Для выкарыстаньня зброі байцам Унутраных войскаў цяпер дастаткова загаду Лукашэнкі

2 лютага 2005 г.

Навіны

З 1-ага лютага ўступілі ў дзеяньне папраўкі ў Закон “Аб Унутраных войсках МУС Рэспублікі Беларусь”, якія былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў на прапанову Адміністрацыі прэзыдэнта. Цяпер байцы ўнутраных войскаў будуць прымяняць спэцыяльныя сродкі, баявую тэхніку, а таксама зброю — паводле загаду прэзыдэнта краіны.

Гэтая норма фактычна скасоўвае паняцьце “злачыннага загаду”, паводле якога вайскоўцы маюць права адмовіцца, напрыклад, ад стральбы па мірным грамадзянам і наезду на іх танкамі і БТР.

Пры гэтым, як сьведчыць практыка, дзеля выкарыстаньня сумнеўных ды неадэкватных мэтадаў зусім не абавязкова падмацаваньне законам. У найноўшай гісторыі Беларусі Ўнутраныя войскі выкарыстоўваліся мінімум двойчы з відавочным парушэньнем заканадаўства – пры зьбіцьці дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-ага скліканьня ў красавіку 1995 года і ў жніўні таго ж году – пры разгоне страйку рабочых менскага мэтрапалітэну, калі лідэры страйкаму былі затрыманыя, а дэпутат Сяргей Антончык быў інтэрнаваны на тэрыторыю падразьдзяленьня унутраных войскаў МУС.

Паводле Радыё Свабода, Сяргей Навумчык, Прага