Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

14 лютага 2005 г.

Навіны

13 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Беларусаў хочуць загнаць у кут”:

“Гледзячы на тое, што творыцца цяпер у Беларусі, я думаю: як добра, што захавалі мы наш адраджэнскі Фронт і стварылі ягоную Партыю. Калі б гансы вікі і КГБ зьнішчылі б тады, у 1999 г., Народны Фронт, то што б сталася цяпер? Нават слова праўды сказаць не было б каму. Але жыве Беларусь і будзе жыць!

Выглядае на тое, што Масква рыхтуе шматварыянтны плян хуткага захопу Беларусі, абмінаючы кампанію па выбарах прэзыдэнта. Упор робяць на ўвядзеньне на Беларусі расейскіх грошай. Дзеля гэтага робіцца шантаж з ПДВ (падаткам на дадатковую вартасьць), татальнае зьнішчэньне беларускай эканомікі, гандлю і прадпрыймальніцтва. Шляхам эканамічнай агрэсіі і прапагандысцкіх вывертаў будзе адбывацца загон у Расею. Туды (у пастку) плянуюць адчыніць для беларусаў дзьверы пад выглядам паратунку. Першымі ў Расею захочуць так званыя прадпрыймальнікі, што працуюць у Беларусі (беларускімі іх назваць не выпадае, бо не маюць элемэнтарнага нацыянальнага разуменьня справы).

Спосабам для ўвядзеньня рускіх грошай расейцы лічаць так званы “канстытуцыйны акт” незаконнай “саюзнай дзяржавы”. Да навязваньня яго нашаму грамадзтву яны будуць цяпер актыўна імкнуцца. Навязаць беларусам афёру з “актам” і правесьці яе законным чынам – немагчыма. Тут не існуе законнага мэханізму і сама сутнасьць незаконная. Таму, калі ў выніку хуткага разбурэньня беларускай эканомікі расейцам разам з рэжымам не ўдасца інсьпіраваць у нашым грамадзтве авечы імпэт у Расею, то можна чакаць замест праверанага мэтаду “рэфэрэндуму” выкарыстаньне іншых незаконных мэтадаў прыняцьця “акту” і ўвядзеньня рускіх грошай (рашэньнем “палаткі”, напрыклад). Не забывайма, што гэта акупацыя і што Масква чыніць агрэсію супраць нашай краіны. Якая тут можа быць законнасьць?!

Давядзеньне беларускага грамадзтва да стану роспачы і галечы, каб дастасаваўшы прапаганду, загнаць яго ў Расею, ёсьць ва ўсіх іншых выпадках мэтад даволі рызыкоўны (паколькі можа выклікаць рэвалюцыю ў краіне), але ён сьведчыць аб тым, што расейскі гэбізм робіць стаўку на рабства, на охламоністую мэнтальнасьць і нацыянальную сьлепату пэўных катэгорыяў беларусаў і спадзяецца на гэткі сцэнар. Аднак можа здарыцца, праўда, інакш і тады ўжо пасыпецца ўся масква са сваім пуцінізмам.

Расейскі гэбізм і ягоны рэжым на Беларусі заганяюць беларускае грамадзтва ў кут, не пакідаючы ніякіх (амаль што) легальных і законных магчымасьцяў абароны і канстытуцыйнага змаганьня за свае правы. Расейцы разам з Лукашэнкам і іхнай “апазыцыяй” стварылі сітуацыю, што для беларусаў існуе ўжо толькі адзін выбар на два канцы: альбо збройнае змаганьне і супраціўленьне зьнішчэньню краіны, альбо капітуляцыя і рабская сьмерць беларускай нацыі. Легальных і законных мэтадаў змаганьня амаль не засталося. Якія высновы можна зрабіць з гэтых меркаваньняў? Мы мусім выкарыстаць усе даступныя інфармацыйныя і асьветніцкія магчымасьці дзеля асьветы грамадзтва. Палітыка ня робіцца ў пустаце, а ідэі мусяць быць у галовах (а не ў архівах). Мы мусім зь вялікай увагай аднесьціся да новай Украіны. Уся наша дзейнасьць павінна злучацца з асноўнай кампаніяй па падтрымцы і выяўленьні народнай альтэрнатывы рэжыму. Павінна быць выразна сфармулявана і адзначана, што чарговыя выбары прэзыдэнта ў Беларусі мусяць адбыцца па закону, а значыць бяз удзелу Лукашэнкі, які ўжо даўно вычарпаў свой канстытуцыйны тэрмін і шмат часу займае пасаду кіраўніка выканаўчай улады нелегальна.

Хай поўняцца адвагай і верай нашы душы! Жыве Беларусь!”

Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Фронту і Партыі. Яны ахарактарызавалі палітычнае і эканамічнае становішча ў краіне, разгледзелі арганізацыйныя пытаньні. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Сойм прыняў заяву “Аб падрыўных дзеяньнях супраць Беларускага Народу і аб палітыцы ліквідацыі незалежнасьці Беларускай дзяржавы” (тэкст прыкладаецца).

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 13 лютага 2005 г.