Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.

З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых. І ў адзін голас зьліецца, У адзін магучы. 1906 год. Янка Купала

БЕЛАРУСКІЯ ГІМНЫ

Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мелёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.

Вядома, напрыклад, гісторыя французскай салдацкай песьні Марсельеза, што стала гімнам Францыі, ці мазуркі «Ешчэ польска не згінэла», якая стала ў 1918 годзе дзяржаўным гімнам Польшчы. Дзяржаўны заказ на стварэньне гімну ёсьць блюзьнерства. Што з гэтага атрымліваецца, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых «рэспублік свабодных». Гімны найчасьцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэньне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю. У пачатку XX стагоддзя гімнам Беларускага адраджэньня найчасьцей гучаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе…» на музыку Людаміра Рагоўскага. ЁН так і называўся «Беларускі гімн».

Пазьней, пасьля ўтварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах, шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы вьйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша Макара Краўцова, напісанага ў 1919 годзе (музыка Ул. Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі. Яго сьпявалі паўсюдна змагары ў заходняй Беларусі, потым ён гучаў у часы Другой Сусьветнай вайны і цяпер гучыць ва ўсім сьвеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.

З часоў Другой Сусьветнай вайны, падзеі якой стымулявалі беларускае нацыянальнае адраджэньне, паўсюдна гучыць поруч з гімнам БНР беларускі духоўны гімн «Магутны Божа». Гэта знакаміты верш Натальлі Арсеньневай (музыка М.Равенскага). Надзвычай велічная ўзьнёслая і ўрачыстая мелёдыя і зьмест гімна гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта ўсё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі - «Магутны Божа». Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца сьпевам «Магутны Божа».

Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны - дзяржаўны і духоўны. Кожны заняў сваё месца. Кожны сьпяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашу волю, наш дух, наша беларускае сэрца. Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.

Зянон Пазьняк


**НЕ ЗАГАСНУЦЬ ЗОРКІ Ў НЕБЕ ** Верш Янкі Купалы Музыка Міколы Янчука, гарм. Міколы Равенскага

Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе, - Не загіне край забраны, Покі будуць людзі.

Ночка цёмная на сьвеце Вечна не начуе; Зерне, кінутае ў ніву, Ўсходзіць ды красуе.

Наша зерне - нашы думкі - Не загінуць сьвету, - Бліснуць краскай непаблеклай Вечных агняцьветаў.

3 добрых думак, што мы кінем На сваім дзірване, Будзе ўнукам нашым жніва - Доля, панаваньне.

Беларускаю рукою Сьветлай праўды сіла Славу лепшую напіша Беларусі мілай.

Зацьвіце яна, як сонца Пасьля непагоды, Ў роўнай волі, ў роўным стане Між усіх народаў.

Не загіне край забраны, Покі жывы людзі, - Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе.

** Гэты верш-прысьвячэньне “Нашай ніве” дасланы Янкам Купалам зь Пецярбургу ў 1911 да яе пяцігоддзя (№47-48). Пакладзены на музыку Міколам Янчуком, твор выконваўся як гімн у асяродку беларускіх патрыётаў.*

МЫ ВЫЙДЗЕМ ШЧЫЛЬНЫМI РАДАМI Тэкст Макара Краўцова Музыка Ўладзімера Тэраўскага

Мы выйдзем шчыльнымi радамi На вольны родны свой прастор, Хай воля вечна будзе з намi, А гвалту мы дамо адпор, Дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускi вольны дух, Вольны дух! Штандар наш бел-чырвона-белы Пакрыў сабой народны рух.

На бой! За шчасьце i за волю Народу слаўнага свайго! Браты, цярпелi мы даволi… На бой - усе да аднаго! Да аднаго!

Iмя i сiлу беларуса Няхай пачуе й бачыць той. Бачыць той! Хто сьмее нам нясьцi прымусы I першым выклiча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзiм: Хай гром грымiць яшчэ мацней! Ў крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублiкi сваёй! Жыцьцё Рэспублiкi сваёй! MP3 (1.49 mb)

МАГУТНЫ БОЖА Верш Натальлі Арсеньневай Музыка Міколы Равенскага

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў, Вялiкiх сонцаў i сэрц малых! Над Беларусяй, цiхай i ветлай, Рассып праменьне свае хвалы.

Дай спор ў працы, будзённай, шэрай, На хлеб штодзённы, на родны край, Павагу, сiлу i велiч веры У нашу праўду, у прышласьць - дай!

Дай урадлiвасьць жытнёвым нiвам, Учынкам нашым пашлi ўмалот! Зрабi магутнай, зрабi шчасьлiвай Краiну нашу i наш народ! MP3 (1.83 mb)

ПАГОНЯ Верш Максіма Багдановіча Музыка Міколы Куліковіча

Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах, - Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца конi, Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць - Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляцiце, А за вамi, прад вамi - гады. Вы за кiм у пагоню сьпяшыце? Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

Мо яны, Беларусь, панясьлiся За тваiмi дзяцьмi ўздагон, Што забылi цябе, адраклiся, Прадалi i аддалi ў палон?

Бiце ў сэрцы iх - бiце мячамi, Не давайце чужынцамi быць! Хай пачуюць, як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць.

Мацi родная, Мацi-краiна! Ня ўсьцiшыцца гэтакi боль… Ты прабач, Ты прымi свайго сына, За Цябе яму ўмерцi дазволь!..

Ўсё лятуць i лятуць тыя конi, Срэбнай збруяй далёка грымяць… Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць. MP3 (2.10 mb)


“Кожны народ мае свой асаблівы духоўны характар, які знаходзіць найбольшае адбіцьцё ў яго песьнях. Песьня кажа, ці народ паднявольны, ці свабодны, легкадумны ці сур’ёзны, духоўна самабытны ці не самабытны. Песьня народа - гэта сапраўдная чалавечая душа. Народ адчувае ў сабе вялікую духоўную моц, ён шукае прастору сваім “песьням і сілам”. I дзеля таго, каб даць выхад гэтай сіле, каб у братніх сэрцах сярод цемры і бяспуцьця загарэліся новыя агні, каб паліліся крыніцаю новыя бадзёрыя думы, неабходна даць народу родную, па-мастацку апрацаваную песьню. Бо песьня злучае народ, яна ўсьведамляе яго і дае сілы змагацца за лепшае заўтра.” Рыгор Шырма

Песьня, як і мова, жывіць беларускую душу адвечнаю прагаю справядлівасьці і салідарнасьці. Таму і не ўдаецца асімілятарам ды захопнікам усіх масьцей адлучыць нас, беларусаў, ад роднае беларускае мовы і беларускае песьні. I ў тым нашая еднасьць, нашая праўда і нашая воля. Песьня і мова сталіся вызначальнымі сымболямі змаганьня беларусаў супраць акупацыйнага рэжыму. Няхай гучаць беларускія песьні ў беларускай мове на ўсіх нашых сьвятах, шэсьцях, мітынгах!