У нядзелю, 29 траўня 2005 года, грамадзяне Францыі прагаласавалі супраць Кастытуцыі Эўразьвязу. Чарговая спроба сацыялістаў ператварыць эўрапейскі кантынент у імпэрыю пацярпела паразу. Цяпер апалягэты сацыял-лібэралізму спрабуюць прынізіць факт непрыняцьця народам Францыі штучнай ідэі стварэньня Эўраімпэрыі. Каментуюць, што французы прагаласавалі ня супраць Эўраканстытуцыі, а супраць сп. Шырака. Але такая падмена нічога ня вартая. Непапулярнасьць Шырака якраз і зьвязаная з тым, што ён зьяўляецца актыўным выканаўцам прасоўваньня ў жыцьцё ідэі стварэньня “Вялікай Эўропы”.
Працэс разьвіцьця цывілізацыі ўжо ў каторы раз перакульвае спробу штучнага стварэньня імпэрскага канглямэрату ў Эўропе. У ХХ стагоддзі Гітлер спрабаваў сілай вырашыць гэтую задачу. Народы сьвету спынілі шызафрэнічную задумку , ахвяраваўшы дзесяткі мільёнаў жыцьцяў людзей. Маскоўскі камуністычны рэжым імкнуўся ў Эўропе стварыць камуністычную імпэрыю. Увайшоўшы ў супярэчнасьць з працэсамі разьвіцьця грамадзтва, вынішчыўшы дзесяткі мільёнаў паняволеных суседніх народаў і свайго народу, ня вытрымаўшы канкурэнцыі на жыцьцездольнасьць ідзе паэтапны распад расейскай імпэрыі. Спачатку ад камуністычнага панаваньня вызваліліся краіны, зацугляныя ў Варшаўскі пакт, затым разваліўся СССР, цяпер працягваецца працэс распаду рэшткаў расейскай імпэрыі пад назвай Расейская Фэдэрацыя.
Вынікі рэфэрэндуму ў Францыі ў адпаведнасьці з тэндэнцыямі разьвіцьця цывілізацыі заканамерныя. Імпэрыя ў дэмакратычным грамадзтве дэмакратычным спосабам утварыцца ня можа. Імпэрыі утвараюцца толькі сілай.
БС