Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
(Навумчык: ) “Спадар Зянон, я прапанаваў бы прысьвяціць гутарку тэме беларуска-расейскіх дачыненьняў. Вы сьцьвярджаеце, што Лукашэнка выконвае волю Масквы. Але палітолягі адзначаюць, што ў апошнія год-два Лукашэнка адносна незалежнасьці Беларусі гаворыць літаральна “словамі Пазьняка”, ва ўсялякім разе, ён мае пэрманэнтны канфлікт з Масквой, з Пуціным. Ці ня бачыце Вы супярэчнасьці паміж гэтымі назіраньнямі і сваімі словамі?” (Пазьняк: ) “Калі яны кажуць, што Лукашэнка гаворыць словамі Пазьняка – дык трэба спытаць, а ці праводзіць ён палітыку Пазьняка? А то гэтыя так званыя палітолягі кажуць “А”, але ня кажуць “Б”. Тое, што Лукашэнка ёсьць стаўленікам Масквы і савецкага КГБ – гэта агульнавядома. Лукашэнка неаднаразова сьведчыў пра гэта сам, у сваіх выступах і інтэрвію, дзе ён казаў, што сваім узыходжаньнем ва ўладу ён абавязаны КГБ, а падтрымкай сваёй улады ён абавязаны Расеі і Маскве. Тут ён кажа праўду. Палітыка рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ёсьць часткай агульнай маскоўскай палітыкі агрэсіі супраць нашай краіны. Канчатковы вынік гэтай палітыкі такі: разбурэньне беларускай культуры, захоп беларускай эканомікі і тэрыторыі. Тое, што Лукашэнка знаходзіцца, нібыта, у канфлікце з Масквой – гэта практычна толькі спрыяе маскоўскай палітыцы. Таму што гэта зьяўляецца часткай агульнай гэбоўскай тэхналёгіі супраць нашай краіны. Я ўжо ня раз ілюстраваў гэта на прыкладзе так званага “газавага канфлікту”. Вынік – дэманстратыўнае падвышэньне камунальных аплатаў за газ, ацяпленьне і электрычнасьць. І – перацягваньне на свой бок некаторых асобаў з асяродзьдзя патрыятычнага электарату. Выдаткі ў выглядзе росту антырасейскіх настрояў пакрываюцца, як лічыць Масква, дасягненьнямі. А мэта такая: генэральным стратэгічным дзеяньнем Масквы ў захопе Беларусі ёсьць увядзеньне расейскага рубля ў Беларусь у якасьці адзіных грошай. Гэтая апэрацыя захопу нашай краіны будзе каштаваць для расейскага банку некалькі мільярдаў даляраў. Каб зьменшыць выдаткі агрэсіі, хаўрусьнікі прыдумляюць канфлікты з Лукашэнкам – за сувэрэнітэт, “мухі-катлеты”, “газавыя войны”… У выніку растуць цэны на камунальныя паслугі, плата за кватэру, і гэтак далей. Расея перакладвае выдаткі за агрэсію супраць Беларусі на саміх беларусаў. Вось што стаіць за “сувэрэнітэтчыкам” Лукашэнкам, які раней ня раз заяўляў, што сувэрэнітэт – гэта “ерунда”, і які цяпер таксама ведае, што робіць. Акрамя фальшывага, паказнога канфлікту, ёсьць таксама рэальны канфлікт, які разыгрываецца ў канкрэтных асобах. Гэта канфлікт груповак у сыстэме гэбізму, гэта грызьня саюзьнікаў за прыярытэты, за прыватныя інтарэсы, за ўладу над Беларусяй. Рэальны лёс беларускай нацыі ім абыякавы, альбо – ненавісны. У крымінальнікаў ўнутраныя разборкі носяць жорсткі характар, заканчваюцца забойствамі. Тое ж самае ў сыстэме гэбізму, паколькі яна зраслася з крыміналам. Прытым у Беларусі “разборшчыкі”, хоць на некаторых часам пячаткі няма дзе паставіць – яны трапляюць, як правіла, у ролю пакутнікаў апазыцыі… Тактыка гульні ў сувэрэнітэт правяраецца ўнутранай палітыкай. А яна як была антыбеларускай, так і засталася антыбеларускай. Яна стала яшчэ больш жорсткай. Яшчэ ў 1996 годзе і потым увесь час я пісаў і казаў, што палітыка Лукашэнкі ў Беларусі ёсьць экспэрымэнтальным рэжымам, палігонам для адпрацоўкі сыстэмы ўлады КГБ у Расеі. Пра гэта ж пісаў Васіль Быкаў, і іншыя фронтаўцы. І цяпер мы бачым, як расейскі гэбізм выкарыстоўвае напрацоўкі зь Беларусі, а Лукашэнка радуецца, думаючы, што гэта ён прыдумаў. Расея ў структуры імпэрыі, у сыстэме ўлады гэбізму ня ёсьць і ў прынцыпе ня можа быць дэмакратычнай краінай, а палітычны канфлікт беларускага грамадзтва з рэжымам Лукашэнкі ня ёсьць унутраным канфліктам, бо гэты рэжым ёсьць акупацыйны рэжым, і палітыка Лукашэнкі накіроўваецца Масквой. Таму рэальна гэта ёсьць канфлікт зьнешні. Гэта ёсьць неабвешчаная вайна Беларусі з праімпэрскай Расеяй”. (Навумчык: ) “Газэта “Наша Ніва” нядаўна напісала, што “пагрозы дзяржаўнасьці больш няма”. Ці можаце Вы з гэтым пагадзіцца, і калі не – дык, на Вашу думку, што магло б быць гарантам непарушнасьці незалежнасьці?” (Пазьняк: ) “Пагроза страты незалежнасьці Беларусі ня зьнікла, а павялічылася. Перад акцыяй захопу Ўкраіны ў лістападзе мінулага году (маецца на ўвазе выбары прэзыдэнта Ўкраіны) для Масквы паўстала задача: сьцішыцца на Беларусі, каб не спалохаць Украіну. Таму ў мінулым годзе інтэграцыяй у Беларусі быццам бы не займаліся, імпэт прыцішылі. Адразу пачалі паўтараць, што пагрозы незалежнасьці на Беларусі няма. Пасьля таго, як Масква абламала зубы аб украінскі народ, увесь удар яна захоча абрынуць на Беларусь. З пачатку гэтага году агрэсія пачалася. Гэта афёра з ПДВ (падатак на дабаўленую вартасьць). Гэта – сумесная афёра Масквы і яе рэжыму ў Беларусі. Зазначу, што гэта вельмі сур’ёзная атака, якая робіцца насуперак міжнароднаму праву і якая можа разбурыць увесь беларускі гандаль, эканоміку, стварыць сотні тысяч беспрацоўных, паставіць на калені ўсё грамадзтва. Гэтае апэрацыя рыхтавалася Масквой і рэжымам з 2003 году, прынятая яна ў верасьні мінулага году і ўведзеная ў дзеяньне з пачатку 2005 году. Практычная задача гэтай расейскай атакі такая: выціснуць працаздольнае беларускае насельніцтва на рабскую працу ў Расею. А тых, хто застанецца – непрацаздольнае насельніцтва – падштурхнуць да інтэграцыі з Расеяй, як да выхаду зь бядотнага становішча. Нагадаю ізноў: на пачатак лютага гэтага году зь Беларусі выштурхнулі ўжо на рабскую працу ў Расею адзін мільён беларусаў. Гэта больш чвэрці ўсяго працаздольнага насельніцтва Беларусі. Гарантам Незалежнасьці Беларусі можа стаць толькі сам беларускі народ. І пакуль гэта наш народ не зразумее (а наш народ – гэта мы ўсе, пачынаючы ад бамжа на вуліцы, і канчаючы прэм’ер-міністрам, народным артыстам) – дык вось, пакуль мы ўсе не зразумеем, што мы ёсьць гарантам нашай незалежнасьці – да гэтага часу мы будзем перажываць цяжкую долю”. (Навумчык: ) “Калі мы гутарым пра ролю Расеі ў беларускай палітыцы, дык не выпадае не ўзгадаць пра Вашу заяву, зробленую некалькі тыдняў таму на хвалях “Свабоды”, што Вы пагаджаецеся з прапановай сваёй партыі балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтая заява выклікала розгалас у Беларусі, некаторыя ў той жа “Нашай Ніве” і ў інтэрнэце пісалі, што Пазьняк – рэальная нацыянальная альтэрнатыва, але іншыя – і такіх шмат – адзначаюць, што ў сучаснай Беларусі нельга атрымаць перамогу, выступаючы зь не прарасейскіх пазыцыяў, ці, калі хочаце, з антырасейскіх пазыцыяў. У Літве такое магчыма, у Эстоніі такое магчыма, а ў Беларусі – не. Гэта, як кажуць прагматыкі, “real politic”…” (Пазьняк: ) “На Беларусі, дзе ўлада захопленая антыбеларускімі сіламі чужой краіны, якой бы не была сыстэма выбараў і фальсыфікацыйная машына, у прэзыдэнцкіх выбарах павінна быць беларуская нацыянальная альтэрнатыва рэжыму. Гэта – абавязкова. Толькі тады ўзьнікае магчымасьць барацьбы і магчымасьць перамогі. Адсутнасьць нацыянальнай альтэрнатывы на выбарах ёсьць параза. Бо выбары будуць праводзіць тады чужыя сілы, і народ змусяць галасаваць за чужых. Гэткую сытуацыю рэжым і ягоная “апазыцыя” стварылі ў 2001 годзе, выставіўшы падстаўную фігуру былога намэнклятуршчыка Ганчарыка. Такую ж сытуацыю яны хочуць стварыць і цяпер. Дарэчы: толькі ў гэткай сытуацыі, гэта значыць, пры адсутнасьці нацыянальнай альтэрнатывы, магчымы байкот прэзыдэнцкіх выбараў. Ня трэба іх блытаць з байкотам выбараў у парлямэнт, тут розныя зьявы і розныя падыходы. Дык вось, беларуская нацыянальная альтэрнатыва супраць прарасейскага акупацыйнага рэжыму можа быць толькі антырасейскай, накіраванай супраць агрэсіі Расеі на Беларусі. Гаварыць, што ў такім становішчы нацыянальная альтэрнатыва можа быць прарасейскай, альбо не заўважаць агрэсіі – гэта поўны абсурд… Барацьба з агрэсіяй мусіць быць толькі адкрытай, бо толькі такое змаганьне зможа мабілізаваць нацыю. Украіна гэта засьведчыла. Парада не змагацца з Расеяй, калі Расея на нас прэ – гэта парада неразумная. Што ж датычыць тэрміну “real politic”, дык, як засьведчыў вопыт, гэта ня ёсьць рэальная палітыка, а толькі эўфэмізм прагматычных, подлых, беспрынцыпных і нікчэмных паводзінаў у палітыцы, прыдуманы заходнімі лібэраламі”. (Навумчык: ) “Днямі (15 лютага г.г.) газэта “Народная воля” надрукавала ліст свайго чытача Станіслава Кунцэвіча, там ён даволі рэзка крытыкуе лідэраў розных апазыцыйных плыняў. У тым ліку піша і пра Вас. Сутнасьць крытыкі ў тым, што Вы заклікалі байкатаваць леташнія выбары ў Палату прадстаўнікоў, спасылаючыся на недасканаласьць Выбарчага кодэксу, на фармаваньне выбарчых камісіяў без удзелу партый, на непразрыстасьць падліку галасоў – а цяпер заявілі пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах: “Калісьці Вы казалі, што службы рэжыму палююць на Вас, каб фізычна зьнішчыць. Цяпер Вы, падобна, самі ідзяце на палітычнае самазабойства”. Гэта чакае і ўсіх астатніх прэтэндэнтаў, лічыць аўтар ліста і прапануе прымусіць уладу сесьці за стол перамоваў, каб зьмяніць Выбарчы кодэкс і стварыць умовы для дэмакратычных выбараў. Што б Вы адказалі на такую крытыку і на такую прапанову?” (Пазьняк: ) “Гэта тыповыя разважаньні людзей, якія ў палітыцы ня ўдзельнічаюць, але ёй цікавяцца. І гэта вынікае зь неразуменьня, што яны не жывуць у дэмакратычнай краіне, што тут дзейнічаюць зусім іншыя законы палітычнага змаганьня, гэта першае. Другое – яны не разумеюць, што канфлікт грамадзтва з Лукашэнкам – гэта ня ёсьць канфлікт унутраны, я ўжо пра гэта казаў, а гэта ёсьць вайна з расейскім імпэрыялізмам, гэта зьнешні канфлікт, і тут зусім іншыя прыярытэты, зусім іншыя падыходы. У гэты ўнутраны канфлікт нас і штурхаюць розныя заходнія інтэрасанты, якія маюць агульныя інтарэсы з Расеяй. Я ўжо казаў, што прэзыдэнцкія выбары на Беларусі ў 2006 годзе будуць копіяй незаконнага рэфэрэндуму 17 кастрычніка. Так яно станецца, калі народ ня выступіць у сваю абарону. У гэтых выбарах трэба ўдзельнічаць. Тады гэта будзе адкрытая барацьба двух розных сіл, двух розных сьветапоглядаў, двух розных арыентацый. У такой барацьбе заўсёды ёсьць шанцы, і фальсыфікацыйная машына тут можа аказацца бясьсільнай, і ўвогуле ні пры чым. Няма нацыянальнай альтэрнатывы, няма змаганьня – няма і шанцаў… Цяпер пра так званы “круглы стол”, пра які хтосьці пастаянна кажа. Антаганістычныя сілы сядаюць за круглы стол палітычных перамоў толькі тады, калі ў іх зьяўляецца пэўная раўнавага сілаў і становішча тупіку. Тады ў іх зьяўляецца вымушаны агульны інтарэс. Нічога падобнага ў рэжымным калгасе Лукашэнкі не існуе. Таму ўсе гаворкі пра “круглы стол” – пустое. І ў завяршэньне скажу наступнае. Змагаючыся з прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі і з агрэсіяй Масквы, беларусы ніколі не перамогуць “з-за вугла”, “дуляй у кішэні”. Хочам перамагчы – выходзім на рынг”. 18/2/2005 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |