- (Адкрыты ліст да грамадзянаў Беларусі)*
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ разглядзеў пытаньне аб палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі і адзначае, што паўнамоцныя прадстаўнікі Эўразьвязу ў сваіх прапановах дапамогі беларусам кіруюцца не інтарэсамі справядлівасьці і дэмакратыі, а толькі патрэбамі Эўразьвязу і інтарэсамі паасобных краінаў, што ў яго ўваходзяць. Сьведчаньнем гэтакай пазыцыі зьяўляецца ігнараваньне прадстаўнікамі і структурамі Эўразьвязу беларускай мовы – галоўнай каштоўнасьці і галоўнай умовы беларускай дэмакратыі. Яны ня хочуць прызнаваць відавочнае, што нацыянальны ўціск прамаскоўскага лукашэнкаўскага рэжыму і душэньне беларускай мовыёсьць галоўнае і самае грубае парушэньне правоў чалавека і жыцьцёвага права Беларускай нацыі.
Гэтакая пазыцыя непрызнаваньня выяўлена ў рашэньні Эўракамісіі даручыць вяшчаньне на Беларусь тэлерадыёстанцыі “Нямецкая хваля” на … расейскай мове. Прапановы тых радыёстанцыяў, якія плянавалі вяшчаньне па-беларуску, былі Эўракамісіяй адкінутыя.
Вось такую “дапамогу” брусэльская бюракратыя плянуе для беларускіх змагароў, якіх акупацыйны рэжым Лукашэнкі (АМАП) зьбівае на вуліцах за гаворку па-беларуску, забараняе выступы беларускіх музычных гуртоў і сьпяваньне па-беларуску, зачыніў радыёстанцыі на беларускай мове, зачыніў беларускія школы, спаліў беларускія падручнікі для школаў, ліквідаваў беларускія выдавецтвы для дзяцей і юнацтва, зачыніў дзіцячыя беларускія часопісы і г. д. У гэтым найбольш выяўляецца антылюдзкая сутнасьць акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і парушэньне правоў людзей.
“Я не разумею, — піша ў адным зь лістоў у адказ кіраўніца расейскай рэдакцыі “Нямецкай хвалі” Карнэлія Рабітц, — чаму ўсе засяродзіліся на пытаньні мовы вяшчаньня” (CorneliaRabitz@dw-world.de). Калі фраў Рабітц не разумее справы, то ёй ня трэба гэтай справай займацца. Такі вывад вынікае з гэтакага прызнаньня. “Для нас тут ў камандзе перш за ўсё важным ёсьць зьмест праграмы,” – прадаўжае фраў Рабітц у савецкім духу. І далей: “У рэдакцыю “Нямецкай хвалі” прыходзяць вельмі шмат крытычных лістоў, якія тычацца пытаньня мовы, але ніхто не дыскутуе наконт зьместу будучых праграмаў,” – зьдзіўляецца фраў. (Радыё “Свабода”, 7 жніўня 2005 г.).
Відаць, што фраў сапраўды нічога не разумее і ня ведае, што беларуская мова для нацыі, якую зьнішчаюць, якраз і ёсьць зьместам дэмакратыі, а не блытаныя думкі, якія, нічога не разумеючы, хоча выказаць зь нямецкай антэны на мове расейскіх нішчыцеляў фраў Рабітц.
Нам ня трэба такіх “дабрадзеяў” і такіх памочнікаў. Той, хто шчыра хацеў бы апамагчы беларусам зьмяніць антыдэмакратычны рэжым і абараніцца ад маскоўскай імпэрскай палітыкі, той мусіў бы дарасьці да разуменьня трагедыі беларускай нацыі ў яе змаганьні з імпэрскай Расеяй за сваю незалежнасьць, дзяржаву, культуру і існаваньне.
“Нямае значэньня на якой мове вяшчаць , галоўнае зьмест,” – спрабуюць павучаць нас ужо нямецкія “мудрацы” (памятаеце акупанцка-савецкае: “какая разница?” ). Дык калі “нямае значэньня”, то давайце па-беларуску! Аж не, аказваецца ёсьць “разница”.
Тое, што “Нямецкая хваля” пры падтрымцы Бруселя пераймае эстафету русіфікацыі Беларусі і захаваньня ў нас савецкіх адносінаў да беларускай мовы і культуры – гэта ўжо нас не зьдзіўляе. Мы ведаем у чым зьмест маскоўска-бэрлінскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Ім перашкаджае нашая незалежнасьць. Мы памятаем ненавісныя выказваньні нямецкага разьведчыка Ганса Віка супраць Беларускай мовы, калі ён быў у ролі кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску, і ведаем пра ягонае супрацоўніцтва з КГБ супраць БНФ і Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (Вік сам прызнаўся). Такому “дабрадзею” нельга верыць ні на секунду.
Мы добра разумеем, што 30-ціхвілінная нямецка-расейская перадача на Беларусь на кароткіх хвалях нічога для беларусаў не вырашае. Але тут палітычная камбінацыя – запусьціць траянскага каня ў наш эфір, потым сфабрыкаваць зьвесткі (пры дапамозе якога-небудзь халуйскага апытаньня, тут яны спэцы) і прадоўжыць русіфікацыю далей. Ды яшчэ (калі ўдасца) і радыё “Свабода” зрусіфікаваць. Мы ведаем пра гэтыя маскоўска-нямецкія задумкі.
Мы зьвяртаемся да ўсіх беларусаў. Прыгледзьцеся. Паглядзіце рэальна на ўсіх гэтых палітычных “дабрачынцаў” з Захаду і з Усходу. Яны ж спрэс фальшывяць, бо дбаюць найперш пра свае інтарэсы.
Мы ня мусім сядзець, склаўшы рукі. Нам трэба аб’яднаць нашыя народныя высілкі па абароне беларускай мовы, культуры і незалежнасьці, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце і ў палітычных перакананьнях. Нам трэба быць салідарнымі ў павазе да сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, каб ні немец, ні масковец ніколі не плявалі беларусам у твар.
Мы заклікаем беларусаў зьвяртацца ў Эўразьвяз і патрабаваць адмены рашэньня пра русіфікацыйнае вяшчаньне “Нямецкай хвалі” на Беларусь, а таксама аб невыдзяленьні грошай на гэтую антыбеларускую справу.
Мы прапануем грамадзянам Беларусі пачаць байкот нямецкіх тавараў, нямецкіх фірмаў,нямецкіх турыстаў і ўсіх нямецкіх ініцыятываў. Лёзунг: “НЕМЦАМ – БАЙКОТ!”
Гэта толькі пачатак. Калі Эўракамісія ня зьменіць свайго антыбеларускага рашэньня, мы пойдзем далей у нашай самаабароне і нашай салідарнасьці. Рэчаіснасьць зноў пацьвярджае, што лёс беларускай будучыні можа быць толькі ў беларускіх руках.
Змагаймася ж і клапацемся пра нашу Беларусь.
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 14 жніўня 2005 г. г. Менск