Свабода Беларусі. Зварот да Эўракамісіі Эўрапейскага Зьвязу

22 красавіка 2005 г.

Навіны

Да: Эўракамісіі Эўрапейскага Зьвязу, Спадара Гаўера Саляны
Ад: Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

СВАБОДА БЕЛАРУСІ

Беларусь і Беларускі Народ вось ужо дзесяць гадоў церпяць ад антыбеларускага недэмакратычнага рэжыму А. Лукашэнкі, устаноўленага на Беларусі пры дапамозе вялікадзяржаўнай палітыкі Масквы.

Але кагэбісцкім антынародным рэжымам Пуціна ў Расеі і Лукашэнкі ў Беларусі надыходзіць канец. Высьпявае рэвалюцыя, дзе галоўнай сілай стане наш народ. Беларусь пойдзе сваім свабодным эўрапейскім шляхам, створыць новае стабільнае становішча ва Усходней Эўропе, заснаванае на прынцыпах ўзаемапавагі і справядлівасьці ў грамадзтве і паміж народамі-суседзямі.

Мы маем надзею, што прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу ня стануць падтрымліваць імкненьні рэжыму Пуціна ў якой бы там ні было форме ўплываць на палітычныя падзеі на Беларусі. Бо “уплыў” улады Пуціна можа быць толькі шкодным для разьвіцьця свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Спадзяемся, што кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу не дапусьціць, каб рэжым Пуціна меў магчымасьць выкарыстаць (напрамую ці ўскосна) пагадненьні паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй у якасьці “дазволу” на рэалізацыю інкарпарацыі Беларусі праз антыканстытуцыйную так званую “саюзную дзяржаву” альбо праз псэўдарэвалюцыю ці праз іншы мэханізм.

Мы не прызнаем і не пацерпім ніякіх формаў умяшальніцтва пуцінскай Расеі ў нашыя беларускія рэвалюцыйныя справы.

Мы спадзяемся, што добрыя намеры супрацоўніцтва з разумнай Эўропай, якія высьпяваюць у беларускім грамадзтве, атрымаюць свой працяг і станоўчае ўвасабленьне потым, пасьля ліквідацыі прарасейскага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

13 – 18 красавіка 2005 г.

Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

** Юры Беленькі ** Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

** Сяргей Папкоў** Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ,