Намесьнік старшыні Віцебскай Рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Барыс Хамайда і Сяргей Міркушоў выйшлі сёньня ў цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам “Віншуем усіх зь Днём Незалежнасьці!” Гэткім чынам яны вырашылі нагадаць землякам пра ўгодкі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятай Вярхоўным Саветам БССР 27-га ліпеня 1990-га году.
Ужо праз 25 хвілінаў апазыцыйных актывістаў затрымалі міліцыянты і байцы АМОНу. Пасьля складаньня пратаколу абодвух затрыманых адразу з пастарунку накіравалі ў Чыгуначны раённы суд.
Паводле судовага рашэньня, спадары Хамайда і Міркушоў павінныя заплаціць грашовыя штрафы – кожны па 3 мільёны 185 тысяч беларускіх рублёў. Іх абвінавацілі ў арганізацыі грамадзкай акцыі без дазволу ўладаў.
Паводле RFE/RL, Браніслава Станкевіч, Віцебск