Глёрыя Патрыя – хвала айчыне

4 лютага 2005 г.

Зянон Пазьняк

Валеры Буйвал Gloria Europa! Эўропа сьвяшчэнных камянёў, як казаў сусьветна знакамiты прадстаўнiк шляхецкага роду з маёнтку Дастоева, што каля Ігумена. Хрысьцiянства, якое стала душой, стрыжнем культуры кантынэнту, угрунтавалася на антычнай традыцыi. На высакародных руiнах грэцкага мармуру ўзьняўся Крыж як сiмвал збавеньня i жыцьця вечнага. Беларусы ўжо больш за тысячу гадоў як далучаны да вялiкай сям’i народаў эўрапейскай цывiлiзацыi. Калi на ўсход ад Смаленска яшчэ былi адно тайга i тундра.

Грэцкi фiлосаф Зянон з Элеi (490-430 г. да н.э.) прысьвяцiў сваё духоўнае жыцьцё бясконцасьцi, адкрыцьцю абстрактных катэгорыяў рэчаiснасьцi, якiя ён, апантаны гэамэтрыяй, прадстаўляў у выглядзе гэамэтрычных канструкцый. Аднак Умбэрта Эка не забыўся сказаць аб iм: “Зянон не вымяраў свае дзеяньнi паводле Быцьця, але ў адпаведнасьцi з палiтычнай драмай сваех суайчыньнiкаў, паняволеных тыранам. І барацьба супраць тырана здавалася яму адзiным спосабам сьцьвярджэньня волi розуму”. Гiсторыя захавала iмя нiкчэмнага тырана Нэарка толькi дзякуючы ягонаму вялiкаму сучасьнiку i супрацiўнiку. Гэрастратава слава…

Глёрыя Патрыя! Наш Зянон усхваляе Бацькаўшчыну. Беларуская Вiльня падарыла нам яшчэ адну кнiгу, якая не магла б убачыць сьвет у цяперашнiх дзяржаўных межах Беларусi. Вечная сьпiраль дыялектыкi гiсторыi вярнула наша пакаленьне на арэну барацьбы за дэмакратыю, зноў паставiла народ перад выбарам - воля альбо сьмерць.

Песьнi сьпяваў бы на схiле гадоў. Але змоўкнi, душа, не iграй. Прывiд прускага барда стаiць уваччу i жменя пустых арэхаў. (верш “1989 год”)

Ня хочацца верыць, што гэта апошнi твор Зянона-паэта. Выданьне прадстаўляе ягоныя вершы i фатаграфii 80-х гадоў. Народная рэвалюцыя, якая асьвятлiла канец таго дзесяцiгоддзя, рэзка зьмянiла многiя творчыя лёсы.

Паэт выдаў iранiчны прысуд эпосе, што адыходзiла ў нябыт: “Рухнула iмперыя. На руiнах блукаюць iмперыялiсты. І не могуць зразумець, як гэта ўсё развалiлася.” Зянон-трыбун пакiнуў сваю музу, каб разам з сябрамi iсьцi ў змаганьнi.

Гартаючы кнiгу на арабскi манер з апошнiх старонак, нецярплiва шукаеш фiнал апавяданьня, што аўтар “пiсаў для сябе проста так, i старыя фатаграфii, дзе белыя вiшнi, дарогi ды шэры пыл…” i дарэмна. Бо кнiга Зянона ня скончана. Кожны дзень творцы абавязкава пакiне свой сьлед у творчасьцi. iнакш не бывае.

Кнiга “Глёрыя Патрыя” адкрые шмат для каго малавядомага Зянона Пазьняка, якi запоўнiўся сёньняшняму пакаленьню перш за ўсё як ярчэйшая асоба ў палiтыцы. Вершы ўразяць чытача шчырасьцю давернага маналогу. Любоўю да ўсяго жывога (а для яго ўсё жывое - яркае сонца з нябёс, сосны, цёплы вецер i вiленскiя вежы…), што была ўласьцiвая для гуманiстаў Рэнесансу, якiя ўславiлi чалавека i сьвет насуперак цемрашальству iнквiзыцыi.

Ноччу маланка пакой асьвятлiла. Дождж шапацiць па дахоўцы i лiсьцях i гулка гром грымiць За мокрым лесам. Цёпла ў доме маiм дарагiм.

Тэмы вершаў Зянона - вечныя тэмы паэзii i мысьлярства. Прырода, вера, каханьне, малая радзiма i Бацькаўшына… Толькi ня знойдзе нiхто ў гэтых радках замiлаваньня ў стылiзатарстве або дэкадэнцкага саманазiраньня, чым грашаць калялiтаратурныя пiгмеi, саркастычныя крытыканы нашага Зянона. Іхны прадукт - як нейкая фанта, штучны напой салонных задавакаў. Беларускае сэрца адгукнецца на нявымушаныя словы i вобразы, што нарадзiлiся з натхненьня, у хаўрусе пачуцьця i розуму.

О, Вiльня, як жывiш Ты маё сэрца. У час спатканьня iду на пляц. Вось мур, Дзе апошнi позiрк Калiноўскага. Доўга гляджу, Каб панесьцi з сабой у душы. (“Запаветнае”)

Вершы афарбаваны дарагiмi нам някiдкiмi, графiчнымi тонамi нашай зямлi. Натуральна зьнiтаваны з шэрагам фотакарцiн, створаных Зянонам. Краявiды, партрэты, аўтапартрэты, фотаэкспромты i фотапомнiкi… Вытанчаны эстэт убачыць у iх цудоўную эфэктнасьць ракурса i фрагмэнта, сьмелую панарамнасьць i ярка асьветленыя характары. А неспрактыкаваны тэарэтызаваньнямi глядач убачыць вачыма творцы (што больш важна) найпрыгажэйшую ў сьвеце зямлю i яе народ, наш куток Эўропы. Зянон вяртаецца да нас, што жывуць у час, якi нашчадкi назавуць эпохай Васiля Быкава. І можа нам згадаюць забытага калгаснага тырана, якi прадаваў Бацькаўшчыну i марна замахнуўся на яе Хвалу.

Зянон. “Глёрыя Патрыя”. ( Вершы i фатаграфii 80-х гадоў.) Вiльня, Таварыства беларускай культуры ў Лiтве, 2000. - 350 ст.