Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Псэўдаапазыцыя гуляе ў небеларускую палітыку

Заява

1-2 кастрычніка ў Менску адбыўся так званы “кангрэс дэмакратычных сілаў”. Папярэдне арганізатары паведамлялі ў СМІ, што на мерапрыемства зьбяруцца 400 дэлегатаў. Аднак, у дзень адкрыцьця мерапрыемства дэлегатаў зарэгістравалася ўжо больш за 800. Можна меркаваць, што ў апошні момант “дэлегатаў” сьпешна зьбіралі іншым чынам. Гэтая рыса і шмат чаго іншага сьведчыць аб тым, што мерапрыемства пад назвай “кангрэс” было чарговым шумным шоў антыбеларускай псэўдаапазыцыі.
Арганізатары і ўдзельнікі шоў актыўна падкрэсьлівалі, што ўсіх іх аб’яднала “нелюбоў да Лукашэнкі”. Калі гэта нават і праўда, то больш нічога агульнага ў такіх стракатых, розных палітычных і ідэялягічных групоўках не магло быць (сабраліся камуністы, сацыялісты некалькіх сацыялістычных партыяў, лібэралы і яшчэ дзесяткі розных прадстаўнікоў, якія займаюцца палітычным бізнэсам). Яны ня раз заяўлялі на “кангрэсе” пра сваю вернасьць агульнай дэмакратыі, “демократии вообще”. Яны не забываліся час ад часу заявіць пра “незалежнасьць Беларусі”. Але іхныя словы пра патрыятызм, як заўсёды, ёсьць нічым іншым як рытуальнай рыторыкай. Сымвалічным было адкрыцьцё “кангрэсу”, у зале якога арганізатары афіцыйна не ўсталявалі аніводнага нацыянальнага беларускага Бел-Чырвона-Белага сьцяга, пад якім беларускія патрыёты з 1988 г. вядуць барацьбу за вызваленьне Беларусі. Мерапрыемства адкрыў прамовай на расейскай мове (мове акупантаў Беларусі) старшыня аргкамітэту А. Бухвостаў. І гэта не выпадкова. Ён і іншыя арганізатары “кангрэсу” (А. Лебедзько, А. Дабравольскі, В. Вячорка ды інш.) у апошнія гады рэгулярна езьдзяць у Маскву, дзе даюць інфармацыю расейскім дзяржаўным структурам і спэцслужбам ды атрымліваюць ад іх парады і прапановы. Згаданыя асобы ўжо заяўлялі пра тое, што яны “зробяць інтэграцыю Расеі і Беларусі лепш за Лукашэнку”. Вядома, што ўся гэтая “аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя” была ўтворана на прыканцы 1990-х гадоў сумеснымі намаганьнямі палітслужбаў Расеі і Нямеччыны з мэтай аслабленьня нацыянальнага супраціву беларускага народу, дэзынфармацыі і дэзарыентацыі беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, з мэтай расколу і зьнішчэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Сёлетні “кангрэс” зьявіўся толькі чарговай псэўдакцыяй гэтых псэўдадэмакратаў. Іх аб’ядноўвае адно – жаданьне атрымаць за сваю прыстасавальніцкую дзейнасьць гранты з Захаду і Усходу. Лёс Беларусі, нашага народу іх не цікавіць. Яны гатовыя выканаць любую каманду з Масквы і Брусэлю, хоць бы яна была не на карысьць Беларусі.
Стракатыя “дэмакраты” абралі так званага “адзінага кандыдата”, які, паводле іхніх заяваў, “будзе супрацьстаяць Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе”. Гэта – А. Мілінкевіч, якога “незалежная” (ад Беларусі) прэса называе “нацыяналістам, фронтаўцам і патрыётам”. Мусім паведаміць, што А. Мілінкевіч ніколі ня быў сябрам Беларускага Народнага Фронту. Менавіта ягоная дзейнасьць прывяла да дэзарганізацыі структураў Фронту у Горадзенскай вобласьці, дзе ён займаўся палітычным бізнэсам. А. Мілінкевіч шэраг гадоў узначальвае так званы “рэсурсны цэнтар апазыцыі”. Гэта значыць, ён распараджаецца вялікімі грашовымі плынямі, разьмяркоўвае гранты, вырашае, каму даць грошы, а каму ня даць. І адбываецца гэтая “апазыцыйная фінансавая” дзейнасьць ва ўмовах дыктатарскага рэжыму, які забараніў і разграміў шэраг беларускіх газэтаў, часопісаў, вучэльняў, школаў і г.д. А. Мілінкевіч жа беспраблемна вядзе сваю дзейнасьць. Відавочна, што прамаскоўская дыктатура зацікаўленая ў існаваньні такога “цэнтру”. Менавіта А. Мілінкевіч зь ягоным цэнтрам фінансава забясьпечваў кампанію псэўдаапазыці ў кастрычніку 2004 г., калі “апазыцыянэры” разам з рэжымам заклікалі народ ісьці на псэўдарэфэрэндум і “сказаць сваё НЕ Лукашэнку” (гэтым яны забясьпечылі неабходны кворум і магчымасьць дыктатуры сфальшаваць вынікі галасаваньня). Пасьля свайго абраньня “адзіным кандыдатам” А. Мілінкевіч зрабіў некалькі туманных заяваў, з якіх цяжка зразумець ягоную пазыцыю. Адзінае, што абсалютна ясна ў ягонай палітычнай пазыцыі – гэта непрызнаньне факту, што Расея вядзе супраць Беларусі агрэсію, што з боку Расеі ёсьць пагроза нашаму суверэнітэту і незалежнасьці. Для А. Мілінкевіча Расея – “добрый партнёр” і ўсё. Журналісты і сьведкі фінальнай часткі “кангрэсу” пасьпелі ўбачыць, што псэўдаапазыцыйнага “кандыдата” ахоўваюць маладыя афіцэры КГБ. А. Мілінкевіч нават не хавае гэтага і публічна выказаў падзяку “ворганам грамадзкага парадку” і асабіста старшыні КГБ С.М. Сухарэнку (Газэта “Народная Воля”, 7 кастрычніка 2005 г.). А. Мілінкевіч і тыя, хто стаяць за ім – падстаўная псэўдаапазыцыя, якая падманвае беларусаў псэўдаапазыцыйнай рыторыкай і спрыяе здачы Беларусі пад акупацыю расейскаму імпэрыялізму.
Нават у тактычным сэнсе “кангрэс” быў акцыяй прамаскоўскай гульні, таму што ўжо цяпер яшчэ адзін псэўдаапазыцыйны дзеяч А. Казулін зрабіў афіцыйную заяву аб тым, што не прызнае “адзінага” і сам будзе кандыдаваць на прэзыдэнта. Далей такіх заяваў і кандыдатаў зьявіцца яшчэ больш. Усё гэта на справе робіцца не супраць Лукашэнкі, а галоўнае – каб заблытаць грамадзтва і адвесьці ягоны пагляд ад рэальнага кандыдата беларускай нацыянальнай дэмакратыі і беларускага народа – Зянона Пазьняка, бо толькі гэты кандыдат сапраўды выяўляе ідэю і інтарэсы вольнай Беларусі і дэмакратычнай беларускай нацыі. Аналіз сітуацыі паказвае, што Масква зрабіла стаўку на Лукашэнку (лепшага “інтэгратара”, лепшай марыянэткі Маскве ня трэба). Масква нядаўна дала Лукашэнку вялікі крэдыт, які той павінен выкарыстаць на сваю перадвыбарчую кампанію і захаваньне пэўнай стабільнасьці ў Беларусі на гэты пэрыяд. “Кангрэс” – гэтая шумная і бязглуздая акцыя псэўдаапазыцыі ў рамках існуючага прамаскоўскага рэжыму была дапушчана і праведзена з маскоўскім прыцэлам. “Адзіны кандыдат” будзе актыўна забясьпечваць Лукашэнку чарговую “элегантную перамогу” на чарговых сфальшаваных выбарах.
Нас зьдзівіў факт прысутнасьці на “кангрэсе” шэрагу прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі. Зьдзіўляе таксама факт актыўнага віншаваньня “кангрэсу” з боку замежных дэмакратычных партыяў і кіраўнікоў. Замест уважлівага аналізу фактаў і падзеяў у Беларусі палітыкі дэмакратычных краінаў бяздумна падтрымліваюць чарговую акцыю дыктатарскага рэжыму і расейскіх спэцслужбаў.
Дыктатарскі рэжым на Беларусі ня мае будучыні, расейская імпэрыя развальваецца. Гістарычны працэс ня ўдасца спыніць або павярнуць назад. Беларускія патрыёты будуць абараняць незалежнасьць Беларусі ад расейскага імпэрыялізму і ягоных паслугачоў, нягледзячы на тупіковае неразуменьне сітуацыі шэрагам замежных палітыкаў.
Няма веры падстаўным і прадажным псэўдаапазыцыянэрам. Толькі народная Беларуская Салідарнасьць на грунце Беларускай ідэі і беларускай вольнай дзяржавы ёсьць шляхам да вызваленьня і дэмакратыі ў Беларусі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
9 кастрычніка 2005 г.
Менск

10/10/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2005
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024