6 лістапада на Кальварыйскія могілкі, дзе пахаваны вядомы мастак і адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту Яўген Кулік, прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек - у асноўным прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама грамадзка-палітычныя дзеячы. Мэмарыял з граніту на магіле мастака і ягонай маці паўстаў дзякуючы ахвяраваньням сяброў і родных Яўгена Куліка. Помнікі з чорнага граніту з крыжамі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на магіле мастака і ягонай маці былі створаныя паводле праекту сябра Яўгена Куліка, жывапісца Віктара Маркаўца. Афіцыйнае адкрыцьцё мэмарыялу, было спэцыяльна прымеркаванае да дзён памяці продкаў “Дзяды”.
Яўген Кулік быў аўтарам праекту варыянтаў бел-чырвона-белага сьцяга і “Пагоні”, якія ў 1991 годзе сталі дзяржаўнымі сымбалямі незалежнай Беларусі. Гаворыць былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які зацьвярджаў нацыянальную сымболіку, а цяпер выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ у Беларусі Юры Беленькі:
(Беленькі: ) “І што б сёньня ворагі не хацелі, як бы яны не хацелі зьнішчыць памяць аб тым, хто падняў гэты сьцяг у самыя цяжкія часы. Калі наступіла адліга падняў гэты сьцяг, увасобіў і калі зноў пайшла нядобрая рэакцыя ізноў трымаў да апошняй хвіліны жыцьця”.
Адкрыцьцё помнікаў скончылася сьпевам гімну “Магутны Божа”. Сёньня ж у менскай галерэі Фальварк “Добрыя мысьлі” адкрылася выстава твораў Яўгена Куліка.
Паводле RFE/RL