Курапаты – наш боль і нязгасная памяць. 30 кастрычніка 1988 года адбылася падзея, што стала знакавай, вызначыла паварот у сучаснай гісторыі Беларусі. Гэтая падзея засьведчыла ўсяму сьвету, што ў нашай краіне дзейнічае патрыятычны нацыянальна-дэмакратычны рух, мэта якога – адраджэньне Беларусі, яе Незалежнасьць і Свабода.
У той дзень шматтысячнае шэсьце начале з лідэрам толькі што створанага Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянонам Пазьняком рушыла па вуліцах Менска да ўрочышча Курапаты – сьвятыні беларускага народу. Расейскія камуністычныя акупанты зьнішчылі там каля 250 тысячаў нявінных людзей. Курапаты – адно з многіх месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ў ямах ахвяры расейскага тэрору 1917 – 1941 гг. Па маштабах злачынства і колькасьці ахвяраў Курапаты можна параўноўваць з Асьвенцымам і Бухэнвальдам.
Камуністычныя ўлады БССР хавалі праўду аб трагедыі, ня раз спрабавалі зьнішчыць курапацкія магілы, будавалі на касьцях ахвяраў газаправод і дарогі, вывозілі чалавечыя косьці. Аднак на прыканцы 1980-х гадоў Зянон Пазьняк, вядомы археёлаг і гісторык, правёў першыя археялягічныя раскопкі ў Курапатах. Ягоныя адкрыцьці і сьведчаньні людзей, якія жылі ў тыя гады непадалёк ад месца расстрэлаў, пацьвердзілі, што ў Курапатах пахаваныя беларусы – ахвяры расейскага НКВД, зьнішчаныя ў 1929-1937 гг. Спробы афіцыйнай прапаганды “даказаць”, што тут пахаваныя ахвяры часоў нямецкай акупацыі, былі абвергнутыя нават некалькімі дзяржаўнымі камісіямі, які праводзілі свае рассьледваньні на пачатку 1990-х гадоў.
На Дзяды ў 1989 г. людзі паставілі ў Курапатах сямімэтровы Крыж Пакуты. Так быў закладзены пачатак Народнага Мэмарыяла, ідэя стварэньня якога належыць Зянону Пазьняку. У студзені 1994 г. Курапаты наведаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Біл Клінтан і адкрыў мэмарыяльны знак, на якім выбіты словы прысьвячэньня: “Народу Беларусі ад Народу Злучаных Штатаў Амэрыкі дзеля памяці”.
Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ штогод арганізоўвалі на восеньскія Дзяды крыжовыя шэсьці Памяці і ўсталёўвалі на магілах пакутнікаў крыжы. Стаўленьне крыжоў працягвалася ўвесь час. Да 2001 году людзі паставілі ў Курапатах ужо больш за сотню крыжоў. Кожны чалавек, кожная сямья магла зрабіць і прынесьці ў Курапаты свой крыж, паставіць яго за душы расстраляных беларусаў, за сваех закатаваных родных і блізкіх. Пачаўся збор ахвяраваньняў на крыжы.
Антынародны рэжым зразумеў, што настае канец ягоным спробам сьцерці памяць пра Курапаты і правальваецца ягоны плян зьнішчэньня нашай сьвятыні. Ворагі Беларусі пачалі дзейнічаць пасьпешліва і агрэсіўна. Ужо ўлетку 2001 г. яны пачалі падрыхтоўку да будаўніцтва шырокай аўтастрады проста па курапацкіх магілах. Яны надта сьпяшаліся, пачалі злачыннае будаўніцтва без пляну і без праекту. Было заплянаванае толькі цынічнае разбурэньне. У дзень “інаўгурацыі” Лукашэнкі пасьля нелігітымных выбараў – 20 верасьня 2001 г. – на Курапаты рушылі трактары і бульдозэры. Але перад машынамі сталі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Шэсьць тыдняў патрыёты абаранялі сьвятыню ад разбурэньня. На наступны дзень пасьля сатанінскіх угодкаў бальшавіцкага перавароту – 8 лістапада 2001 г. – рэжым кінуў на абаронцаў аддзелы міліцыі і КГБ. Дзесяткі людзей былі зьбітыя, параненыя, пацярпелі ад сьлезацечных газаў. Суды выносілі несправядлівыя прысуды абаронцам Курапатаў. Але людзі атрымалі маральную перамогу. Увесь сьвет даведаўся пра новы акт Курапацкай трагедыі. Было яшчэ раз даказана, што народ павінен супраціўляцца Злу.
Рэжым ня здолеў запалохаць людзей. Стварэньне Народнага Мэмарыялу працягвалася. Разам з рэжымам дзейнічалі вандалы, якія нішчылі крыжы, наладжвалі на магілах пьяныя гулянкі. Улады спрабавалі нават пабудаваць побач з Курапатамі элітнае катэджнае паселішча пад цынічнай назвай “Солнечный город”.
Шкоду сьвятой справе імкнуліся прынесьці таксама розныя імітатары з “ініцыятываў” і “камітэтыкаў”. Яны ўшчалі вэрхал і пратэставалі супраць крыжаўзьвіжаньня. Потым разам з рэжымам распрацоўвалі сатанінскія праекты жалезабэтонных псэўдапомнікаў у Курапатах. Яны назваліся “спэцыялістамі” і “мастацтвазнаўцамі”. Але было бачна, якой канторы яны “спэцыялісты”.
Аднак марная іхная мітусьня. На сьвятой зямлі паўстае Народны Мэмарыял – згодна з хрысьянскай традыцыяй, просты і велічны. Лес крыжоў узьняўся над магіламі нашых пакутнікаў. Людзі прыходзяць сюды, каб маліцца, ускласьці кветкі, каб даведацца праўду пра пакуты нашага народу. На працягу апошніх чатырох гадоў сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ладзілі штосуботнія талокі. Тэрыторыю добраўпарадкавалі, прыбіралі ад сьмецьця і гальля, усталёўвалі крыжы.
Мы працягнем гэтую працу і ў 2005 годзе. Заклікаем далучыцца да гэтай высакароднай дзейнасьці. Стварэньне Мэмарыялу – гэта сапраўды ўсенародная справа – дзеля таго, каб пераадолець бяспамяцтва і наладзіць жыцьцё для сябе, дзяцей і ўнукаў паводле законаў Дабра і Праўды.
-
Алесь Чахольскі – адказны сакратар Управы Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”*