Юры Беленькі “Белорусская газета” ў нумары ад 21 лютага сёлета зрабіла рэклямны матэр’ял прысьвечаны кіраўніку АГП Анаталію Лябедзьку. Вартыя ўвагі словы сп. Лябедзькі працытаваныя газэтай. “Спортом я увлекаюсь с армейских времён. Пошёл служить практически по блату, обратившись за содействием к знакомому в КГБ в 1985г…”
Аляксандр Лукашэнка даўно ўжо не хавае свайго КГБэшнага палітычнага паходжаньня. Дзіўным было б, каб сп.Лябедзка, адзін з самых актыўных членаў лукашэнкаўскай каманды, якога Лукашэнка прызначыў афіцыйным прадстаўніком прэзыдэнта ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня і раптам аказаўся не з “канторскіх”. Як вядома, праколваюцца на дробязях. Хаця, якая тут, па вялікім рахунку, таямніца? У гэтай сувязі можна ўзгадаць удзел сп.Лябедзкі ў “аб’яднанай апазыцыі”, створанай былым кіраўніком нямецкай разведкі сп. Гансам Вікам сумесна з КДБ ( гл. прызнаньне Г.Віка ў “Белорусской газете” за 12 студзеня 2004 года ), пастаянныя паездкі сп. Лябедзькі ў Маскву для ўдзелу ў закрытых паседжаньнях СВОПа (Совета по внешней и оборонной политике) – арганізацыі, членамі якой зьяўляюцца прадстаўнікі розных спэцслужб Расейскай Фэдэрацыі , урэшце, прызнаньне зробленае ў інтэрв’ю радыёстанцыі “Свабода” 08.01.2002 года перабеглым на Захад агентам КГБ Жарнасекам пра гэтую “апазыцыю” Вось урывак з тэксту гэтага інтэрв’ю:
(Навумчык: ) “Што вы маеце на ўвазе?”
(Жарнасек: ) “Маю на ўвазе, што мы маглі б заняць суседнюю яміну на той самай паласе, бо ў нашай апазыцыі вельмі мала сумленных людзей і людзей з мазгамі. У іх звычайна, што ў галаве, то й на языку. Апрача таго, яна досыць насычаная тымі самымі агентамі ўплыву і гэтак званымі “сябрамі” супрацоўнікаў. Там ёсьць і КГБ, і Рада Бясьпекі, і асабістыя сябры самаго Шэймана, якія ўсе лічацца “ў апазыцыі”. Знаходзячыся ў ёй, яны яе фактычна кантралююць. Я спадзяюся, што ўсе зразумелі пра каго я гавару”.
(Навумчык: ) “Вы ня хочаце назваць нейкія прозьвішчы для эфіру?”
(Жарнасек: ) “… Яны ведаюць адзін аднаго”.
А нядаўні актыўны ўдзел Лябедзкі разам з “аб’яднанай апазыцыяй” ў акцыі па загонцы выбаршчыкаў на антыканстытуцыйны лукашэнкаўскі рэфэрэндум 17 кастрычніка 2004 года?
Цікава іншае, узгадаўшы КГБ, сп. Лябедзька аўтаматычна перайшоў на КГБэшны слэнг, ужыўшы ўстойлівы КГБэшны абарот “…обратившись за содействием…”. Як вядома, тэрмін “обратиться” мае агульнавайсковы ўжытак - ” обратиться с рапортом к начальнику, старшему по званию” і г. д.
Але ж выраз “обратиться за содействием” настолькі часта ўжываецца ў асяродку КГБ, што калі кагэбэшнікамі ствараўся Закон Рэспублікі Беларусь «Об органах государственной безопасности Республики Беларусь», яны ўключылі гэты выраз у якасьці дэфініцыі ў некалькіх артыкулах. А артыкул 22 Закону так і называецца “Лица содействующие органам государственной безопасности».
Як вядома любая прафэсія, асяродак у якім знаходзіцца чалавек, накладае адбітак на паводіны ды мову чалавека. Вось і сарвалася…
Прынамсі, да ведама чытачоў, якія могуць мець ілюзіі — “содействие” задарма КГБ ніколі не аказвае..