Зянон Пазьняк. "Пуцін просіцца ў Беларускую нацыю"

27 ліпеня 2005 г.

Навіны

Клаунада працягваецца. Двох у адной лодцы размаўляюць адзін з адным. Нядаўна кіраўнік маскоўскага Крамля напрасіўся ў Беларускую нацыю. “Увогуле мы – адна нацыя”, — сказаў пры гэтым наш мудрэц адной нібыта грамадзянцы Беларусі. І хто яго ведае, што зь ім цяпер рабіць – просіцца. Аднак рэчаіснасьць не дазваляе. Калі б, скажам, нехта захацеў, напрыклад, стаць хоць бы афрыканцам, дык і то было б неяк прасьцей. Перафарбаваўся б, сабе на чорна. Хаця ізноў жа – падробка. А тут як быць? Можа, каб не пакрыўдзіць, сказаць яму, хай бы хоць мову беларускую вывучыў напачатку. А так бяз мовы, як расейцы кажуць, “с суконным рылом в калачный ряд”. І потым, калі глянуць у корань, нешта не памятаем мы сярод беларусаў Пуціна. Дастаеўскага, напрыклад, памятаем, Глінку – памятаем, Твардоўскі сам сябе лічыў беларусам, а Пуціна – ніяк не ўпомнім. Так што ня можам прыняць яго ў Беларускую нацыю. Извините. У діўны час мы жывем, калі палітыка ператварылася ў эстраду, у цырк, прэзідэнты дзяржаваў, у танцах скачуць перад тэлекамэрамі, трасуцца, мочацца пад фюзеляжам на віду ў іншых палітыкаў,альбо просяцца ў Беларускую нацыю. «Мы», — кажа начальнік маскоўцаў, якія толькі за адно ХХ-е стагоддзе вынішчылі, замардавалі палову беларускай нацыі (каля 6 мільёнаў чалавек), «мы, — кажа Пуцін, — адна нацыя» (з чачэнцамі яны толькі «единый народ»). Брава! Біс! Што яшчэ яны там прыдумаюць.