Факты і падзеі (25-29 сьнежня 2005 г.)

31 снежня 2005 г.

Актуаліі

25 сьнежня хрысьціянскі сьвет сьвяткаваў Нараджэньне Хрыста. У Ватыкане Папа Бэнэдыкт ХIV павіншаваў вернікаў, што сабраліся на пляцы Св. Пятра, на трыццаці мовах сьвету. Гэты зварот убачылі і пачулі мільярды людзей, дзякуючы тэлевізіі і радыё. Усе яшчэ раз пераканаліся, што Касьцёл сапраўды Каталіцкі (ад грэцкага слова “кафолікос” – сусьветны). РПЦ упарта адзначае Каляды паводле цэзарыянскага календара. Але справа не ў Цэзары і ягоным састарэлым календары. РПЦ верная сваёй тупой русіфікатарскай “місіі”. Немагчыма ўявіць сабе, каб Алексій-Рыдзігер зьвярнуўся б да праваслаўных па-беларуску альбо на якой яшчэ мове. Акасьцянелая маскальшчына застаецца неад’емным элемэнтам “православной організаціі”. 26 сьнежня ў Інданэзіі, Тайландзе і Шры Ланцы адбыліся мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў Цунамі, якое роўна год таму забіла сотні тысячаў людзей розных народаў. Усе маліліся разам, першыя асобы пацярпелых дзяржаваў былі сярод людзей. Журналісты паведамілі пра многіх людзей, якія былі прыехалі летась у Паўднёвую Азію як турысты і перажылі тут катастрофу, многія згубілі сямейнікаў. Цяпер яны вяртаюцца сюды як валанцёры. Адбудоўваюць разам з мясцовымі жыхарамі разбураныя вёскі, школы, шпіталі і храмы, дзеляцца грашыма з сіратамі. У гэтым яны бачаць лепшы знак памяці сваім блізкім. Расейскі тэлеканал паведаміў, што сярод валанцёраў за апошні год быў заўважаны і адзін расеец. Астатнія ляцяць на сонечны бераг Тайланда, прыхапіўшы з сабой папа РПЦ. Будуць купацца і піць віскі, а бацюшка будзе маліцца за іх. Усе заўважылі гэтую розьніцу рэакцыяў. 26 сьнежня адбылася газавая атака ў Пецярбургу. У некалькіх супэрмаркетах было распылена нейкае атрутнае рэчыва, ад якога людзі пачыналі ванітаваць, губляць прытомнасьць, пакутваць на галаўны боль. 78 асобаў давялося адвезьці ў шпіталь. Яшчэ не сабралі ўсе разьбітыя прабіркі і не апыталі сьведкаў, а мясцовая міліцыя ўжо зашумела: “Нікакого террорізма. Это хуліганство!” (“Ворганы” такія упэўненыя, нібыта самы ўсё арганізавалі). Гэта ж паўтарыла праз колькі гадзінаў і мэрша горада Мацьвіенка. А ўжо пад вечар на экранах тэлевізараў зьявіўся штатны доктар хімічных навукаў і заявіў, што “это всё нічего, завтра откашляются…” Падобна, што кантора пераносіць творчы вопыт нядаўняга экспэрымэнту, праведзенага на чачэнскіх дзяўчынках, на шырокія прасторы “матушкі русі”. 27 сьнежня Мухамад Карым Рахімі, прэс-сакратар прэзыдэнта Аўганістана, заявіў журналістам, што ягоная краіна зьбіраецца афіцыйна запатрабаваць ад Расеі кампэнсацыяў за агрэсію 1979 г. і дзесяцігадовую акупацыю. Аўганскі чыноўнік такім чынам ня проста нагадаў пра 26-я ўгодкі маскоўскай агрэсіі супраць незалежнай краіны, якая пачалася атакай на прэзыдэнцкі палац у Кабуле 27.12.1979 г. Аказваецца, днямі крамлёўскія нахабнікі запатрабавалі ад кіраўніцтва Аўганістана вярнуць даўнія дзяржпазыкі. Тэмпэрамэнтныя аўганцы нагадалі агрэсарам, што тыя каменя на камені не пакінулі ў іхнай краіне, забілі мільёны людзей. Дагэтуль Аўганістан ня можа выйсьці з шоку пасьля маскальскага пагрому. Але зразумела ўжо цяпер, што мужны аўганскі народ адродзіць сваю цывілізацыю, а вось расейскаму шайтану наканаваны блізкі і непазьбежны канец. Міністар вайны РФ (а па сумяшчальніцтву віцэ-прэмьер) Іваноў нарабіў шэраг заяваў 27 сьнежня. Спачатку публічна налічыў больш за 80 тысячаў расейскіх семьяў вайскоўцаў, якім няма дзе жыць (можна спытаць на гэта – дык навошта вы нагналі столькі войска, калі яго няма дзе сяліць?). Потым ён засьвяціўся на вайсковым караблі пад стваламі гарматаў і крыварыла зароў: “Если Украина вздумает пересматривать договор о флоте в Севастополе, то это смерти подобно…” Украінскі народ ён, канешне, не напалохаў. Але падобна, што сабраўся забясьпечыць сваіх міністэрскіх беспрытульных за кошт нейкай захопленай тэрыторыі. Аж трусіцца лубянскі генэрал, хоча паваяваць “за веру, царя і отечество”. Па такіх плача ўтульная кватэрка ў Гаагскім трыбунале. С новым годом! 29 сьнежня група былых расейскіх дысыдэнтаў паслала калектыўнае віншаваньне “галоўнаму дысыдэнту” сёньняшняй Расеі алігарху Хадаркоўскаму, які “томітся во глубіне сібірскіх руд”. Віншаванку падпісалі такія вядомыя ў савецкі час (і актыўныя цяпер) дзеячы як Букоўскі, Кавалёў, Бонэр, Якунін і шэраг іншых. У тэксьце ёсьць лірыка наконт таго, што новы год у лягер, дзе сядзіць Хадаркоўскі прыйдзе на шэсьць гадзінаў раней за Маскву, а значыць на столькі ж гадзінаў ён раней вызваліцца… А ў прынцыпе, як жа здрабнела дысыдэнцкая справа ў РФ! Раней героямі-антысаветчыкамі былі настаўнікі, інтэлектуалы, сьвятары, жонкі атамнай прафэсуры. А цяпер застаўся толькі алігарх, які не падзяліў свае капіталы з гэбізмам. 29 сьнежня на баявое дзяжурства ў небе Летувы заступілі самалёты польскіх ВПС. Да вясны яны будуць патруляваць натаўскае неба і супрацьстаяць расейскім вайсковым самалётам, якія рэгулярна парушаюць паветраную прастору Летувы. Прадстаўнік польскага войска заявіў журналістам: “Кожны такі расейскі наскок – гульня з агнём”. Палякі настроены на сур’ёзнае нясеньне службы.

Янка Базыль