Юры Беленькі Газэта “Наша Ніва”, якая рэпрэзэнтуе сябе як “Першая беларуская газэта” у сваім нумары ад 25 лютага 2005 года прысьвяціла былому рэктару БДУ, антыбеларусу Аляксанндру Казуліну амаль пяць палос! Сярод матар’ялаў розных публітыстычных жанраў друкуюцца успаміны “студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, якія пацярпелі пры Казуліну”.
Уразіла меркаваньне адлічанага з факультэта міжнародных адносінаў, як сьцьвярджаецца у матар’яле, “за няздачу заліку па мэдычнай падрыхтоўцы” у 1997 годзе Сяргея Марцалева: “Што да Казуліна як кандыдата дэмакратычнай апазыцыі, у якасьці палітыка ён досыць пэрспэктыўная фігура і можа стаць цэмэнтуючым зьвяном, якога не ставала. Казулін сапраўды ў пэўнай ступені нясе адказнасьць за палітыку, што праводзілася ва ўнівэрсітэце. Але ён як чыноўнік мусіў ажыцьцяўляць лінію дзяржавы. Ён жа мог паводзіць сябе і больш жорстка.”
Спадар Марцалеў, мяркуючы па кантэксту, чалавек малады, дзяцінства і юнатства яго, пэўна, не супала з эпохай “разьвітога сацыялізму”. Таму даравальна магчымае няведаньне ім фальклёру тае пары, які быў нармальнай, здаровай рэакцыяй на маразматычную прапаганду расейска-савецкага рэжыму. Мяне ж гэтая эпоха зачапіла, то я падзялюся показкай з майго дзяцінства:
Да піянэраў у школу прыходзіць дзядуля які бачыў Леніна (які, як вядома было ўсім дзеткам Краіны Саветаў, быў самым чалавечным чалавекам і толькі і рабіў, што гладзіў дзетак па галоўцы і частаваў іх цукеркамі).
—Дзядуля, раскажы як ты бачыў Леніна, просяць піянэры.
— Меў я гадкоў столькі колькі і вы, — кажа дзядуля, —Бяжым мы па парку і бачым — на лаўцы сядзіць Ленін. — Дзядуля Ленін, дай цукерку, — просім мы. — А пайшлі б вы … , — кажа Ленін
— Што, так і сказаў? – зьдзіўляюцца піянэры
— А мог жа і шабляй секануць! — кажа дзядуля.
Быў час, зусім нядаўна, калі шмат казалася і пісалася пра тое, як важна нам, былым савецкім людзям, пазбаўляцца саўковасьці, “выціскаць зь сябе раба”, гэта значыць пазбаўляцца рабскай псыхалёгіі, выпростваць плечы, станавіцца свабоднымі людзьмі, не баяцца называць белае белым, чорнае – чорным, нягоднікаў – нягоднікамі. Але праз чатырнаццаць гадоў пасьля распаду савецкай імпэрыі, як бачым, саўковасьць, рабская мэнтальнасьць знаходзіць прытулак нават сярод людзей маладых і тых, што лічаць сябе дэмакратамі.