Зянон Пазьняк. Рускі фашызм

30 кастрычніка 2005 г.

Навіны

Прамаскоўскі Рэжым Лукашэнкі і Гэбэ і асабліва рэжым Пуціна шпаркімі крокамі ідуць да русіфікацыйнага фашызму. Гэта ўжо заўважылі нават на Захадзе, тыя хто ўмее бачыць рэальнасьць. Ніжэй падаем матэрыялы, якія характэрна ілюструюць праявы рускага фашызму ў Беларусі.

У Жодзіне невядомыя зьдзейсьнілі напад на кватэру актывістаў Лапіцкіх. Міхаіл Стэльмак, Менская вобласць. Жодзіна. Напад адбыўся апоўначы. Распавядае Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Сёньня каля нуля гадзінаў у шыбу былі кінутыя ёмістасьці з чорнай фарбай. Было два кідкі. Адзін у сярэдзіну акна, другі дакладна ўніз акна. Акно адразу вывалілася. Фарба запэцкала шыбу і вылілася на падваконьнік. Была тэрмінова выкліканая міліцыя. Я і жонка выскачылі на двор. Я абабег вакол дому — нікога не заўважыў. Але ля першага пад’езду былі суб’екты, мы іх затрымалі. Пад’ехала міліцыя, пачала рабіць апытаньні, фатаграфавалі, быў экспэрт міліцыі”.

Што думаюць пра здарэньне жодзінскія міліцыянты? Гаворыць супрацоўнік аддзелу дазнаньня Вячаслаў Навадворскі:

(Навадворскі: ) “З боку міліцыі праводзіцца праверка па гэтым факце. Сур’ёзная праверка. Падключаны ўсе службы. Працуем. Пакуль я нічога на гэты конт сказаць не магу”.

Гэта ўжо трэці напад на кватэру Лапіцкіх за апошні тыдзень. 18 кастрычніка вокны іх кватэры былі закіданыя яйкамі з чырвона-карычневай фарбай. Мінулай ноччу кватэра была абстраляна, паводле спадара Лапіцкага, з пнэўматычнай зброі. Сям’я Лапіцкіх зьвязвае гэтыя дзеяньні невядомых найперш зь нядаўняй перамогай у канфлікце з Жодзінскім гарвыканкамам, які тычыўся патрабаваньня беларускамоўнага навучаньня для 9-гадовага Янкі Лапіцкага. Гаворыць Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “17 кастрычніка ён пачаў афіцыйна хадзіць у школу. А 18-га адбыўся напад. Камусьці вельмі не спадабалася атрыманая ў Жодзіне перамога і што ў нас ад гэтага быў добры настрой. Падобнае адбывалася ў 2000 годзе. Гэтым займалася групоўка БРСМ—РНЕ, як мы іх называем, бо там былі вядомыя асобы, якія ладзілі правакацыі ў часе Маршу Свабоды ў Жодзіне”.

(Радыё “Свабода”, 25 кастрычніка 2005 г.)

Джэймс Вулсі пра Расею. Былы кіраўнік амэрыканскай няўрадавай арганізацыі “Freedom House”, былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі на пытаньне карэспандэнта радыё “Свабода” пра Расею сказаў:

(Вулсі: ) “Нам трэба зьмяніць эканамічны падмурак адносінаў паміж Расеяй і рэштай сьвету, пазбаўляючыся залежнысьці ад нафты. Дарэчы тое ж самае тычыцца адносінаў Саудаўскай Арабіі з рэштай сьвету. Адна з прычынаў, чаму эўрапейцы так прыязна паводзяць сябе ў адносінах да Расеі, гэта тое, што Расея мае шмат нафты. Разам з былым дзяржсакратаром ЗША Джорджам Шульцам мы падрыхтавалі справаздачу, у якой прапануем вельмі хутка пераходзіць на выкарыстаньне гібрыдна-электрычных аўтамабіляў, асабліва з функцыяй хуткага падключэньня, каб палову энэргіі, яны атрымоўвалі з электрасеткі. Мы прапануем як мага хутчэй з урадавай падтрымкай пераходзіць на розныя віды біяпаліва – такія, як этанол з цэлюлозы, дызэльнае паліва з адкідаў. Калі цягам наступнага дзесяцігодзьдзя ня толькі Расея, але й Саудаўская Арабія ды іншыя дзяржавы, якія здабываюць нафту, пабачаць, што імпартэры маюць усё менш патрэбы ў іхнай нафце, калі яны пабачаць, што паляпшаецца сытуацыя са спажываньнем паліва і з альтэрнатыўнымі відамі паліва, тады яны будуць сябе паводзіць больш памяркоўна. І прэзыдэнт Пуцін, і саудаўцы лічаць, што маюць кантроль над рэштай сьвету, дзякуючы сваім запасам нафты і сваёй пазыцыі двух найвялікшых экспартэраў нафты. Мы павінныя зрабіць усё магчымае, каб пазбавіць іх гэтай крыніцы улады”.

(Радыё “Свабода”, 25 кастрычніка 2005 г.)

ФАШЫЗАЦЫЯ РЭЖЫМУ

Фашызм як і камунізм зьява на Беларусі чужародная, паходзіць з Расеі, адбівае расейскія інтарэсы, інсьпіруецца расейскай агентурай. Цяпер дзеяньні супраць беларускай культуры робяцца пасьлядоўна і агрэсіўна, паўсюдна падтрымліваюцца існуючай уладай. Вось некалькі фактаў за апошнія два дні: 27 – га кастрычніка лукашэнкаўскія «палаткі» прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб супроцьдзеяньні экстрэмізму». Але зь яго вынікае, што ўсялякая грамадзка-палітычная дзейнасьць можа па гэтым законе прыраўнівацца да «экстрэмізму». Генэрал-маёр КГБ В. Дземянцей афіцыйна заявіў у «палатках»: “Ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць пра тое, што асноўным аб’ектам памкненьня спэцслужбаў замежных краінаў, прынамсі, амэрыканскіх, зьяўляецца дэстабілізацыя сытуацыі ў Беларусі. Выпрацавана пэўная тактыка, ажно да інтэрвэнцыі”. (Такія глупствы звычайна гаворацца для апраўданьня ўнутранных рэпрэсіяў.) Улады не дазволілі правесьці зьезд ТБМ у Доме Літаратара ў Менску. Пры гэтым нехта пабіў у ТБМ дзьверы і шыльду. Раздача партыйных газэтаў і літаратуры рэжым прыраўняў да хуліганства. За распаўсюджваньне партыйных газэтаў быў арыштаваны і засуджаны вядомы віцебскі змагар з рэжымам фронтавец Уладзімер Плешчанка.

(Паводле радыё і газэтаў)
Тамаш Ракса