Ліст да палітычных партыяў Рэспублікі Польшча

15 жніўня 2005 г.

Навіны

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ зьвяртаецца да ўсіх парляманцкіх палітычных партыяў Польшчы з заклікам неадкладна пераглядзець сваю палітыку ў дыпляматычным канфлікце з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі. Задача Масквы ізаляваць Польшчу ад Беларусі, каб перашкодзіць польскім дэмакратычным уплывам у час лрэзыдэнцкіх выбараў на Беларусі ў 2006 г. і запабегчы паўтарэньню “украінскага сцэнару” 2004 г. Дзеля гэтага быў штучна створаны і раздзьмуханы канфлікт вакол Саюзу Палякаў Беларусі. Мы ўражаныя эмацыйнымі паводзінамі і недальнабачнасьцю палітыкаў у гэтай даволі простай маскоўскай камбінацыі. Мы назіраем паразу польскай палітыкі на ўсходнім кірунку. Польшча страчвае магчымасьці ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, а мы – беларускія змагары з рэжымам – страчваем магчымасьць польскай падтрымкі. Кантроль над сітуацыяй забірае Масква. Ёсьць мэханізмы для паправы становішча і вяртаньня яго ў першапачатковы выгляд. Ініцыятыва і абгрунтаваныя дзеяньні залежаць ад Польшчы. Кожны польскі палітык мусіць зразумець, што параза дэмакратычнай Беларусі ў 2006 годзе будзе адначасна і паразай Польшчы. Мы спадзяемся на станоўчыя высновы і на паправу агульных дачыненьняў.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 14 жніўня 2005 г. г. Менск