У фэстывальным Віцебску пачаліся затрыманьні сябраў "Беларускай Салідарнасьці"

15 ліпеня 2005 г.

Навіны

Пачынаючы з 4-га Міжнароднага фэстывалю мастацтваў Аляксандар Лукашэнка штогод у дні “Славянскага базару” наведвае Віцебск з рабочым візытам, выступае перад удзельнікамі і гледачамі.

Сёньня ён адкрые ўжо 14-ты па ліку фэстываль. І за мінулыя 10 год сцэнар падрыхтоўкі да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі не зьмяніўся: у горадзе сьпешна наводзяць парадак, а па вуліцах ходзяць узмоцненыя міліцэйскія патрулі і байцы АМОНу.

Такі патруль затрымаў сёньня намесьніка старшыні віцебскай Рады “Выбар” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ Барыса Хамайду і Алеся Мудрычэнку, якія каля “Сіняга дому” распаўсюджвалі часопіс “АRCHE”, камэрцыйную газэту “Витебский проспект”, а таксама незалежніцкае выданьне “Выбар”.

Ня выключана, што затрыманыя будуць знаходзіцца ў пастарунку да вечара, бо каля 18-й гадзіны Аляксандар Лукашэнка ўжо прыбудзе ў Віцебск, каб узяць удзел у адкрыцьці адрэстаўраванага Кіраўскага мосту, а потым адкрыць фэстываль “Славянскі базар”.

Паводле RFE/RL, Браніслава Станкевіч, Віцебск