15 сьнежня амбасадара Расеі ў Тбілісі выклікалі ў міністэрства замежных справаў Грузіі і запатрабавалі тлумачэньняў наконт нядаўняй тэлепраграмы па расейскім канале НТВ. У Самару вярнуліся з Грузіі “міратворцы” на месца сваёй сталай дыслякацыі. Ваякі разгаварыліся перад тэлекамэрай. Іхны камандзёр Іонаў так і сказаў: “Абхазія была незалежнай дзяржавай, толькі 40 гадоў яна знаходзіцца ў складзе Грузіі. Абхазы змагаюцца за незалежнасьць, тэрытарыяльныя прэтэнзіі Грузіі беспадстаўныя”. Такіх вось “нэйтральных міратворцаў” пасылае РФ у зону справакаванага той жа РФ канфлікту. Грузінскі міністар па урэгуляваньню канфліктаў Г. Хаіндрава заявіў: “Гэтых людзей заранёў настройваюць супраць Грузіі. Ідаялягічная падрыхтоўка фармуе вобраз праціўніка. Якія ж гэта міратворцы?” Маскоўскі акружны вайсковы суд апраўдаў адстаўнога палкоўніка П. Папоўскіх, якога абвінавачвалі ў забойстве расейскага журналіста Дзьмітрыя Холадава ў 1994 г. Памятаем, як тады дзесяткі тысячаў людзей хавалі маладога журналіста, які загінуў ад выбуху бомбы-пасткі, падкінутай яму высокімі афіцэрамі паветрана-дэсантных войскаў (Папоўскіх быў тады начальнікам выведкі ПДВ). Тады гэтае забойства, якім генэралы хацелі замяць інфармацыю пра шалёную карупцыю ў расейскай арміі, усхвалявала ўсіх. За гэтыя гады палітычных і іншага кшталту забойстваў у Расеі адбылося столькі, што нікога нішто ўжо не хвалюе. Папоўскіх, аказваецца, “цярпеў нявінна”. Гэтай авечцы суд даў права на рэабілітацыю і вялікую грашовую кампэнсацыю. Армейская мафія ўрэшце апраўдала “свайго”. Зіма ў Эўропе сёлета не вызначаецца нізкімі тэмпэратурамі, але “маразм крепчает”… 16 сьнежня Эўразьвяз пачаў разглядаць праект фінансавай дапамогі Расеі “на барбу з тэрарызмам”. Мяркуецца выдаткаваць крамлёўска-лубянскім “барцам” 275 тысячаў эўра. Усё дзеля разьвіцьця сучасных тэхнічных сродкаў, а таксама для правядзеньня сэмінараў для “барцоў” і для супрацьдзеяньня легалізацыі злачынных даходаў. Сярод усяго гэтага эўрамаразму асабліва цікавы апошні пункт праекту. Таму што сёньня ж кіраўніцтва Грузіі замарозіла расейскія рахункі ў сваіх банках, бо яны выкарыстоўваліся для дапамогі абхазкім прыслужнікам Масквы. Эўрасума, канешне ж, не вялікая, але важны хутчэй сімвал. Эўраспэцы зьбіраюцца аплочваць лубянскую кантору, якая зьнішчае людзей ня толькі ў Чачэніі і Беслане, але і ў іхных краінах. Мы думалі, што ў праявах прамаскоўскага халуйства Шродэр пераплюнуў усіх. Аказваецца, халуйская пэрспэктыва ня мае межаў, магчымыя бясконцыя варыяцыі дэманстратыўнага прадажніцтва. Прапануем Эўразьвязу выдаткаваць гэтую суму на адліцьцё на пецярбургскім манэтным двары залатых знакаў “Отлічнік ФСБ” ды ўручыць іх незабыўнаму Гансу Віку, непаўторнай Бэніце ды шэрагу іншых брусэльскіх товарішчей. Бесланскія жанчыны дамагліся свайго. 16 сьнежня ў суд зьявіўся ўрэшце паўночнаасэцінскі начальнік ФСБ (у адстаўцы) Андрэяў (якога цяпер называюць “кіраўніком штабу па вызваленьні закладнікаў”). Ён расказаў нешта цікавае. Адказным за прымяненьне цяжкой вайсковай тэхнікі пры апэрацыі ў Беслане Андрэяў назваў Ціханава, кіраўніка цэнтру спэцыяльнага прызначэньня ФСБ (мяркуем, што гэты Ціханаў даўно ўжо не жыве). Яшчэ ён сказаў, што “штаб па вызваленьні закладнікаў ня меў ніякага кіраўніка першыя два дні (1 і 2 верасьня 2004 г.) і наагул штаб ні разу не сабраўся на паседжаньне, сітуацыя не дазволіла”. Ну, гэта няхай фээсбэшнік раскажа лубянскім псіхіатрам, а не дарослым людзям, у якіх пазабівалі дзяцей. Попка ня надта ўдала прыкрывае свайго пахана Пуціна, які і быў якраз тым самым “неіснуючым” кіраўнічком “штабу па выратаваньні”, які лягічна перацёк у “камітэт па масаваму забойству дзяцей”. Ганебная і крывавая маскоўская хлусьня сыпецца на вачах. Вось каму эўрадэпутаты зьбіраюцца зрабіць калядны падарунак на сотні тысячаў эўра дзеля “далейшай барбы”. Курортныя мясьціны часам ярка засьвечваліся ў гісторыі і назаўсёды заставаліся ў памяці народаў сімваламі маштабных падзеяў. Тут і французкі горад Вішы, дзе атабарыўся марыянэткавы прафашыстоўскі ўрад здрадніка французкага народу маршала Пэтэна (вішысцкі рэжым), і Ялта, дзе ў лютым 1945 г. заходнія хаўрусьнікі з лёгкай рукі здалі Сталіну Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу. Цяпер вось чарга Сочаў. 15 сьнежня ў навінах прамільгнулі кадры сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Сочах. За кадрам сказалі, што “зьмест перамоваў невядомы” і пачалі паказваць наступны сюжэт пра птушыны грып. 16 сьнежня “зьмест” стаў вядомы. Крамлёўскі імпэратар сустрэў “на водах” свайго сатрапа і загадаў таму наладзіць авантуру з выбарамі. На лубянцы прышлі да высновы, што далей чакаць немагчыма, бо беларускае грамадзтва з кожным месяцам усё больш усьвядомлівае сутнасьць крамлёўскага акупацыйнага праекту. Ужо на наступны дзень лукашоўская палатка прагаласавала аднагалоска за правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г. Праз тры месяцы! Гэтыя жулікі хочуць захапіць наша грамадзтва зьнянацку. Яны зноў разьлічваюць на трыюмф подласьці і падману. Яны лезуць напралом. Менавіта так рабілі французкія здраднікі-вішысты і бальшавікі-сталінцы. Як памятаем, іхныя авантуры рана ці позна скончыліся поўным правалам.
Янка Базыль