26 красавіка сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі мемарыяльныя мерапрыемствы, прысьвечаныя памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Антыбеларускі рэжым прыслаў цынічны адказ на заяўку Партыі аб правядзеньні мерапрыемстваў у парку Янкі Купалы ў цэнтры сталіцы, пасылаючы беларусаў на балота (пл. Бангалор), куды псэўдаапазыцыя апошнія гады заводзіць людзей, прыніжаючы разам з уладамі чалавечую годнасьць нашага народу. Вялікая грамада прышла на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у Курапаты.
Каля вялікага Крыжа Памяці людзі прасьпявалі гімн “Магутны Божа”, усклалі вянкі і кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы. Над грамадой луналі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Быў заслуханы зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, “Мы, беларусы, мусім перамагчы Чарнобыль!” (тэкст прыкладаецца). Выступіў Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Ён нагадаў, што не выпадкова беларусы ў дзень памяці аб ахвярах Чарнобыльскай катастрофы ідуць у Курапаты і на іншыя месцы пакутніцтва нашага народу. Ахвяры Чарнобыля, ахвяры сталінскага генацыду – гэта ўсё ахвяры акупанцкай расейскай улады на нашай зямлі. Цяперашні рэжым працягвае зьнішчэньне нашага народу: сотні тысячаў людзей ня выселены з атручаных радыяцыяй раёнаў, яны жывуць і працуюць там, вытвараюць шкодную для здароўя прадукцыю. Прамаскоўскі рэжым груба падманвае людзей, кажучы, што небясьпекі для здароўя ўжо няма – працягваецца жудасны экспэрымэнт над нашым народам. Арганізатары і выканаўцы гэтага экспэрымэнту абавязкава будуць прыцягнуты да суду. Немагчыма вырашыць сацыяльныя, экалягічныя і гуманітарныя праблемы, зьвязаныя з разбуральнымі наступствамі катастрофы, пакуль на Беларусі ня будзе ўсталявана народная, беларуская, дэмакратычная ўлада, пакуль наша краіна ня вырвецца з каляніяльнай залежнасьці ад Масквы.
Потым грамада прайшла пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі па Крыжовай алее да Кальварыі, дзе ўсталяваны тры вялікія крыжы. Выступіў Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён узгадаў, што ў Маскве ўзнагародзілі і назвалі героямі расейскіх лётчыкаў-злачынцаў, якія пасьля чарнобыльскага выбуху апусьцілі на Беларусь атручаныя радыяцыяй аблокі. Расея – арганізатар катастрофаў у беларускай гісторыі – не раскаялася, краіна-агрэсар зноў спрабуе захапіць і зьнішчыць нашу краіну і наш народ. Каб не паўтарыліся на нашай зямлі расейскія злачынствы, беларусы мусяць бараніць Бацькаўшчыну, мусяць падтрымаць Беларускую альтэрнатыву. А альтэрнатывай расейскаму варварству і рабству ёсьць дэмакратычная эўрапейская Беларусь.
Людзі, сьпяваючы гімн “Магутны Божа”, усклалі кветкі да крыжоў на магілах пакутнікаў, запалілі сьвечкі і зьнічы. Некалькі міліцэйскіх начальнікаў і афіцэр КГБ у цывільным (ён усьцяж не хацеў назваць свае прозьвішча і пасаду) патрабавалі, каб людзі прыбралі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Але марныя спробы прадстаўнікоў рэжыму былі заглушаныя чытаньнем Малітвы за Беларусь.