Сьвяточны канцэрт на Дзень Волі

26 марта 2005 г.

Навіны

26 сакавіка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ арганізавала ў Менску сьвяточныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 87-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У зале ДК Трактарнага заводу сабралася вялікая грамада, якая распачала вечарыну сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Быў заслуханы зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, “Найвялікшае сьвята беларусаў”. З віншавальным словам выступіў таксама Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў ў Беларусі старшыні Фронту і Партыі. У зале луналі Бел-Чырвона-Белыя нацыянальныя сьцягі. Канцэртную праграму выканаў вядомы гурт “Ветах”. Маладыя выканаўцы – майстры беларускага аўтэнтычнага народнага мастацтва – выканалі сьпевы і танцы розных рэгіёнаў Беларусі. Панавала атмасфэра сапраўднага народнага сьвята. Беларуская культура, песьня – як ва ўсі пэрыяды нашай гісторыі – ёсьць апірышчам нацыянальнага духу, крыніцай аптымізму. “Жыве Беларусь!” – гучаў у гэты вечар лёзунг Беларускага Адраджэньня.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ