17 сьнежня адбыўся бэнэфіс міністра эканомікі РФ Кудрына. Ён заверыў расейскае грамадзтва, што ў 2008 г. узровень жыцьця ў РФ будзе “рэкордна высокім”. Па словах міністра: “Мы выйдем в 2007 г. на уровень 1990 г., а в 2008 г. будем жыть лучше, чем в тот історіческій період, который помнят врачі, учітеля і люді старшего поколенія.
Да, был дефіціт в 1990 г., але реально люді жілі несколько лучше, чем сейчас”. Гэта так, савецкія людзі памятаюць розныя гістарычныя пэрыяды, але агульным для кожнага зь іх была бессаромная хлусьня і пустыя, але ж галавакружныя абяцанкі “царствія небесного на землі”. Як сказаў адзін з герояў папулярнага сэрыялу з пэрыяду пасьляваеннай карткавай сістэмы: “Тебе бы, начальник, книжки писать…” На судзе па справе забойства чачэнца Зелімхана Мурдалава ўсплылі новыя дэталі. У 2003 г. Мурдалава затрымалі ў Грозным, даставілі ў пастарунак “чачэнскай” міліцыі, дзе яго пачалі зьбіваць “чачэнскі” міліцыянт Сяргей Лапін і яшчэ адзін такі ж мясцовы жыхар “родам з Разані”. Калі ахвяра перастала дыхаць, яны адвезьлі труп у невядомым накірунку. Лапін сядзіць у турме, бо папаўся на іншых злачынствах. Але высьвятляецца, што ў забойства Мурдалава замешаны таксама камандзёр ханты-мансійскага ОМОНа Прілепскій і ягоны намесьнік Мінін, якія тады знаходзіліся са сваімі галаварэзамі ў Грозным. Ну што ж, тыповая расейская пасьлядоўнасьць. Спачатку гэтыя мінін і пажарскі зрабілі так, што ў тайзе амаль не засталося хантаў і мансі. А цяпер яны праводзяць такую ж культуртрэгэрскую місію на Каўказе, бо “істінно русская земля”. 17 сьнежня патрыярх-генэрал Алексі-Рыдзігер пырскаў вадой на стратэгічныя ракеты на сакрэтнай вайсковай базе пад Масквой. Беларусы, што цягнулі лямку каля маскальскіх ракетаў, памятаюць, што гэта быў “день ракетных войск СССР”. А група бацюшак нагадала, што ўсё, аказваецца, не выпадкова. Што бальшавікі прыначылі гэты дзень у 1947 г. на каляндарнае сьвята сьвятой Барбары (Варвары). І вось з кадзіламі яны хадзілі вакол ракетаў і сьпявалі “пра Варвару, якая аблягчае жаўнерскія цяжкасьці”. Вядома, аднак, што сьвятая-пакутніца Барбара ня мела ніякага дачыненьня да савецкіх ракетаў. Яна жыла ў ІV ст. на Блізкім Усходзе і прыняла пакутніцкую сьмерць падчас ганеньняў супраць хрысьціянаў (у мастацтве яе паказваюць заўсёды разам з выявай вежы, дзе яна была зьняволена). Але ў квазібацюшак разгулялася фантазія, яны й сьвятую зрабілі ракетчыцай, абы толькі прыцягнуць за вушы свой бальшавізм і ўпісаць яго ў сьвяткі. Маразм РПЦ паглыбляецца. З 17 сьнежня штодня паступаюць драматычныя зьвесткі з Чачэніі, дзе ўсё больш дзяцей (у асноўным дзяўчынкі-падлеткі) паступае ў шпіталі з прыкметамі моцнага атручваньня. Спэцыялісты кажуць пра вынік узьдзеяньня на дзяцей псіхатропных сродкаў. Расейскія СМІ паведамляюць, што дзеці “отравились”. Вось так, маўляў, узялі і самы недзе “отравілісь”. Расейскія акупанты працягваюць зьнішчэньне чачэнскага народу. Вядома, што адным з адпрацаваных мэтадаў расейскага генацыду супраць народаў было зьнішчэньне менавіта дзяўчат і жанчын – маці і будучых маці, якія забясьпечваюць жыцьцё народу. Так расейскія акупанты рабілі і ў Беларусі, высылаючы тысячы нашых дзяўчат у ГУЛАГ, зьнішчаючы беларускую моладзь. Цяпер нашчадкі катаў ня хочуць прызнавацца, галёкаюць: “То был Советскій Союз, мы ні прі чём!” І працягваюць калечыць і забіваць дзяцей. Важна абараніць нашу Беларусь ад расейскіх забойцаў. А яны наладзілі пышныя сьвяты ў гонар галоўнай маскоўскай канторы. Нават настальгічным немцам не прышло б у галаву адзначаць (няхай сабе пад новай назвай) дзень работніка гестапа альбо дзяржсьвята канцлягернага даглядчыка. А ў Расеі (і таксама ў Беларусі, дзе ўладарыць філіял канторы) 20 сьнежня іграла музыка, зьбіраліся “заплечных дзел” вэтэраны, раздаваліся мэдалі і прэміі пад лёзунгамі ВЧК-НКВД-КГБ. Пуцін прыняў у Крамлі Патрушава, які расказаў на публіку пра сёлетнія подзьвігі лубянскіх рыцараў. Яны, аказваецца, злавілі за год ажно 67 агентаў чужых выведак і зрабілі вялікія посьпехі ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам. У СМІ засьвяціўся таксама і начальнік знешняй выведкі РФ генэрал Лебедзеў. Калі журналіст спытаў у яго наконт магчымасьці аб’яднаньня ў адну кантору ФСБ і СВР, генэрал ад душы сфармуляваў: “Главное не в форме, а в содержании”. І сапраўды, якая там розьніца, зьмест застаецца той жа – здушэньне свайго народу ў першую чаргу і міжнароднае забесьпячэньне гэбоўскага рэжыму. На пытаньне, чаму людзі запісваюцца ў ягоную службу, Лебедзеў адказаў: “В первую очередь это тяга к интересной работе, чувство романтики, желание послужить Родине”. Прапануем перайменаваць эпоху расейскага гэбізму ў эру рамантыкі.
Янка Базыль