Каля паўсотні чалавек узялі ўдзел у шэсьці і жалобным мітынгу ў Лошыцкім Яры, прымеркаваным да Дня памяці продкаў – Дзядоў. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ прайшлі жалобным шэсьцем ад Палацу культуры камвольнага камбінату да памятнага крыжа ў Лошыцкім Яры, усталяваным на месцы расстрэлаў сталінскіх часоў. Людзі несьці кветкі, сьвечкі, бел-чырвона-белыя сьцягі і транспаранты з надпісамі “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй”.
Гаворыць старшыня раённай арганізацыі Партыі БНФ Анатоль Лагутаў.
(Лагутаў: ) “Мінуў яшчэ адзін год пад акупацыяй прамаскоўскага рэжыму. Акупанты вядуць палітыку зьнішчэньня беларускай нацыі. Лошыцкі Яр – месца, якое Зянон Станіслававіч пацьвердзіў фактамі, як і Курапаты. Паглядзіце тут – стаянкі, 2-3 мэтры насыпу. Акупантам не патрэбная беларуская нацыя, не патрэбная краіна Беларусь. Акупантам заўсёды патрэбная тэрыторыя. Адзінае нашае выйсьце на сёньняшні дзень – гэта аддзяленьне ад расейшчыны”.
Сакратар управы Партыі БНФ Валеры Буйвал нагадаў пра гісторыю жалобнага месца – Лошыцкага Яру.
(Буйвал: ) “Лошыцкі Яр побач з Лошыцкай Белай дачай, якая выкарыстоўвалася ў 20-30 гады да самага нямецкага нашэсьця НКВД як катоўня. Больш за ўсё з тых людзей, якіх забівалі тут, гэта менавіта падманутыя людзі. Многія зь іх паверылі расейска-камуністычнай прапагандзе ў Заходняй Беларусі. Яны ўцякалі ў СССР і траплялі са сваіх цягнікоў на Белую дачу ў Лошыцу. А потым іх зьнішчалі і хавалі тут”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Сяргей Папкоў заклікаў удзельнікаў жалобнага мітынгу гуртавацца вакол нацыянальных каштоўнасьцяў.
(Папкоў: ) “Якія разумныя былі нашы дзяды. У гэтыя дні яны ўспамінаюць усіх, хто іх нарадзіў, хто перадаў ім жыцьцё, сваю культуру, сваю мову і свой лад жыцьця. І гэта дае нам упэўненасьць, што мы – не апошнія, што за намі ідуць маладыя, якім мы перадаем сваё, дадаем тое, што далі нам Дзяды. Ніякія ворагі не змогуць зьнішчыць на нашай роднай зямлі наш дух і наша жыцьцё”.
Сёньня памяць ахвяраў сталінскага тэрору ўшанавалі і сябры Таварыства Беларускай мовы. Яны ўсклалі вянок да крыжа “Ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсій”. Гаворыць актывістка ТБМ Тамара Грузнова
(Грузнова: ) “Мы заўсёды на Дзяды прыходзім сюды памянуць нашых дзядоў, якія памерлі за нашу свабоду. Перад гэтым мы заўсёды прыходзім сюды, сьмецьце зьбіраем, клюмбы прыбіраем, каб парадак быў”.
Сёньня ў Лошыцкім Яры традыцыйна гучаў “Магутны Божа!”
Паводле RFE/RL, 5 лістапада 2005