоная самастойнасьць. Карымаў вывеў з Узбэкістану амэрыканскую вайсковую базу, на месца якой адразу атабарылася расейская. А вось цяпер і праблематычны хаўрус разарваны. Пасьля перамогі на ўзбэцкім фронце Масква ўшчыльную ўзялася за Украіну. Пад бравурныя маршы рэваншу РФ уступае ў адкрыты канфлікт з Украінай. Ні пра якія цывілізаваныя дыскусіі на газавую тэму шызоідная імпэрыя слухаць ня хоча. Гэбізм асьляпіў імпэрскую махіну. 29 сьнежня маскалі затрымалі ў аэрапорце Шарамецева групу ўкраінскіх тэлежурналістаў, якія прыехалі, каб камэнтаваць “круглы стол” на тэму газавага канфлікту ў Маскве. Камэнтароў ня будзе. Арда пачынае дзейнічаць. Журналістаў дапыталі і на бліжэйшым самалёце накіравалі назад у Кіеў. У навагоднюю ноч Расея піла і гуляла, нібыта ўжо скарыла ўсіх непакорлівых. Тэлеілюзія ўсеагульнай весялосьці атрымалася даволі яркая. На расейскіх тэлеканалах віравала стракатая кампанія з папсы і клоўнаў. “Сацыяльны аптымізм” афарбоўваў сабой гэты прыдуманы групавы партрэт расейскага грамадзтва. А вось на БТ, як і штогод працавала брыгада бездараў і тэлеідыётаў. Хаця ўсё больш беларусаў прыходзіць да высновы, што ўсё гэта робіцца адмыслова. Каб тэлегледачы хутчэй пераключаліся на расейскія тэлеканалы. БТ давала навагоднюю праграму з нейкай чорнай ямы, з нейкага цёмнага правалу, з жудаснай пячоры. Усё было выключна па-расейску. Па сцэне і іншых месцах вадзілі няшчаснае (навучанае фальшывіць і хлусіць) мазырскае дзяўчо, якое з “русской песней” атрымала мэдаль на дзіцячым эўрабачаньні. Нудныя і тупыя мізансцэны, безгалосыя мясцовыя выканаўцы расейскай папсы, змрочныя дэкарацыі – ад усяго гэтага пачынала балець галава. І, зразумела, што людзі пераключаліся на “століцу нашей родіны”, куранты і шабалаўку. Трыюмф шклоўскага дэбілізму працягваецца.

Янка Базыль