За віншаваньне з Днём вайсковай славы - па 4 мільёны штрафу

12 верасня 2005 г.

Навіны

Амаль па 4 мільёны штрафу атрымалі віцебскія сябры БНФ за тое, што віншавалі землякоў з Днём беларускай вайсковай славы. 8-га верасьня чацьвёра віцебскіх актывістаў зладзілі віншавальны пікет на вуліцы Леніна, дзе іх і затрымала міліцыя.

Судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Натальля Грабянчук, якая перанесла разгляд справы затрыманых 8-га верасьня апазыцыянэраў на сёньняшні дзень, абвясьціла вырак усім удзельнікам віншавальнае акцыі.

Віцебскія сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Уладзімер Плешчанка ды Аляксандар Салаўян, рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда і прадпрымальнік Сяргей Міркушоў атрымалі штрафы па 150 базавых велічыняў (па 3 мільёны 825 тысяч рублёў).

Як кажа Барыс Хамайда, судзьдзя Натальля Грабянчук параіла апазыцыянэрам не пагаджацца з такімі прысудамі.

(Хамайда: ) “Усё вельмі хутка адбылося. Нас судзьдзя выклікала па адным, і ўсім прысудзіла па 150 базавых. Яна казала “Чаму ж вы не абскарджваеце? Трэба ж лічыцца з абставінамі, умовамі, тое-сёе…” Я кажу: “Пакуль краіна ня вернецца ў канстытуцыйнае поле, ніякіх абскарджваньняў ня будзе!”

Гэтая пазыцыя апазыцыянэраў ёсьць прынцыповай. Судовыя выракі яны не аспрэчваюць, хаця кожны з іх, з улікам папярэдніх, мае ўжо па некалькі тысяч даляраў нясплачаных штрафаў. Аднак судзьдзі штораз абвяшчаюць усё новыя грашовыя пакараньні, хаця ім вядома, што спадары Хамайда, Салаўян ды Міркушоў ёсьць беспрацоўнымі, а спадар Плешчанка атрымлівае толькі пэнсію па інваліднасьці, так што сплаціць такія вялікія сумы для іх немагчыма.

Паводле RFE/RL, Браніслава Станкевіч, Віцебск