***Юры Беленькі *** Ці можна ўявіць, каб, да прыкладу, амэрыканская газэта, хай сабе і “жоўтая”, напісала: “…эсэсаўскія аддзелы актыўна мачылі зорна-паласатых…”? Пытаньне рытарычнае. Немагчыма. Прычым, ня толькі ў ЗША. У любой краіне немагчымая публічная зьнявага, з ужываньнем крымінальнай лексікі ў дачыненьні да змагароў за свабоду і незалежнасьць сваёй айчыны. Нават “жоўтая прэса” не пераступае праз пэўныя межы.
18 лютага сёлета ў “беларускай газэце” “Наша ніва” у матэр’яле такзванага Алега Новікава (друкуецца пад псэўданімам Лёлік Ушкін) чытаем: “Я добра стаўлюся да РСЧА, але мне не падабаецца, што чырвоныя беларусы актыўна мачылі бел-чырвона-белых беларусаў – слуцкіх інсургентаў ці “балахоўцаў”.
Пакінем у баку тое што сп. Новікаву “не падабаецца”, як і ўяўнае няведаньне гісторыі – як вядома, супраць слуцкіх паўстанцаў ніякія “чырвоныя беларусы” не ваявалі, такіх і ў прыродзе на той час не існавала, бальшавіцкі пераварот у нас рабілі чужаніцы. Супраць беларускіх паўстанцаў расейскія акупанты кінулі сібірскія аддзелы, укамплектаваныя ў пераважнасьці кітайцамі. Аўтар матэр’яла дапусьціў зьняважлівы выпад ў бок герояў-беларусаў і беларускага нацыянальнага сьцяга. За такое могуць абарваць не толькі вушы.
Але справа ня толькі ў вушах Л. Ушкіна. Становіцца ўсё больш відавочна, чаму антыбеларускі рэжым, задушыўшы значна больш ляяльныя да яго “русскіе” выданьні, дазваляе існаваць нібыта беларускай, нібыта апазыцыйнай газэце пад гістарычнай назвай “Наша Ніва”. Беларусы чытаюць на старонках “НН” такіх вось лёлікаў, у якіх публіцыстычны талент нават не начаваў, і разумеюць, што гэта ўжо даўно – не наша, а “Іхная Ніва” – газэтка салённых самазамілаваных асобаў, якія пасьлядоўна вядуць антыбеларускую справу пад брудным сьцягам блюзьнерства.