Сьмерцю героя загінуў Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя спадар Аслан Масхадаў. Беларускія патрыёты з захапленьнем сачылі за дзейнасьцю і змагарным жыцьцём гэтага вялікага палкаводца і палітычнага лідэра. Аслан Масхадаў – адзін з кагорты выдатных сыноў чачэнскага народу, якія давалі прыклад і будуць заўсёды натхняць на подзьвіг народы, якія вядуць змаганьне за волю супраць расейскай імпэрыі. Мужны ваяр, Аслан Масхадаў у найбольш драматычныыя моманты бітваў змагаўся ў першым шэрагу абаронцаў Бацькаўшчыны. Бліскучы стратэг і камандуючы, ён ўзначальваў нацыянальны супраціў і вёў чачэнскі народ у няроўным змаганьні супраць расейскіх агрэсараў. Выдатны палітык, Аслан Масхадаў увесь час заяўляў пра гатоўнасьць весьці мірныя перамовы, зьвяртаўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам да мірнага вырашэньня канфлікту. Расея – краіна-агрэсар – не зацікаўленая ў міры на Каўказе, палітыка Крэмля – гэта палітыка вайны і каляніяльнага захопу. Менавіта таму расейская ваеншчына на чале з Пуціным пайшла на подлае палітычнае забойства Прэзыдэнта Аслана Масхадава. Расея яшчэ раз прадэманстравала сваю сутнасьць – гэта крывавая імпэрыя, кіруемая крымінальнай арганізацыяй КГБ-ФСБ. Спадар Аслан Масхадаў загінуў. Але тысячы патрыётаў Чачэніі працягваюць гераічнае змаганьне, якое завершыцца Перамогай чачэнскага народу. Выказваем спачуваньні Ураду і народу Чачэніі, сям’і героя ў сувязі са сьмерцю Прэзыдэнта Аслана Масхадава.
Сойм Беларускага Народнага Фронту ”Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Менск