** *Сяргей Папкоў ***
Беларусы і асабліва беларуская моладзь сталі суб’ектамі шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны. Інфармацыйная вайна, якую вядзе Масква супраць беларускага народа, мае безпрэцэдэнтны характар. Зьнішчыць беларускую дзяржаву, дзяржаўныя інстытуты беларускага народа, падпарадкаваць людскія рэсурсы, засяліць тэрыторыю Беларусі асаднікамі – вось што хаваецца за дзейнасьцю імпэрскіх акупантаў пад прыкрыцьцём тэрміна “інтэграцыя Беларусі і Расеі”, за так званай “саюзнай дзяржавай”. Апэрацыі інфармацыйнай вайны маюць татальны характар і праводзяцца ва ўсіх сфэрах унутранага і міжнароднага жыцьця беларусаў.
Гэты матэрыял толькі пазначае тэму. Маладыя беларусы, якія зьвяртаюцца да палітычных пытаньняў, павінны навучыцца фільтраваць варожую інфармацыю.
Вораг выкарыстоўвае і інтэрнэт-прастору. Відавочна, што створана цэлае падразьдзяленьне “інфармацыйных агентаў уплыву”, якое дзейнічае на беларускіх інтэрнэтаўскіх сайтах і форумах. Не застаўся бязь іх “увагі” і сайт і форум “Беларускай Салідарнасьці”. Адны дзейнічаюць нахабна адкрыта, іншыя – закамуфлявана, як яны лічаць «вытанчана». Вось узорчык такой «вытанчанай працы» Скутара на http://www.bielarus.net/forums/index.php?showtopic=29&st=0&#entry265
- Як я ўжо пісаў вышэй - пакуль сп. Зянон Пазьняк адсутнічае на Беларусі, рэальную групу падтрымкі сабе ён і ягоная каманда ніколі не зьбярэ, асабліва калі ўлічыць 2 галоўныя фактары: інфармацыйны вакуум у СМІ, і нявер’е ў Перамогу нават прыхільнікаў сп. Пазьняка. Асабіста я бачу толькі 1 больш-менш рэальны варыянт вяртаньня сп. Пазьняка ў Беларусь - гэта пагадзіцца на кампраміснага кандыдата, бо ня можа быць такога, што ва ўсёй Беларусі ня знойдзецца такога чалавека, які б мог хоць у якойсьці ступені задаволіць памкненьні сп. Пазьняка. І калі ён пераможа, тады і вяртаньне будзе магчымым, і як сьлед - дзейнасьць ужо ў Беларусі
- Рэпрэсii, па ВАШЫМ вяртаньнi сюды, ў дачыненьнi да ВАС, вядома ж будуць, але ёсьць як мiнiмум 2 фактары, якiя ўсё ж даюць надзею на жыцьцё i змаганьне:
- (як я ўжо пiсаў раней) Лукашэнка фiзiчна ня зьнiшчыў нiводнага рэальнага апазыцыянэра, бо Захаранка, Ганчар, и г.д. - гэта ўсё людзi зь ягонага атачэньня. (хоць магчыма ў зьнiшчальным сьпiсе ВЫ i былi кандыдатурай №1, ня ведаю…)
- змаганьне за Беларусь тут, нават седзячы ў вязьнiцы, магчыма прынясе большы сукупны плён, чым змаганьне з-за мяжы (што да ўнутрыпалiтычнага становiшча, дык дакладна), паглядзiце, як узьнялi вэрхал вакол Марынiча…
З усёй гэтай слоўна-аўтаматнай чаргі зьвернем увагу на «прапанове» Зянону Станіслававічу Пазьняку прыехаць і сесьці ў турму. Гэтая прапанова ўкідываецца ў беларускае грамадзтва ня першы раз і з розных крыніцаў. Нават былыя «сябры-добразычліўцы» выказвалі яе неаднаразова. Маскве хацелася б ізаляваць Зянона Станіслававіча, каб на Захадзе непасрэдна не ўздымалася галоўнае беларускае пытаньне, а менавіта, пытаньне агрэсіі Расеі супраць Беларусі. Наконт вэрхалу адносна турэмнага ўтрыманьня сп.Марыніча. Па чалавечы шкада Міхаіла Афанасавіча. Аднак, такая сутнасьць рэжыму, якому ён аддана служыў. Каб адцягнуць увагу ад галоўнага беларускага пытаньня, рэжым па загаду Масквы без шкадаваньня зьняволіць столькі сваіх служкаў, колькі спатрэбіцца. Гэта і ёсьць сутнасьць гэбізму, якую Зянон Пазьняк раскрыў у працы «Беларуска-расейская вайна».
Тое, што расейскі гэбізм інфармацыйную зброю зрабіў сталай прыладай сваёй палітыкі, сьведчаць «навуковыя» распрацоўкі расейскіх спэцоў. Ніжэй прыведзены ўрыўкі з адной такой працы маёра С.В.Маркава, слухача Ваеннага ўнівэрсытэту (у перакладзе на беларускую мову).
Аб некаторых падыходах да вызначэньня сутнасьці інфармацыйнай зброі. (Информационный сборник «Безопасность», №1-2, январь-февраль 1996 г.) (урыўкі)
…Інфармацыйная зброя (ІЗ) – гэта спэцыяльна падабраная інфармацыя, пад узьдзеяньнем якой адбываюцца зьмены інфармацыйных працэсаў у інфармацыйных сістэмах (фізічных, біялагічных, сацыяльных і г.д.) у адпаведнасьці з задумкай суб’екта яго прымяненьня.
Асноўнымі аб’ектамі ўздзеяньня ІЗ можна лічыць: інфармацыйна-тэхнічныя сістэмы; чалавек, сацыяльныя сістэмы.
Прымяненьне інфармацыйнай зброі трэба разглядаць як у шырокім, так і ў вузкім сэнсе разуменьня. У шырокім сэнсе разуменьня ІЗ можа выкарыстоўвацца нашмат раней да пачатку вядзеньня баявых дзеяньняў, а ў некаторых выпадках баявыя дзеяньні ўвогуле могуць не плянавацца і змаганьне за дасягненьне мэтаў супроцьборства носіць выключна інфармацыйны характар. Пры гэтым асобна ўлічваецца адмоўнае інфармацыйнае ўзьдзеяньне на кіруючыя сістэмы ў дзяржаве: палітычныя, эканамічныя, духоўныя, сацыяльныя, ваенныя і г. д.
У вузкім сэнсе … прымяненьне ІЗ павінна спрыяць абцяжарваньню атрыманьня праціўнікам своечасовай, поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, што прывядзе да выпрацоўкі неадэкватных рашэньняў і таму прымусіць дзейнічаць сабе на шкоду.
Асобнай складнай часткай прымяненьня ІЗ зьяўляецца інфармацыйнае ўзьдзеяньне, якое выяўляецца як:
- інфармацыйна-тэхнічнае ўзьдзеяньне;
- інфармацыйна-псыхалягічнае ўзьдзеяньне.
З разьвіцьцём вылічальнай тэхнікі, аўтаматызаваных сістэмаў кіраваньня, электронных сістэмаў інфармацыйнага абмену і г.д. зьяўляюцца новыя, атакуючыя сродкі інфармацыйнага ўзьдзеяньня, да якіх можна далучыць: кампутарныя вірусы, здольныя памнажацца, перадавацца па лініям сувязі і сеткам перадачы дадзеных, інфільтравацца ў электронныя тэлефонныя станцыі і сістэмы кіраваньня і псаваць іх; лягічныя бомбы, так званыя праграмныя прылады, заранёў убудаваныя ў інфармацыйна-кіруючыя цэнтры ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры, якія па сігналу або ў вызначаны час запускаюцца ў дзеяньне, зьнішчаюць або псуюць інфармацыю або дэзарганізуюць працу праграмна-тэхнічных сродкаў;
З дапамогай ІЗ могуць вырашацца наступныя задачы: стварэньне атмасфэры напружанасьці і нестабільнасьці ў грамадзтве; правакаваньне сацыяльных, палітычных, нацыянальных і рэлігійных канфліктаў; ініцыіраваньне страйкаў, масавых беспарадкаў і іншых акцыяў эканамічнага пратэсту; стварэньне атмасфэры бездухоўнасьці і адсутнасьці маралі, адмоўных адносінаў да культурнай спадчыны.
У палітычнай сфэры з дапамогаю ІЗ могуць вырашацца наступныя задачы:
- маніпуляваньне грамадзкай сьведамасьцю і палітычнай арыентацыяй сацыяльных групаў насельніцтва краіны з мэтай стварэньня палітычнай напружанасьці і бязладзьдзя;
- дэстабілізацыя палітычных дачыненьняў паміж партыямі, аб’яднаньнямі і рухамі з мэтай правакаваньня канфліктаў, распальваньня недаверу, падазрэньняў, абвастрэньня палітычнай барацьбы, падаўленьня апазыцыі і ўзаемазьнішчэньня;
- разбурэньне структураў і сістэм фармаваньня грамадзкай думкі, уключаючы працэс выяўленьня, вывучэньня, аналізу і інтэрпрэтацыі падзеяў і фактаў;
- інфармацыйная падтрымка агентаў уплыву, якія садзейнічаюць дэзарганізацыі палітычных, эканамічных, сацыяльных, духоўных, ваенных структураў.
Па меркаваньні ваенных экспэртаў, новыя віды інфармацыйна-псыхалягінай зброі адлюстроўваюць тэндэнцыю пераходу ад войн індустрыяльнай эпохі са зьнішчэньнем праціўніка да войнаў эры інфарматыкі, калі упор робіцца на тым, каб паралізаваць, дэмаралізаваць, праціўніка, не абавязкова зьнішчая яго фізічна.
Узьдзеяньне ІЗ на вайскоўцаў і насельніцтва зьвязана перш за ўсё з падаўленьнем волі да супраціву, «замбіраваньнем» псыхікі (маніпуляваньнем і перабудовай мысьленьня), праграмаваньнем паводзінаў людзей у паўсядзённых і баявых абставінах і, у рэшце рэшт, зь іх дэмаралізацыяй і псыхічнай дэградацыяй.