Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы вынік тэндэру Эўрапэйскай Камісіі, паводле якога кантракт на радыёвяшчаньне для Беларусі быў перададзены расейскай службе радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”:
• прызнае патрэбу міжнароднай дапамогі дзеля стварэньня альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі для жыхароў Беларусі, якія напрацягу дзесяцігодзьдзя застаюцца ізаляваныя ад аб’ектыўнай інфармацыі і знаходзяцца пад уздзеяньнем хлусьлівай прапаганды рэжыма А. Лукашэнкі;
• вітае гатовасьць эўрапэйскіх інстытуцыяў дапамагчы беларускаму народу ў гэтай справе.
• сьцьвярджае, што пашырэньне дэмакратычнай палітычнай культуры на падставах эўрапэйскіх стандартаў і вартасьцяў, а таксма ўмацаваньне сьвядомасьці адзінства беларускай нацыі з сям’ёй дэмакратычных нацыяў Эўропы ёсьць падставовым прынцыпам ды задачай дасягненьня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
Адначасова, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
• зазначае, што пытаньне беларускай мовы ёсьць неабходнай умовай дэмакратызацыі краіны. У сувязі з гэтым пашырэньне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай культуры на грунце эўрапэйскіх стандартаў вымагае заахвочаньня ў грамадзкай сьвядомасьці усіх тых аспэктаў нацыянальнай спадчыны, што лучаць Беларусь з Эўропай. Гэта кантрастуе са спадчынай савецкай русіфікацыі ў грамадзкім жыцьці Беларусі, ды з палітыкай сучаснага рэжыму, які, пасьля прыходу да ўлады ў 1994 г., дзеля сваіх палітычных мэтаў заахвочвае ды гвалтоўна накідае новую русіфікацыю;
• назірае, што заахвочаньне разуменьня адзінства Беларусі з Эўропай было пасьпяховым выключна на грунце нацыянальнай сьвядомасьці і грамадзкай культуры, якія гістарычна паўсталі ва ўмовах эўрапэйскага кантэксту, ды захавалі сьвядомую прыналежнасьць да яго. У супрацьлегласьць гэтаму, нішто з тае грамадзкае спадчыны, якую Беларусь дзеліць з Савецкім Саюзам або Расейскай Імпэрыяй, не ўзгадоўвае сьвядомасьці роднасьці з Эўропай. З гэтай прычыны пануючы сёньня ў Беларусі рэжым насаджае ўсе аспэкты савецкай/расейскай спадчыны.
• сьцьвярджае, што да выбару мовы радыёпарадачаў, што факт шырокага ўжываньня расейскай мовы ў Беларусі пад чужынскім панаваньнем ды пад рэжымам Лукашэнкі яшчэ ня робіць гэтую мову найбольш адпаведнай для названых вышэй задачаў. Беларуская мова таксама агульна зразумелая (аб чым сьведчаць зьвесткі афіцыйных перапісаў) і захоўвае статус афіцыйнай мовы ў краіне. Паколькі мовам у Беларусі ўласьціва гістарычна-палітычная матываванасьць, выбар мовы ня можа быць палітычна-нэўтральным;
• дадаткова зазначае адносна ужываньня расейскай мовы у фінансаваных Эўрапэйскай Камісіяй радыёперадачаў для Беларусі, што гэткія падвойныя стандарты адносна роднай мовы нацыі - у параўнаньні з падыходамі, ужыванымі да суседніх краінаў - неапраўданыя і непрыймальныя. Напрыклад, “Нямецкая Хваля” мае асобную ўкраінамоўную службу, нягледзячы на параўнальны з беларускім узровень русіфікацыі ва Ўкраіне. Вышэйузгаданае таксама пярэчыць усяму досьведу пасьпяховай дэмакратызацыі ў суседніх пост-камуністычных краінах, якая нязьменна ўключала адахвочаньне савецкай спадчыны ва ўсіх праявах грамадзкага і палітычнага жыцьця, ды замацаваньне новай нацыянальнай эўрапэйскай тоеснасьці на грунце гістарычных нацыянальных культураў;
• заўважае, што названае рашэньне выклікала ў Беларусі рэакцыю пратэсту, асабліва сярод палітычна-актыўнай часткі грамадзтва; гэтае рашэньне шырока разглядаецца як фактар захаваньня спадчыны савецкай русіфікацыі ў Беларусі і, як вынік, працягу цяперашняй палітычнай стагнацыі.
З увагі на зазначанае вышэй, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
робіць выснову, што ў цяперашніх умовах праект вяшчаньня на Беларусь не па-беларуску ня будзе эфэктыўны ў дасягненьні сваіх мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэньне, уласьцівае ў рэаліях Беларусі расейскай мове востра супярэчыць сутнасьці яе прызначэньня
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае шкадаваньне аб рашэньні Эўрапэйскай Камісіі ўхваліць радыёвяшчаньне для Беларусі ў яго сучасных моўных парамэтрах, да настойліва заклікае да тэрміновага перагляду гэтага рашэньня, каб фармат радыёвяшчаньня адпавядаў мэтам дасягненьня дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.