Амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску

12 ліпеня 2005 г.

Навіны

Выказваем шчырыя спачуваньні семьям ахвяраў, асобам, якія пацярпелі, і ўсяму народу Вялікай Брытаніі ў сувязі з бесчалавечным тэрарыстычным актам, што быў арганізаваны ў Лёндане 7 ліпеня сёлета. Сьмерць і пакуты сотняў нявінных людзей выклікаюць у нашых душах боль і пратэст. Мы выказваем салідарнасьць народу Вялікай Брытаніі, які прадэманстраваў мужнасьць і нязломнасьць ў вялікай бядзе і ў момант выпрабаваньняў. Мы зьвяртаемся да палітычнага кіраўніцтва Вялікай Брытаніі з заклікам зрабіць адпаведныя высновы з трагедыі і ўрэшце вызначыць сапраўднага арганізатара тэрарыстычнай вайны супраць дэмакратычнай цывілізацыі. Унутраная і зьнешняя палітыка Расеі, якой кіруе ФСБ-КГБ (спэцслужба, што мае гісторыю і практыку тэрарыстычнай арганізацыі), паводзіны і заявы расейскага кіраўніцтва пасьля лёнданскай трагедыі – усё гэта павінна непакоіць цывілізаваных людзей ва ўсім сьвеце і вызначаць адэкватную палітыку ў адносінах да тэрарыстычнага расейскага рэжыму.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

10 ліпеня 2005 г. Менск