Канфэрэнцыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

4 красавіка 2005 г.

Навіны

3 красавіка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ правяла ў Менску традыцыйную ІV канфэрэнцыю “Ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі і Адраджэньне Беларусі”. У ДК МАПІД сабралася вялікая грамада, заля была ўпрыгожаная Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Канфэрэнцыя распачалася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Грамада ўшанавала хвілінай маўчаньня памяць папы рымскага Яна-Паўла ІІ, вялікага рэлігійнага дзеяча, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў служэньню Богу і чалавецтву, нястомна працаваў дзеля справы пагадненьня і дружбы паміж людзьмі і народамі розных рэлігіяў. Быў заслуханы даклад кандыдата мастацтвазнаўчых навук Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, “Ідэалы БНР у кантэксьце часу” . З дакладамі выступілі доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, кандыдат пэдагагічных навук Уладзімер Старчанка, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі, якія распавялі пра падзеі 1918 году, пра гістарычнае значэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі Юры Беленькі і намесьнік старшыні Фронту і Партыі Сяргей Папкоў выступілі з дакладамі на тэму сучаснага палітычнага і эканамічнага становішча ў Беларусі і барацьбы патрыётаў супраць расейскага імпэрыялізму. Адказны сакратар Управы Сойму Фронту і Партыі Алесь Чахольскі прысьвяціў свой выступ абароне Курапатаў — сьвятыні беларускага народу. Сакратар Управы Сойму Фронту і Партыі Валеры Буйвал выступіў з дакладам “Беларусы на румынскім фронце ў 1917-18 гг.” Удзельнікі канфэрэнцыі дзяліліся думкамі, абмяркоўвалі гісторыю і сучасныя праблемы. Усе прыйшлі да агульнай высновы, што дзякуючы рэвалюцыйнаму ўздыму 1918 году і абвяшчэньню незалежнасьці БНР існуе цяперашняя Беларуская дзяржава, наш народ мае гістарычную пэрспэктыву вольнага і цывілізаванага разьвіцьця.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ