Як сёньня працавалі зборшчыкі подпісаў за Зянона Пазьняка?

30 снежня 2005 г.

Навіны

Другі дзень працягваецца збор подпісаў выбарцаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Актывісты ініцыятыўных групаў ходзяць па кватэрах, а таксама зьбіраюць подпісы на вуліцы. Як сёньня працавалі зборшчыкі подпісаў за Зянона Пазьняка?

Актывістка ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Вольга Кацянкова другі дзень зьбірае подпісы за старшыню Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Зянона Пазьняка ля станцыі мэтро “Пушкінская”.

(Кацянкова: ) “Калі ласка, грамадзяне, падпісвайцеся за кандыдата дэмакратычнага блёку — за Зянона Пазьняка”.

Вольга Кацянкова трымае партрэт Зянона Пазьняка на тле Мірскага замку. Многія людзі падыходзяць і аддаюць за яго свае подпісы.

(Спадарыня: ) “Хацела б, каб ён у нас быў прэзыдэнтам. Але наш дзейны прэзыдэнт нікога не падпусьціць да сваёй кармушкі”.

(Спадар: ) “Гэта сапраўдны беларус. Найлепшы чалавек”.

(Спадар: ) “За ўсіх дэмакратычных кандыдатаў падпішуся. Я пакуль ня вырашыў, за каго буду галасаваць на выбарах, але хачу, каб усе кандыдаты мелі роўныя магчымасьці. Цяпер аддаю свой голас за Пазьняка”.

Актывістка ініцыятыўнай групы Вольга Кацянкова адзначае актыўнасьць выбарцаў, нягледзячы на перадсьвяточны час.

(Кацянкова: ) “Учора я за дзень сабрала 34 подпісы. Канечне, давялося пабегаць, але людзі падпісваюцца. Яны разумеюць, што, каб адбыліся выбары, патрэбная альтэрнатыва Лукашэнку”.

Як распавёў “Свабодзе” кіраўнік перадвыбарчага штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў, актывісты ініцыятыўных групаў сутыкнуліся з праблемамі падчас збору подпісаў у інтэрнатах Політэхнічнай акадэміі. У большасьці студэнтаў перад сьвятамі чамусьці забралі пашпарты на перапрапіску, да таго ж зборшчыкаў подпісаў падчас наведваньня пакояў увесь час суправаджалі камэнданткі інтэрнатаў.

Паводле Радыё Свабода