Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік” . Асабістымі развагамі пра пражытае і перажытае на мінулым тыдні дзеліцца Валеры Буйвал — мастацтвазнаўца, літаратурны перакладчык, прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ.
**Нядзеля, 16 кастрычніка **
Нехта з гісторыкаў напісаў быў у мінулым стагодзьдзі, што ў асэнсаваньні драмы Пэляпанэскай вайны для яго цікавей было б пазнаёміцца не з “Гісторыяй” Фукідыда, а з мэмуарамі раба Фукідыда (зь дзёньнікам зоркі ня першай велічыні, а малюпасенькай іскаркі ў цемры часу, што зіхаціць, згаснуўшы даўно). Цікава, як жа будзе сьвяціцца наш час праз тысячагадовыя адлегласьці, ці заўважаць зямныя істоты нашае сузор’е — ягоны заблытаны рысунак, ягонае няроўнае зьзяньне, аточанае глухой цемрай? Можа, перадавая навука створыць нават авангардную дысцыпліну — палітычную астраномію?
Лезе ўсялякае ў галаву…
Паўстагодзьдзя пражытага жыцьця — ясна, што не галяктычныя памеры існаваньня, дробязь і пшык на фоне вечнасьці. А ўсё ж прыемна, што ўдалося пабачыць сьвет, людзей, шэдэўры мастацтва (“Сыкстынскую Мадонну” Рафаэля, “Майсея” Мікелянджэлё, старонкі ірляндзкай Бібліі “Book of Kells”, залатую пагаду Шуэдагон у Рангуне…), стацца разам са сваім пакаленьнем сьведкам цывілізацыйных катаклізмаў і шараговым удзельнікам працэсу развалу адной фэадальнай імпэрыі. Я мог бы сказаць далёкім нашчадкам: “чытаю радкі быкаўскіх твораў, а ў душы гучыць не адзін раз чуты, жывы голас Васіля Ўладзімеравіча”.
Восень жыцьця, як і кастрычнік на двары, дыктуе свае законы. Гэта вам не прадвесьне, поўнае спадзяваньняў і ілюзіяў, лёгкіх думак і рэзкіх дзеяньняў. Але і ў восеньскім краявідзе свая яркасьць і краса, трэба радавацца сабранаму ўраджаю досьведу і стабільнасьці абранага шляху.
**Панядзелак, 17 кастрычніка **
Едзем з Таняй у Сьмілавічы. Мястэчка згадваецца ва ўсіх сур’ёзных энцыкляпэдыях. Маленькі беларускі Ерусалім. Радзіма экспрэсіяніста сусьветнай славы Хайма Суціна, які жыў у майстэрні ў Парыжы побач з Пікасо і маляваў бычынай крывёй, шукаючы чырвоную дамінанту на сваіх палотнах. У іншай краіне вялікаму габрэйскаму суайчыньніку стаяў бы бронзавы помнік, і ня толькі на малой радзіме, а і ў сталіцы (замест якога-небудзь Калініна ці Кірава).
У сёньняшніх Сьмілавічах шмат сонца, мала людзей, ціша — можа гэта ад стомленасьці сваёй уласнай гісторыяй? Аднак наша мэта — старыя могілкі за межамі мястэчка. Месяц таму памёр Ібрагім Канапацкі, адзін з інтэлектуальных лідэраў сёньняшняй Беларусі. Кладзем на магілку кветкі. Чытаю мусульманскі сымбаль Веры, што арабскай вязьзю накрэсьлены на кожным надмагільлі Ібрагімавых сваякоў і суседзяў — словы аб Богу, міласьцівым і чалавекалюбным. Менавіта спадар Ібрагім навучыў мяне чытаць арабскае пісьмо, адкрыў багацьце Кур’ану, зусім невядомае мне, постсавецкаму чалавеку. Мусульманскія пахаваньні побач з могілкамі праваслаўных сьмілаўцаў. А часам крыж стаіць побач з кур’анічнай плітой (ня ведаю, ці можна ўбачыць такое яшчэ ў якім кутку сьвету?!). Гэта — сямейнае пахаваньне, людзі жаніліся, жылі разам, і пажадалі пасьля сьмерці быць побач. Тут ня проста “талерантнасьць”, а нешта больш значнае.
Цуд Гасподні! Вітаўт Вялікі пасяліў татараў на нашай зямлі ўжо сем стагодзьдзяў таму. А гэты, здавалася б, чужы этнас пачаў пісаць па-беларуску арабскімі літарамі свае Аль-Кітабы і захаваў спрадвечныя формы беларускай мовы, якія без татараў забыліся б даўным-даўно. Якая пазытыўная энэргія ў нашай зямелькі, якая станоўчая моц!
Пра гэта думалася над магілай выдатнага беларуса Ібрагіма.
**Аўторак, 18 кастрычніка **
На аўтавакзале пасярод мітусьні разгаварыўся зь дзядком, які чакаў свайго аўтобуса (і вось не спытаў, адкуль ён, як ягонае імя?). Гэты вэтэран не праклінаў нацыяналістаў і не заклікаў да славянскага адзінства. Наагул, рарытэтны тып, такіх засталося зусім мала. Ён удзельнічаў у фінскай вайне 1939—1940 гадоў. Маскоўская імпэрыя пагнала тады беларускіх юнакоў і мужчын (ня першы і не апошні раз) у першых шэрагах на заваяваньне чужой тэрыторыі, на скарэньне іншага народу.
Днямі па тэлевізіі паказвалі дзьвюхсэрыйную стужку, створаную фінскімі кінамастакамі да 50-х угодкаў тых падзеяў. Шэдэўр быкаўскага драматычнага рэалізму па сваім стылі і духу. Лёс аднаго батальёну фінскіх добраахвотнікаў, які трымаў фронт, адбіваючы атакі савецкіх дывізіяў. Саветы адным са сьнежаньскіх дзён п’яным рыкам і стралянінай сьвяткавалі дзень народзінаў свайго сатаны Сталіна. А праз колькі дзён па ўсім фронце над фінскімі пазыцыямі магутна гучэлі гімны ў славу Хрыста — эўрапейскі народ сустракаў Каляды. Вось кантраст, які ўбачылі нашыя дзяды ў Запаляр’і і Карэліі.
Дзіва, але ў майго дзядка няма нянавісьці да тых фінаў (фіны, пэўне ж, ня немцы). Згадваючы былое, ён прыбадзёрваецца і гукае: “Фіны! Вось гэта ваякі! Стралкі, лыжнікі, як ваявалі!..”
Успомнілася й мне, як пагналі нас на бранку пад “Прощание славянки” за дзьве тысячы кілямэтраў у Скандынавію на нарвэскую мяжу. Няма вайны, а кантраст той жа: на расейскім баку панаваньне чорнай і шэрай фарбаў, п’янь, бруд і мацюкі. Некалькі сотняў мэтраў — і на тых жа камянях вясёлыя белыя і чырвоныя домікі нарвэжцаў, арганізаванасьць і парадак. Так хацелася гукнуць нешта свайму равесьніку за калючым дротам — “патэнцыйнаму ворагу з НАТО”. Я ўжо тады ўмеў чытаць па-нарвэску іхнага Ібсэна і быў гарачым прыхільнікам нарманскай тэорыі нашай гісторыі.
**Серада, 19 кастрычніка **
Дзень кабінэтнай працы. Каталіцкі часапіс “Наша Вера” запрапанаваў весьці рубрыку пад тытулам “Галерэя”. Гэта значыць, расказ аб адной карціне, каб з часам склалася часапісная галерэя твораў. Няма большай радасьці для мастацтвазнаўцы за гэты дыялёг. Карціна, як жывая істота, як крыніца праўды і прыгажосьці, як сьвет у сабе. Ужо напісаў быў пра творы Дурэра і Бэліні, Босха і Тржэбоньскага Майстры. Сёньня — дыялёг з Нуна Гансалвэшам, найвялікшым жывапісцам Партугаліі эпохі Адраджэньня.
Дыялёг наладзіўся. Героі Гансалвэша на нячутнай мове жывапісу распавядаюць пра свой час і сваю краіну, пра народ, што ледзь ня зьнік, ледзь не растварыўся ў засені вялікага гішпанскага суседа, які падмяў і падпарадкаваў іншых жыхароў Пірэнэйскага субкантынэнту: баскаў, каталёнцаў, астурыйцаў. Але партугальцы здолелі абараніць сваю незалежнасьць, мову, культуру і традыцыю. Цяпер Партугалія — дэмакратычны дзяржаўны арганізм, салідарны народ, верны сваёй культуры.
Дыялёг вядзе далей, да навуковай фантастыкі (хаця гэта й забаронены шлях у мастацтвазнаўчай навуцы). Было б цудоўна, калі б у нашым сталічным мастацкім музэі захоўваўся шэдэўр якога-небудзь равесьніка Скарыны — партрэтны вобраз эліты беларускага Рэнэсансу: Радзівілы, Сапегі, Пацы, Глябовічы вакол патрона Вільні сьвятога Хрыстафора…
**Чацьвер, 20 кастрычніка **
Прыехалі італьянскія сябры з арганізацыі “Дапаможам ім жыць”, якая пазнаёміла з Італіяй тысячы беларускіх дзяцей і працягвае аказваць гуманітарную дапамогу нашым людзям. Некаторыя ўпершыню ў Беларусі. А дзьве сыньёры з гораду Равэрэта Адрыяна і Рабэрта ўжо прайшлі ўрокі беларусаведы з нашай дапамогай. Іх ужо не зьдзіўляе, што на правінцыі ў нас можна сустрэць касьцёлы барока, якія і Рым упрыгожылі б. Што Рэнэсанс у Вялікім Княстве ўкараняла іхная зямлячка Бона Сфорца. Што з тае пары, нягледзячы ні на што, італьянская традыцыя жыве ў беларускай культуры. А італьянскія словы palazzo, piazza, castello дагэтуль гучаць у нашай мове і даўно сталіся нам роднымі.
Мы наведваем сем’і, дзе жывуць дзеці-інваліды. Бацькі ня хочуць здаваць гэтых дзяцей у дзяржаўныя прытулкі, браты і сёстры ня хочуць разьвітвацца з малымі, якія, здавалася б, павінны ствараць дыскамфорт у штодзённым жыцьці. Салідарнасьць блізкіх людзей уражвае. Думаеш пра тысячы іншых сем’яў, дзе ўсе нібыта здаровыя і дзелавыя. А ўсё ў іх рассыпаецца, нішто не злучае гэтых у прынцыпе чужых людзей. Як пераадолець адчужэньне ў нашым грамадзтве? Як абудзіць інстынкт (менавіта інстынкт) чалавечай і нацыянальнай салідарнасьці? Мабыць, трэба дзейнічаць “паводле аналягаў”: азірнуцца на сваю славутую мінуўшчыну, павучыцца ў тых жа партугальцаў і італьянцаў, як быць самім сабой і ня блытацца паміж Масквой і Варшавай.
Пятніца, 21 кастрычніка
За штодзённымі клопатамі мяне не пакідае пачуцьце (можа прадчуваньне), што мы стаім на парозе лёсавызначальных падзеяў. Плянэта Беларусь завяршае пэўны цыкль на сваёй арбіце. Пра гэта напісаў Зянон:
Якое чырвонае неба на ўсходзе, Залоціцца кніг пераплёт, Дзе напісана, Як зьменіцца ўсё на Зямлі.
Адзін дзень у тваёй біяграфіі, адзін дзень у жыцьці народу — пясчынка ў клепсыдры. Але так ня хочацца, каб гэты дзень прамінаў марным эпізодам. Для ўсіх нас, што жывуць у Беларусі, ёсьць столькі стваральнай працы дзеля будучыні. Не змарнуйма ж часу!
Паводле Радыё Свабода (21.10.05) Валеры Буйвал, Менск