У 2006 годзе выдаткі на ўтрыманьне арміі будуць павялічаны на 26%. Пра гэта 14 лістапада сказаў прэм’ер рэжыму С. Сідорскі падчас выступу перад вайскоўцамі 120-й механізаванай брыгады ва Ўруччы. *“Дзяржава робіць усё неабходнае для забесьпячэньня арміі сучаснай тэхнікай і ўзбраеньнем. Сярод новых узораў – аўтаматызаваныя сістэмы кіраваньня, рэактыўныя сістэмы залпавага агню “Град” на базе МАЗ, танкі Т-72 з цеплавізарнымі прыцэламі, мадэрнізаваныя ў Баранавічах зьнішчальнікі СУ-27 і МІГ-29БМ. У бліжэйшы час на ўзбраеньне 115-й зенітна-ракетнай брыгады паступяць новыя комплексы С-300” *– сказаў прэм’ер (інфармацыя паводле naviny.by за 14 лістапада). Спадар Сідорскі называе армію беларускай. Але беларускай яна зьяўляецца толькі па складу. Салдаты, малодшыя і сярэднія афіцэры зьяўляюцца беларусамі. Аднак яна не абараняе інтарэсы Беларусі. Яна абараняе інтарэсы Масквы. Лукашэнка незаконна ўключыў беларускае войска ў аб’яднаную вайсковую групіроўку з маскоўскай вайсковай акругай Расеі. Ён паставіў наша войска на службу Маскве. Генэрал Мальцаў, які лічыцца міністрам абароны Беларусі, кадравыя пытаньні ездзіць вырашаць у Маскву. Ключавыя кіруючыя пасады ў арміі займаюць расейскія генэралы. Кожны можа ўпэўніцца, што ўяўляе сабой беларуская армія. Дастаткова пагаварыць з афіцэрам на ўзроўні лейтэнанта ці капітана з нашыўкамі “Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь” і запытацца: “Ці можа беларуская армія абараніць беларусаў ад агрэсіі Расеі?” і “Супраць каго створана аб’яднаная вайсковая групіроўка?” або “Каго вы лічыце ворагам?”. На першае пытаньне пасьля некаторай разгубленасьці ( патрэбны нейкі час, каб гэтае пытаньне дайшло да сьвядомасьці) афіцэр адкажа, як правіла: “Не, ня можа, мы ж з Расеяй у адной аб’яднанай групіроўцы”. На другое (ці трэцяе) адкажа: “НАТО”. Вось што такое “дружба” з Расеяй і пошукі “дэмакратыі” ў Маскве. Вось так нас адразаюць ад нармальных эўрапейскіх суседзяў і заганяюць у расейскі крымінальны мяшок. 300 мільёнаў даляраў выцягне рэжым з кішэняў беларусаў у наступным годзе, каб аплаціць расейскае жалезьзе. У той жа час нашыя хлопцы (ў салдатах) будуць хадзіць ў кірзавых ботах, выкарыстоўвацца расейскімі генэраламі і палкоўнікамі ў якасьці рабсілы.
16 лістапада 2005 г. Сяргей Папкоў