14 жніўня 2005 г. у Менску адбылося паседжаньне Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Былі абмеркаваныя актуальныя пытаньні: рэагаваньня палітычных колаў Рэспублікі Польшча на выраблены лукашэнкаўскім рэжымам канфлікт вакол Саюзу Палякаў Беларусі, палітыкі Нямеччыны і Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Па гэтых пытаньнях Старшыня Фронту і Партыі Зянон Пазьняк прапанаваў для прыняцьця праекты дакумантаў.
З дакладам аб палітычнай сітуацыі выступіў намесьнік старшыні Фронту і Партыі Юрый Беленькі. У абмеркаваньні палітычнай сітуацыі вакол падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. выступілі сябры Сойму: Сяргей Папкоў, Мікола Крыжаноўскі, Уладзімер Плешчанка, Яўген Шатохін, Алег Борын, Уладзімер Раманцоў, Алесь Чахольскі і інш.
У выступах быў даны аналіз працягу акупацыйнай палітыкі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ў сувязі з падрыхтоўкай пагадненьняў аб так званых “роўных правах” грамадзянаў Беларусі і Расеі. Гэтымі пагадненьнямі рэжымы імкнуцца замацаваь небясьпечныя для беларусаў міграцыйныя працэсы. З аднаго боку, расьце колькасьць беларусаў, якія едуць працаваць у Расею на рабскіх умовах. Як з гарачых ваенных апэрацыяў, тысячы беларусаў вяртаюцца дамоў у дамавінах, пакалечаныя і абрабаваныя. Так, у сярэдзіне ліпеня сёлета Уладзімер Мацвейчык, 50-цігадовы беларус з горада Глуску, быў забіты ў Расеі і прывезены да хаты ў поліэтыленавым мяху. Забілі, каб не выплочваць заробленае. Такія гісторыі можна пачуць у любым гарадку Беларусі. З другога боку, рэжым шырока адчыніў дзьверы на Беларусь для перасяленцаў з Расеі, Казахстану і інш. постсавецкіх краінаў. Рэжым хавае статыстыку па міграцыі, у тым ліку і па працоўнай.
Быў даны аналіз эканамічнай палітыкі рэжыму, негатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі росту колькасьці нафтадаляраў у Расеі.
Абмеркавана інфармацыйная палітыка Фронту і Партыі з улікам праведзенага аналізу палітычнай сітуацыі.
*Абмеркаваны захады ў сувязі з дэзынфармацыяй арганізатараў апэрацыі “адзіны кандыдат” аб ўдзелу сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ ў гэтым праекце. *
Прынятыя наступныя дакуманты:
- Ліст да Камісіі Эўразьвязу.
- Ліст да грамадзянаў Беларусі “НЕМЦАМ – БАЙКОТ”.
- Ліст да палітычных партыяў Рэспублікі Польшча.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 15 жніўня 2005 г. г. Менск