"Подпісы зьбіраць сёньня прыемна, нягледзячы на холад"

2 января 2006 г.

Навіны

У першы дзень Новага года сябры ініцыятыўнай групы працягвалі збор подпісаў. Каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску зьбіралі подпісы сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка.

Месца каля ўнівэрсаму “Цэнтральны” было ўзгоднена з міліцыяй і яна не перашкаджала ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча. А вось сябрам ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якія стаялі якраз насупраць, давялося спыніць сваю працу. Да іх падыйшлі міліцыянты і сказалі, што трэба ўзяць дазвол на збор подпісаў і паслалі іх шукаць нейкага маёра. (Па фактах парушэньня выбарчага кодэксу з боку міліцыянтаў і іншых асобаў складзеныя заявы ў пракуратуру. - БС)

(Тацяна: ) “Гэта парушэньне выбарчага кодэксу, бо я яму паказала пасьведчаньне, пашпарт. А ён замінае збору подпісаў. Міліцыянты перашкаджаюць зьбіраць подпісы, як толькі чуюць імя Пазьняка, адразу перашкаджаюць. Мы таксама ўчора стаялі і таксама перашкаджалі”.

Але параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй звычайныя грамадзяне рэагуюць іначай. Такую выснову робіць сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Алесь Кір’янаў.

(Кір’янаў: ) “Агрэсыўных, злых людзей амаль што няма. Людзі падыходзяць, цікавяцца. Раней пэнсыянэры з кульбакамі кідаліся, каб уцяць цябе… Такога ўжо няма, ужо пачынаюць задумвацца, неяк не спрачаюцца. Подпісы зьбіраць сёньня прыемна, нягледзячы на холад”.

Старшыня ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў скардзіцца на першыя перашкоды ў працы:

(Папкоў: ) “Перашкоды ёсьць: па інтэрнатах не даюць зьбіраць. Даводзіцца выклікаць міліцыю, канфліктаваць, ходзяць выхавальнікі перашкаджаюць, а так на вуліцы, на кватэрах пакуль няма праблемаў. Ідзе нармальны збор подпісаў”.

Спадар Папкоў кажа, што ён і ягоныя аднапартыйцы разьлічваюць не на выбары, а на народнае галасаваньне, ініцыяваную іх лідэрам кампанію і на пратэст выбаршчыкаў.

Паводле Радыё Свабода і БС