Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (15-22 чэрвеня 2005 г.)

Шклоўскі прэзыдэнт ужо “адудзячыў” за галасаваньне у ягоную карысьць на выбарах калгасьнікаў, пэнсіянэраў і жыхароў раёнаў, атручаных чарнобыльскай радыяцыяй. У першую галаву ў іх ён адабраў ільготы, надбаўкі, “грабавыя”. Потым была чарга прадпрымальнікаў, якія ўсё шумелі: “Мы вне политики, нам всё равно, кто у власти!..” Разгром беларускага бізнэсу, удушэньне эканамічнай ініцыятывы, як вядома, працягваецца дагэтуль. Надышла чарга гвардыі пад’ездаў. Сапраўды, прыезжыя з Расеі перажываюць шок і гукаюць: “Как у вас чисто в городах!” Бо ў Расеі камунальныя грошы на прыборку вуліцаў і дамоў раскрадаюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, а месца прыбіральшчыка – гэта кантралюемая мафіяй пасада, ганарар за якую таксама правальваецца пра слой сьмецьця ў кішэню бандытаў. Цяпер, мабыць, і ў нашай сталіцы ня будзе так чыста. Шкловец даўно “требовал” рэзка скараціць колькасьць работнікаў жыльлёва-камунальнай службы. Тых самых, якія так верна выконваюць загады рэжыму: мэтадычна (часам з фанатызмам) зрываюць з муроў антырэжымныя ўлёткі і паведамленьні, трымаюць у сваіх офісах партрэцікі Леніна і не цураюцца настукаць на патрыётаў Беларусі. Цяпер адной чвэрці з іх у бліжэйшы час прыйдзецца бараніць антынародны рэжым у іншым (пакуль невядома якім) месцы. Любімы дыктатар марнуе сотні мільёнаў доляраў на шызоідную “бібліятэку” і залатую плітку на вуліцах, а ў той жа час 4800 работнікаў жільлёва-камунальнай гаспадаркі ў бліжэйшы час апынуцца на вуліцы, бо ім няма чым плаціць заробкі. Пра гэта грамадзтву паведаміў 15 чэрвеня Менгарвыканкам. Хто наступны?

17 чэрвеня споўнілася 52 гады з дня пачатку рабочага паўстаньня ў Бэрліне. Калі нашыя дзяды змагаліся супраць нацызму, штурмавалі Бэрлін, ім не магло і ў галаву прысьці, што замест партрэта Гітлера над сьветам завісьне партрэт Сталіна, што адзін антычалавечы таталітарызм заменіць сабой другі. Калі ў сакавіку 1953 года сканаў Сталін, прамінула ўжо амаль восем гадоў пасьля сканчэньня сусьветнай вайны. Нямеччына, падзеленая на зоны акупацыі, уяўляла сабой кантрастную кампазіцыю. На Захадзе пасьля грунтоўнай дэнацыфікацыі імкліва разьвівалася эканоміка з дапамогай амэрыканскага пляну Маршала, мацнела дэмакратыя, павышаўся жыцьцёвы ўзровень. На Ўсходзе, у савецкай ГДР панаваў бальшавіцкі маразм, сталінскі таталітарызм і жах сацыялістычнай эканомікі. Пасьля сьмерці дыктатара людзі спадзяваліся на палёгку, на нармалізацыю жыцьця. А замест гэтага камуністычныя ўлады рэзка падвысілі нормы вырабаткі і цэны на харчаваньне. На працягу некалькіх гадзінаў раніцай 17 чэрвеня 1953 г. на буйных прадпрыемствах адбываліся стыхійныя мітынгі працоўных. Потым народ пачаў граміць ненавісныя парткамы. Сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы і практычна апанавалі цэнтар Бэрліна. “Народная ўлада” сталінскіх халуёў захісталася. Упершыню ў пасьляваеннай гісторыі пачала раскручвацца мадэль, якая будзе паўторана пазьней падчас народных рэвалюцыяў ва Угоршчыне (1956), Чэхаславаччыне (1968) і савецкай агрэсіі ў Аўганістане (1979). Ня маючы даверу да мясцовай арміі і паліцыі, марыянэтачныя рэжымы зьвярталіся па “братэрскую дапамогу” да Крамля. А ў таго войскі заўсёды пад бокам, калі не на суседняй вуліцы, то зусім блізка каля мяжы. У 1953 г. саветы вывелі на вуліцы Бэрліну танкі і потым ня раз душылі такім чынам свой і чужыя народы. Бэрлінскія рабочыя не разьбегліся. Людзі практычна з голымі рукамі супрацьстаялі жалезным монстрам, будавалі барыкады, кідаліся каменьнямі. Загінула некалькі сотняў рабочых. НКВД і спэцслужбы ГДР разгарнулі хвалю рэпрэсіяў і застрашэньня. Людзей катавалі і расстрэльвалі ў сутарэньнях пасьля кароткага паседжаньня “троек”. Пасьлясталінская імпэрыя аказалася такой жа самай, як і сталінская – гэта была першая страшная лекцыя паняволеным народам. Расейскую імпэрыю немагчыма была рэфармаваць, яе трэба было толькі разбурыць і сьцерці з мапы сьвету. Доўгія гады акупацыйныя савецкія войскі штогод 17 чэрвеня хаваліся за мурамі сваіх гарнізонаў, ніхто не рызыкаваў выходзіць, бо немцы маглі й галаву адбіць у памяць даўніх падзеяў. Пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны ў 1989 г. улады адзначаюць па ўсёй краіне ўгодкі гераічнага паўстаньня. Ягоныя ўдзельнікі, што засталіся жывымі, атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Катам застаўся праклён і забыцьцё. А Масква працягвае зьнішчаць народы (у тым ліку свой расейскі), зноў суне сваю крывавае мурло на Захад, на нашу Беларусь.

18 чэрвеня ў Брусэлі завяршыўся саміт Эўразьвязу, які журналісты ў адзін голас ахрысьцілі “правальным”. Правал пачаўся раней, калі нядаўна народы Францыі і Нідэрляндаў прагаласавалі супраць прыдуманай эўрабюракратамі “канстытуцыі”, у якой сярод іншага нават ня згадвалася Хрысьціянства. Трыюмф лібэралаў-бязбожнікаў абярнуўся пшыкам. Нават дзяжурны па Эўразьвязу прэмьер Люксембурга Юнкер казаў ў адкрытую на заключнай прэс-канфэрэнцыі саміта: “Эўропа ня проста ў крызісе, яна ў глыбокім крызісе”. І дадаў, што “адна Эўропа ня вытрымала абьяднаньня з другой Эўропай…” Маецца на ўвазе апошні этап далучэньня да Эўразьвязу былых сацыялістычных краінаў Цэнтральнай Эўропы. Заходнікі думалі пакарыстацца палякамі і эстонцамі, а аказалася, што за падвышэньне прамысловага і ўсіх іншых узроўняў у новых краінах Зьвязу трэба выдаткаваць вялікія грошы. Нібыта “адзіная” Эўропа адразу раскалолася на больш адзіных і менш адзіных. Увесь гэты балаган наводзіць на думку, што правальваецца авантурная спроба стварэньня новай імпэрыі, прычым дэмакратычнымі мэтадамі (а так імпэрыі ніколі не ствараліся – яны заўсёды ўзьнікалі на гвалце). Ніхто ў Брусэлі, праўда, ня згадваў пра “трэцюю” Эўропу – гэта значыць, пра нас з вамі, пра Беларусь, Украіну, Малдову. Беластоцкі лес паступова набывае прыкметы бэрлінскага мура. На Захад ад Буга ўсё больш свабоды перамяшчэньня людзей і тавараў (нават швэйцарцы, памешаныя на сваім нэйтралітэце, нядаўна прагаласавалі за ўваход у Шангенскую зону). А нашы грамадзяне павінны стаяць суткамі перад парогам амбасадаў, цярпець зьдзекі і прыніжэньні, каб выдурыць сябе візу. Павінны дэманстраваць нейкія абсурдныя даведкі з месца працы, каб паехаць на тыдзень на адпачынак у Грэцыю або Гішпанію. Нам штодня дэманструюць цынічным спосабам, што наш накірунак – “чахотка і Сібір”. Хітра прыдумалі эўрабюракраты разам з крамлёўскай мафіяй, падзялілі кантынэнт, як пірог: адных направа, а другіх налева. І вось мы назіраем, як валіцца цынічная мадэль цынічных палітыканаў з рыбінымі вачыма. Не ўдаецца арганізаваць заходні рай за кошт усходняга пекла, дзе катламі і вогнішчамі камандаваць павінны былі б маскоўскія чэрці.

Паралельна пад Брусэлям адбываліся яркія падзеі іншага пляну. Каля трох тысячаў сяброў ваенна-гістарычных клюбаў з усяго сьвету разгарнулі на палях Ватэрлоо тэатралізаваную рэканструкцыю знакамітай бітвы, якая адбылася ў гэтых мясьцінах роўна 190 гадоў таму, у 1815 г. У калясальным змаганьні (у гэты дзень забілі з абодвух бакоў больш за 50 тысячаў чалавек) была пастаўлена кропка на пэрыядзе ў эўрапейскай гісторыі, які пачаўся ў 1789 г. са штурму Бастыліі і атрымаў працяг у рэвалюцыйных, а потым напалеёнаўскіх войнах, якія ахапілі тры кантынэнты. Французская армія пацярпела пад Ватэрлоо канчатковую паразу пад ударамі саюзных брытанскіх і прускіх войскаў. Банапарта накіравалі на далёкую выспу Св. Алены, дзе ён знаходзіўся да самай сьмерці ў 1821 г. Там ён заняўся мэмуарамі. Сярод іншага горка прызнаваўся ў адной з лёсавызначальных сваех памылак. А менавіта ў памылковым рашэньні пасьля захопу Смаленска ў 1812 г. наступаць на Маскву. Як вядома, авантура скончылася дэмаралізацыяй, а потым разгромам вялікай арміі і ўцёкамі Напалеёна з нашай Смаргоні, дзе ён пакінуў свае войскі. Дазволіўшы незалежнасьць Польшчы ў выглядзе Варшаўскага княства, імпэратар не прыслухаўся да прапановаў аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага. Галава карсіканца закруцілася ад эфэктных перамогаў над фэадальным расейскім войскам, і ён не зацікавіўся ідэяй стварэньня “санітарнага кардону” вакол Расеі. Ня ў першы і не ў апошні раз Захад і ягоныя самазамілаваныя кіраўнікі не заўважылі беларусаў і Беларусі, не ацанілі народ, які стагоддзямі абараняў эўрапейскую цывілізацыю ад маскоўскіх гунаў. За гэты тупізм і самаўпэўненасьць Эўропе давялося расплочвацца паразамі, прыніжэньнямі, давялося ўбачыць казацкіх коней на парыжскіх і бэрлінскіх плошчах ды трэсьціся пад пагрозамі дэспатычнага суседа. Яны так нічаму й не навучыліся. У Брусэлі ды шэрагу іншых сталіцаў дагэтуль гатовыя лёгка аддаць нашу краіну і нас з вамі ў маскоўскую пашчу, “танна” адкупіцца ад крамлёўскага рэкеціра. Прычым, думка нашага народу ніколі ня ўлічваецца, нават ня згадваецца эўрабюракратамі. Ім дастатковыя халуйскія позы вінцучкоў-лебедько, якія заўсёды гатовыя прадаць Беларусь за ламаны грош. Ну што ж, калі яны ня памятаюць гістарычныя лекцыі, то памятаць іх і адпаведна бараніць нашу незалежную дзяржаву ёсьць нашым абавязкам.

Больш чым праз тыдзень стала вядома пра драматычныя падзеі ў расейскай правінцыі. ОМОН арганізаваў чарговую карніцкую апэрацыю, на гэты раз не ў Чачэніі, а на тэрыторыі самой РФ. Увечары 11 чэрвеня насельніцтва сяла Іванаўскага на Стаўрапольшчыне сьвяткавала “дзень Расеі”. Ельцын быў увёў гэтае дзяржаўнае сьвята, якое напачатку называлася сьмешна – день независимости России. Нават іхная інтэлігенцыя пасьмейвалася: “день незавісімості Россіі от самой себя, ха-ха…” Але легальная нагода выпіць і пабіцца заўсёды вабіць нашых вялікіх суседзяў. Нечакана ў сяло заехала калёна “чумовозов” (так народ называе там паліцэйскі транспарт), амоны атачылі цэнтр паселішча. Потым пачалі зачыстку (гэтае слоўца ведаюць цяпер у Расеі нават немаўляты), захапілі і сабралі ў будынку мясцовага клюбу ўсіх паўналетніх мужчынаў і нават падлеткаў (сотні людзей), білі і катавалі іх, патрабавалі нейкіх прызнаньняў, рабілі адбіткі пальцаў, пагражалі і зьневажалі. Падобна, што пакуль на правінцыі гэбоўскі рэжым адпрацоўвае схэмы падаўленьня свайго ж грамадзтва і заадно прыглядаецца да рэакцыі элітаў і насельніцтва. А рэакцыя даволі кволая. Пра тэракт ўладаў стала вядома праз шмат дзён пасьля здарэньня. Мясцовая адміністрацыя ні ў чым не прызнаецца, Масква маўчыць. Безумоўна, наступнымі будуць гарады і цэлыя рэгіёны. Тэрарыстычны характар маскоўскага рэжыму становіцца ўсё больш відавочным.

А 21 чэрвеня ў Маскве зноў адключылася сьвятло. Гэта, быў, аднак, толькі лякальны “конец света”, усяго на некалькі раёнаў расейскага Вавілону (дзе жывуць усяго некалькі мільёнаў чалавек). З 15 чэрвеня разьвіваецца яшчэ адна тэхналягічная катастрофа ў Цьверскай вобласьці. Там, дзе нядаўна ўспыхнула эпідэмія жаўтухі, перакуліліся дваццаць цыстэрнаў з мазутам. Тысячы тонаў атруты нішчаць навакольнае асяроддзе, чорная плынь запаўняе ручаі, азёры і рэкі. Пад пагрозай Волга. Крэмль хвалюе, аднак, толькі адно пытаньне – каб не пашкодзілася пітная вада ў Маскве, а цьверскі люд як-небудзь аклімаецца сам. Пра гэта даволі шчыра выказваецца сталічнае начальства ўсіх узроўняў. Што да цьверскага начальства, то яно паспрабавала стварыць тэлевобраз ўсеагульнага народнага рушаньня на ліквідацыю наступстваў катастрофы. Атрымалася пустая порхаўка. Журналісты ня здолелі паказаць ніводнага селяніна або месьціча, які б ратаваў сваю зямлю ад бяды. Згаданыя народныя масы працягваюць штодзённы рытм жыцьця: пьюць самагон і выказваюць абсалютную абыякавасьць да навакольнага сьвету. Мы становімся сьведкамі сацыяльнага кашмару. Масква настолькі грунтоўна нішчыла людзей і культуру некалі славутай Цьверскай зямлі, што цяпер тут засталіся няшчасныя парэшткі некалі вялікага народу, заўсёды прыязнага партнэра і хаўрусьніка ВКЛ. Вынішчаючы ўсё жывое вакол сябе, Масква й сама апынулася ў цэнтры страшнай пустэчы, у стане ненатуральнага існаваньня монстра, які зжэр, растаптаў, спляжыў усё навакольле, а цяпер сам задыхаецца, ня маючы чым жывіцца. Таму ў монстра й разьвіваецца вечны інстынкт агрэсіі. І ясна, што Беларусь абрана ў якасьці наступнай ахвяры паняволеньня і зьнішчэньня. Толькі паламае свае клыкі ўсходняя дэспатычная пачвара аб наш народ і нашу зямлю.

Валеры Буйвал

22/6/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2005
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024