23 красавіка 2005 года сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ працавалі ва ўрочышчы “Курапаты”, дзе дзякуючы самаадданай і руплівай працы беларусаў паўстаў Крыжовы народны помнік бязьвінным ахвярам расейскай савецка-камуністычнай імпэрыі ў 1937-1941 г.г.
Уладкавалі і ўпрыгожылі кветкамі пляц каля вялікага Крыжа “Пакутаў”, які быў ўсталяваны ў 1989 годзе па ініцыятыве і непасрэдным удзеле лідэра Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка. Агледзелі і прыбралі крыжовыя алеі, мясьціны вакол сотняў асобных крыжоў. Падладзілі і ўсталявалі на свае месцы некалькі паламаных крыжоў.
Пасьля працы людзі сабраліся каля Крыжа “Пакутаў”, запалілі сьвечкі, прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Гаварылі пра важнасьць працы ў Курапатах. Пра правільнасьць ініцыятывы Зянона Станіслававіча Пазьняка па ўладкаваньні ў Курапатах Народнага крыжовага помніка. Сьвятыя крыжы стаяць вакол урочышча Курапаты і абараняюць народную памяць. Важна гэта цяпер, калі ўладу ў Беларусі і Расеі трымаюць прадстаўнікі злачыннай арганізацыі, калі ідзе спроба прыхаваць і зафарбаваць злачынствы НКВД і Сталіна, калі ў Беларусі наводзяцца турэмныя парадкі.
Праца па ўмацаваньні Крыжовага народнага помніка “Курапаты” працягваецца. Кожную суботу людзі будуць прыходзіць у Курапаты і рабіць сьвятую справу. Кожны беларус можа прыехаць сюды і ўсталяваць Крыж памяці. Кожны можа ахвяраваць, альбо сабраць ахвяраваньні на Крыж памяці.
26 красавіка а 18 гадзіне сябры Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ зьбяруцца ў Курапатах каля Крыжа “Пакутаў” і запаляць сьвечкі ў памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі.