Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

10 красавіка 2005 г.

Навіны

10 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ:

“Нам выпала жыць у вельмі цяжкі час чалавечай гісторыі, калі зьнікае, падае культура і знутры бэсьціцца, разбураецца хрысьціянскі чалавек, перайначваецца ягоная душа, зьнікае ідэальная сутнасьць. Гэтакую зьяву Эўропа перажывала 400-500 гадоў таму. Але тады рэлігійнае грамадзтва знайшло сілы ўнутры сябе і перамагло заразу духоўнага разбурэньня. У цяперашняй бязбожнай Эўропе такіх сілаў ужо амаль не засталося. Рэлігія, культура, мастацтва, маральнасьць у гэтым сьвеце ўвогуле перастаюць быць каштоўнасьцямі і замяняюцца сурагатам.

У гэтых умовах нам, беларусам, робіцца асабліва складана, бо нашая нацыянальная кансалідацыя была штучна стрыманая стагоддзем расейска-бальшавіцкай акупацыі, а нацыянальная культура адчувальна разбурана акупантамі. Наша неабходнасьць культурна адрадзіць краіну і нацыянальна скансалідаваць грамадзтва спатыкае пасыўную (Эўропа) і агрэсіўную (Расея) варожасьць сучаснага сьвету. Для нас,беларусаў, гэта стала праблемай найперш з прычыны нацыянальнай пасыўнасьці бальшыні нашага цяперашняга грамадзтва.

На антынацыянальнай пазыцыі лібэралы Захаду і імпэрыялісты Расеі знаходзяць супольныя інтарэсы. Мы гэта разумеем і павінны даносіць інфармацыю да іншых. Але змаганьне на два франты вымагае разумнай тактыкі.

На сёньняшні дзень расейскі іпэрыялізм і цяперашні акупацыйны рэжым на Беларусі зьяўляюцца нашымі галоўнымі палітычнымі ворагамі. Заходні лібэралізм ёсьць яшчэ ў асноўным ідэялягічным непрыяцелем. У нашым беларускім цяперашнім змаганьні мы павінны гэта мець на ўвазе і правільна будаваць сваю тактыку барацьбы, улічваючы галоўнае, першачарговае і наступнае, апэратыўнае і пазыцыйнае.

Наконт Эўрапалітыкі ў дачыненьні да Беларусі мы не павінны мець ілюзіяў, але ня мусім нажываць сабе актыўных ворагаў. Так ці інакш Эўропа ёсьць і павінна быць нашым саюзьнікам і разам з разумнай Эўропай мы павінны будзем змагацца зь лібэральным вычварэнствам у ідэялёгіі і палітыцы.

Першасная небясьпека для нас заўсёды была і застаецца з Расеі.

Спатыкаючыся з калегамі, я казаў пра неабходнасьць падрыхтоўкі людзей, якія будуць працаваць на падтрымку беларускай альтэрнатывы ў выбарах прэзыдэнта. Гэтую працу трэба актывізаваць, бо запаснога часу ўжо не засталося. Важна не страціць час цяперашні.

Чуючы выказваньні заангажаванай публікі (так званай “апазыцыі”) бачыш характэрную карціну: ніхто зь іх ня верыць у перамогу, у посьпех справы, за якую яны нібыта бяруцца; ніхто зь іх ня любіць наш народ і больш таго – схільныя менавіта яго абвінавачваць ва ўсіх бедах. Сімптаматычна, што ўсе яны пагаджаюцца, што Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах. Зразумела, што як і ў афёры мінулагодняга незаконнага рэфэрэндуму, гэтая група будзе выконваць сваю ролю сьлепа і не задумваючыся. Зразумела таксама, што паступова яе роля будзе ськіравана толькі на перашкоду нам.

Актывізацыя Масквы па зьнішчэньні цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі, па разбурэньні беларускай аўтакефальнай царквы і па стварэньні сваіх агентурна кіруемых эміграцыйных арганізацыяў дасягнула цяпер размаху большага, чым за часы халоднай вайны і вядзецца амаль адкрыта як у Амэрыцы, гэтак і ў Эўропе.

Нядаўна (у пачатку красавіка) адыёзны Ганс Вік, напрыклад, запрасіў бэльгійскіх “шурыкаў-пікетчыкаў” (якіх мы добра ведаем яшчэ ў БНФ) пад выглядам “апазыцыйных эмігранцкіх палітыкаў” у Бэрлін, у Бундэстаг і ў МЗС Нямеччыны. Там ім нават пытаньні задавалі пра “правы чалавека”.

Але гэта камічныя дробязі. Ёсьць тэндэнцыі значна больш сур’ёзныя і трывожныя. Усё гэта сьведчыць пра стратэгію Масквы. Ідзе вайна за Беларусь і рыхтуецца вялікая атака, дзеля якой не шкадуюць сродкаў, дыпляматыі і агентуры. Проста так “дзеля мастацтва” ці “спартыўнага інтарэсу” такія справы за мяжой (дзеяньні супраць беларускай палітычнай эміграцыі) ня робяцца.

         Паважаныя сябры, пасьля падзеяў у Кіргізіі цяпер шмат дзе людзі абыякавыя і неабыякавыя задаюць пытаньне, а хто наступны? Памятайма простую праўду – як хлеб, як пясок. Калі наступнай стане Беларусь бяз нас, то гэта будзе супраць нас і супраць Беларусі. Рэвалюцыя мусіць быць беларускай. Не павінна быць больш на Беларусі чужых рэвалюцыяў. Дык жыве Беларусь! Жыве вечна!”

З дакладамі выступілі Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны ахарактарызавалі палітычнае і эканамічнае становішча ў краіне. Паводле дакладчыкаў, Масква і прарасейскі рэжым рыхтуюць пасьля шумных сьвяткаваньняў 9 траўня сёлета шэраг дзеяньняў па разбурэньні Беларускай дзяржавы, эканомікі і грамадзтва. Рыхтуецца прапагандысцкая кампанія, за якой ворагі Беларусі мяркуюць правесьці альбо прэзыдэнцкія выбары альбо рэфэрэндум па прыняцьці так званага “канстытуцыйнага акту”. Масква актыўна рыхтуе таксама ўвядзеньне расейскай (акупацыйнай) валюты на тэрыторыі Беларусі. Мэтай усіх гэтых антызаконных дзеяньняў зьяўляецца ліквідацыя незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Апошнія вайсковыя расейска-беларускія манэўры на тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка сьведчаць пра агрэсіўныя пляны Масквы ў дачыненьні да Заходняй Эўропы: на беларускіх аэрадромах і ў нашым небе дзейнічала стратэгічная авіяцыя Расеі з ядзернымі ракетамі, а расейскія генэралы публічна заяўлялі, што “беларускія аэрадромы служаць для скачка расейскім самалётам”. Працягваецца сумесная праца канстытуцыйных судоў Беларусі і Расеі над незаконным “канстытуцыйным актам”. Расейскія палітыкі робяць публічныя заявы пра неабходнасьць засяленьня Расеі мільёнамі імігрантаў, якія будуць працаваць у Сібіры і на Поўначы (маюцца на ўвазе беларусы, якіх плянуецца выціснуць з разбуранай, зьбяднелай Беларусі ў Расею). Дзеля гэтага акупацыйны прарасейскі рэжым разбурае беларускую эканоміку і бізнэс, зьнішчае беларускую культуру і мову. Апошні “дэкрэт” Лукашэнкі аб “возрождении села” – гэта ёсьць праграма канчатковага разбурэньня беларускай вёскі і эканомікі ў цэлым. Лукашэнка зацьвердзіў выдаткаваць на “праграму” толькі ў гэтым годзе 10 трыльёнаў рублёў ($ 5 мільярдаў), што складае больш за палову гадавога дзяржаўнага бюджэту. “Праграма” не была абмеркавана грамадзтвам, вялізарныя фінансавыя сродкі будуць змарнаваны і скрадзены. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ павінны мабілізаваць грамадзтва на супраціў агрэсіўным антыбеларускім плянам Масквы і мясцовай дыктатуры. Неабходна супрацьпаставіць ворагам нашу беларускую альтэрнатыву, нашага беларускага кандыдата – Зянона Пазьняка. Увесь народ у адпаведнасьці Канстытуцыяй павінен абараняць Бацькаўшчыну. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ