Дзіўная прэзэнтацыя

20 ліпеня 2005 г.

Актуаліі

6 ліпеня сёлета ў Менску адбылася шмат у чым дзіўная прэзэнтацыя кніг. У Доме літаратара прэзэнтавалі першыя тры тамы з заяўленых 14-ці тамоў твораў Васіля Уладзімеравіча Быкава. Здавалася б, падзея радасная і сьветлая, асабліва на фоне усеагульнага панаваньня шэрасьці і расейскай “чарнухі”. Але насьцярожвала, што кнігі былі надрукаваныя ў Маскве, а запрашэньні на прэзэнтацыю разаслаў па горадзе А. Казулін (сумнавядомы кандыдат у адзіныя кандыдаты). Дзякуй, што хаця б не выконвалі “Союз нерушімый”, ці як там цяпер называецца гімн Расеі. Але госьці адтуль адразу пачалі камандаваць на “провінціальном меропріятіі”. Нейкі член саюза пісьменьнікаў РФ зачытаў віншаваньне ад старшыні выканкама міжнароднай супольнасьці пісьменьніцкіх саюзаў (ёсьць і такое ў прыродзе) С. Міхалкова, у якім гаварылася, што “сёлета пісьменьніцкая арганізацыя Расеі адзначыла 70-годдзе ўтварэньня саюза пісьменьнікаў СССР, а ў гонар гэтай важнай падзеі старшыні мясцовага саюзу А. Пашкевічу і А. Казуліну (мы й ня ведалі такога пісьменьніка) выдаюцца юбілейныя граматы і мэдалі”. Ужо няма ні таго СССР, ні таго “творчага” саюза, утворанага НКВД паводле сталінскага загаду, а маскоўцы ўсё лезуць са сваімі юбілеямі. Гэта тое ж самае, што адзначаць юбілей апошняга маманта або птэрадакцеля.

Прысутным людзям, аднак, кніг Быкава не прадавалі. Давалі дарма, але толькі выступоўцам. Тыя прафэсійна тэарэтызавалі на тэму, нават згадалі, што Васіль Быкаў адыграў вялікую ролю ў стварэньні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Але ўсе яны (без выключэньня) неяк забыліся згадаць, што менавіта Зянон Пазьняк кіраваў стварэньнем і змагарнай дзейнасьцю Фронту, што Быкаў быў гарачым прыхільнікам і паплечнікам Пазьняка. Менавіта Васіль Быкаў назваў Зянона Пазьняка Апосталам нацыі.

Некаторыя выступоўцы без сораму выкарыстоўвалі імя нашага выдатнага пісьменьніка ў сваіх мэтах. Так, выклікаючы на трыбуну А. Лебедько з АГП, вядучая на поўным сур’ёзе заявіла, што “Лябедзька быў прататыпам аднаго з любімых літаратурных герояў Быкава…” Узьнікае пытаньне, а дзе быў Лебедько ў той час, калі Васіль Быкаў разам з Зянонам Пазьняком ды іншымі патрыйтамі стваралі Беларускі Народны Фронт, раскрывалі праўду аб Курапатах, арганізоўвалі першы Чарнобыльскі Шлях? А быў “любімы герой” прафэсійным камсамольскім дзеячам, служыў у КПСС, пазьней даслужыўся да ключавой ролі ў арганізацыі выбарчай кампаніі А. Лукашэнкі, а яшчэ пазьней служыў “представітелем презідента” у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, актыўна ствараў лукашэнкаўскую вэртыкаль, арганізоўваў антызаконны рэфэрэндум аб забароне гістарычнай дзяржаўнай беларускай сімволікі і аб наданьні дзяржаўнага статуса расейскай мове. А сёньня? Сёньня Лебедько актыўна езьдзіць у Маскву, дзе дае парады сваім гаспадарам – расейскім акупантам, як ім лепш канчаткова захапіць Беларусь.

Некаторыя дагаварыліся да таго, што “галоўная роля ва ўшанаваньні памяці Быкава належыць Казуліну”. Пясьняр КПСС Генадзь Бураўкін у сваім выступе адзначыў, што “поўны збор твораў выдаецца не дзяржавай, а па “волі народа”. Гэта ён пра казулінскую групоўку, якая дэмагагічна назвалася “Воля народа”. Няўжо спадар Бураўкін сапраўды ня ведае, хто такі на самой справе Казулін? Калі ня ведае, то няхай спытае ва ўнівэрсітэцкай моладзі. Маладыя яму раскажуць, як яшчэ нядаўна рэктар БДУ Казулін выключаў з унівэрсітэта студэнтаў за ўдзел у патрыятычнай дзейнасьці. Як Казулін ставіў побач сябе перакладчыка на паседжаньнях і прымушаў таго перакладаць яму выступы на расейшчыну, калі выступоўцы казалі па-беларуску. Казулін тым самым дэманстраваў цынічнае стаўленьне да беларускай мовы.

Цяжка было глядзець на ўсё гэта і слухаць крывадушныя выступы гэтай публікі. А ў канцы ў якасьці цынічнага апафэёзу прагучала распярэзаная аранжыроўка гімну “Магутны Божа” (нельга гімн і малітву выконваць такімі дзікімі галасамі, беларусы эўрапейскі народ, а не племя канібалаў). Вось што значыць казуліншчына.

** Аліна Дуброўская**