Слуцкі збройны чын – наш гераічны прыклад

26 лістапада 2005 г.

Навіны

Дарагія землякі, дарагія беларусы! Віншую вас са слаўнай гадавінай Слуцкага Збройнага Чыну! 85 гадоў таму нашы народныя змагары ўзьняліся на абарону Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай мільённай арды. Тады ў народзе жыў дух змаганьня за волю, свабоду і Беларусь. І ніхто не лічыў сілы ворага, не рахаваў сябе ў розуме варта змагацца ці не. Ішлі і змагаліся. Ішлі нават бяз зброі з голымі рукамі. Тады ніхто не баяўся вайны за Радзіму. І маці высылалі сваіх сыноў абараняць Бацькаўшчыну, бо трэба было ваяваць за Беларусь. Вось гэтаму – сьмеласьці і змагарнасьці тых людзей – могуць павучыцца цяпер ўсе беларусы. Толькі пры гэтай умове можна абараніць Бацькаўшчыну. Толькі такія людзі здабываюць будучыню і свабоду. Два Беларускія палкі змагаліся супраць расейскіх дывізіяў, ды так, што аж пер’е ляцела з бальшавікоў. Тады расейцы яшчэ больш павялічылі свае сілы і кінулі на фронт дывізіі з людзей азіяцкага паходжаньня з жоўтай скурай. Перад гэтай цьмой, ня маючы дастаткокова зброі, каб перастраляць ворага, беларускія палкі адышлі за рэчку Лань, захаваўшы асноўныя свае сілы. Потым слуцкія змагары далей ўдзельнічалі ў беларускім змаганьні ХХ стагоддзя. Гэта было вельмі няроўнае змаганьне. Вораг быў і з усходу і з захаду. Але, як бы там ні было, у ХХ-м стагоддзі мы вярнулі незалежнасьць Беларусі. Цяпер зноў ужо знутры напаўзае на нашу свабоду маскоўскі гэбізм. Толькі нічога не атрымаецца ў гэтых крамлёўскіх вычварэнцаў. Пройдзе няшмат часу і гэтая старая ардынская імпэрыя разваліцца канчаткова, захлынецца ва ўласнай імпэрскай мярзоце. Аднак вечна будзе жыць Беларусь, йшчэ адродзіцца нашае слаўнае Вялікае Княства Літоўскае, затрапеча на ветры наш Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і па ўсёй нашай вольнай зямлі загучыць наша моцнае беларускае слова. Верма і змагаймася! Так і будзе!

Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 лістапада 2005 года