Рэжым зьбянтэжаны

22 снежня 2005 г.

Навіны

Рэакцыю рэжыму на атрыманьне ў ЦВК заявы Зянона Пазьняка аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік агучыў як збянтэжанасьць. (паводле інфармацыі Алеся Дашчынскага, радыё «Свабода»). Рэжым зьбіраецца выдумляць прычыну нерэгістрацыі ініцыятыўнай группы Зянона Пазьняка. Прыводзім выказваньне сп. Лазавіка і камэнтар кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Папкова. (Лазавік) “…Гэта ж ня проста прыватнае пытаньне, якое тычыцца Зянона Пазьняка. Гэта агульнадзяржаўнае пытаньне. Хаця тут нехта і гаворыць, што адназначнае рашэньне можа быць прынята. Я не лічу, што тут усё адназначна. Трэба разглядаць яшчэ і вывучаць”.

(Папкоў: ) “Зянон Станіслававіч — грамадзянін Рэспублікі Беларусі. Якія тут могуць быць сумневы, калі ёсьць пастанова Канстытуцыйнага суду, дзе пазначана, што ён мае права балятавацца. Пастанова Канстытуцыйнага суду выдадзена ў 2001 годзе. Яна не адменена, яна законная. А ад рэжыму можна ўсяго чакаць. Пазбавіць Зянона Станіслававіча права балятавацца — гэта значыць, пазбавіць яго права грамадзяніна Рэспублікі Беларусі. А Лазавік такога права ня мае”.

Сяргей Папкоў лічыць, што калі спадара Пазьняка пазбавяць права балятавацца, гэта будзе палітычнае рашэньне.

БС