Інфармацыйне агенцтва БЕЛАПАН 26 красавіка 2005 г. пад загалоўкам “У мёртвай зоне будзе пабудавана 13 аграгарадкоў” паведаміла пра заяву Лукашэнкі пад час сустрэчы з жыхарамі горада Веткі Гомельскага раёна, што ў іхным раёне па праграме “возрождение села” будзе пабудавана 13 аграгарадкоў. Рэжым працягвае злачынны эксперымент над жыхарамі Беларусі. На забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях вырошчваецца сельгаспрадукцыя, гадуецца жывёла. Забруджаныя радыёнуклідамі прадукты пастаўляюцца ва ўсе куткі краіны. Як відно з паведамленьня, гэты злачынны эксперымент над здароўем беларусаў рэжым плянуе яшчэ і пашырыць. Маюцца дакладныя дадзеныя пра ўзьдзеяньне малых доз радыяцыі на здароўё жыхароў Гомельскай вобласьці. Асабліва радыяцыя ставіць свой чорны адбітак на цяжарных жанчынах і дзяцях. У 1999 годзе рэктар Гомельскага медыцынскага ўнівэрсытэту Юрый Бандажэўскі апублікаваў гэтыя дадзеныя ў працы, якая выйшла невялічкім тыражом (100 экз.) і зрабіў даклад на навуковай канфэрэнцыі ў Варшаве. Менавіта пасьля навуковай канфэрэнцыі яго “схавалі” і да гэтага часу трымаюць у турме, каб маўчаў. Зроблена гэта, як мяркуецца, па “рэкамендацыі” расейскіх атамшчыкаў і крамлёўскіх уладаў. Масавыя эксперыменты над людзьмі ёсьць злачынствы супраць чалавецтва. Пакараньні за такія злачынствы ня маюць тэрміну даўніны. Ініцыятары і арганізатары злачыннага радыяцыйнага экспэрыменту над беларусамі стануць перад судом. У вышэй памянёным паведамленьні агенцтва БЕЛАПАН згадваецца пра лукашэнкаўскую праграму “возрождение села”. Праграма зацьверджана яго указам № 150 за 25 сакавіка 2005 г. Па гэтай праграме прадугледжана “аптымізацыя” ( разбурэньне і зьнішчэньне) усёй прасторы беларускай вёскі, якая фармавалася тысячагоддзямі. Усю гэтую прастору плянуецца згарнуць у 1400 аграрарадкоў. Гэта новае злачынства рэжыму, скіраванае на вынарадаваньне Беларусі. Пра “праграму” патрэбны асобны матэрыял.
С. Папкоў