Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
(Прага, Радыё “Свабода”, 18 студзеня 2005) (Караткевіч: ) “Спадар Зянон, многія нашыя слухачы пытаюцца: што зрабіць, каб адрадзіўся нацыянальны ген? Як адрадзіць у беларусаў жаданьне быць беларусамі?” (Пазьняк: ) “Гэта залежыць ад беларусаў на Бацькаўшчыне. Ніякая эміграцыя, ніякае замежжа ў гэтым не дапаможа, калі гэта ня вырашыць сама нацыя. І першае, што трэба зрабіць – гэта змагацца за незалежнасьць і свабоду. Трэба рэальна разумець, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Гэта ёсьць унутраная акупацыя Беларусі расейскімі спэцслужбамі, якая здарылася ў 1996 годзе. Без разуменьня гэтай сытуацыі немагчыма растлумачыць увогуле палітыку, якая адбываецца ў Беларусі. Чаго ня могуць зразумець на Захадзе: яны ня могуць адказаць на пытаньне, як гэта можа прэзыдэнт краіны выступаць супраць нацыянальнай мовы, супраць нацыянальнай навукі, зьнішчаць беларускія школы, паліць беларускія падручнікі і пагарджаць сувэрэнітэтам. Для іх гэта алягічна, яны лічаць, што гэта вар’ят. А на самай справе гэта ёсьць тыповая акупацыйная палітыка. Калі краіна, улада ў краіне была ўзятая ня звонку, ня шляхам бамбардаваньня і ўвядзеньня танкаў, а шляхам захопу ўлады спэцслужбамі і прывядзеньня да ўлады цераз мэханізм дэмакратычных выбараў свайго стаўленьніка. Вось што адбылося на Беларусі. Я не хачу сказаць, што гэта тыповая зьява, але гэта зьява даволі распаўсюджаная ў сьвеце. І вось для таго, каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба зьмяніць палітычныя абставіны ў краіне, трэба змагацца, трэба скончыць з акупацыяй, і змагацца трэба любымі спосабамі”. (Караткевіч: ) “Вы сказалі пра ролю таго, што павінна рабіць нацыя. Але вы згадалі і міжнародную супольнасьць, якая неадэкватна рэагуе на тое, што адбываецца ў Беларусі. Якая Вашая ацэнка ролі міжнародных арганізацыяў і краінаў, якія дамінуюць у палітычных працэсах?” (Пазьняк: ) “Што датычыць тых міжнародных арганізацыяў, якія дзейнічаюць на Беларусі, то я б сказаў, што яны прынесьлі больш шкоды беларускай дэмакратыі і беларускай свабодзе, чым карысьці. Асабліва гэтыя сродкі, якія былі пушчаныя на неадэкватныя дзеяньні. І ўвогуле, за ўсім гэтым стаяць вельмі прыватныя інтарэсы. На вялікі жаль, гэта так. І тут, у дадзенай сытуацыі, я лічу, што трэба, па-першае, пастарацца забясьпечыць міжнароднае неўмяшаньне Расеі ў беларускія справы. Гэта значыць, забясьпечыць непадтрымку рэжыму Лукашэнкі. Я маю на ўвазе будучыя падзеі, выбары прэзыдэнта. Вось гэта магчыма, гэта трэба шмат ужыць высілкаў для нашай нацыянальнай адраджэнскай дыпляматыі, каб гэтага дасягнуць. Для гэтага ёсьць падставы – гэта, перш за ўсё, будапэшцкі мэмарандум 1994 года, дзе гарантамі незалежнасьці Беларусі зьяўляюцца Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія і Расея. Гэты мэмарандум быў прыняты тады, калі Беларусь адмаўлялася ад ядзернай зброі, а ініцыятарам гэтага адмаўленьня была апазыцыя БНФ у парлямэнце, і менавіта аб гэтым ішла гаворка, калі я сустракаўся з прэзыдэнтам Клінтанам, і менавіта таму ён хацеў спаткацца з кіраўніком апазыцыі. Дык вось, у дадзенай сытуацыі вельмі важны наступны пункт: дамагчыся міжнароднага прызнаньня статусу ўнутранай акупацыі, які ёсьць у Беларусі. Я разумею, гэта вельмі цяжкая задача, якая патрабуе шматлікіх дыпляматычных высілкаў. Мала часу, але паставіць гэтае пытаньне неабходна. Гэта ўсё дало б магчымасьць у выпадку ўжываньня сілы з боку Лукашэнкі – ён гэта рыхтуе, ён палохае беларускае грамадзтва – ёсьць такія беларусажэрцы ў гэтай акупацыйнай сыстэме, якія гатовы былі б праліць кроў, але гэта будзе іхны канец, яны проста гэтага не разумеюць яшчэ. Дык вось, заручыцца дыпляматычнай падтрымкай са спасылкай на мэмарандум 1994 года, што ў выпадку ўжываньня сілы супраць беларусаў, беларускай нацыянальнай дэмакратыі, гэта павінна расцэньвацца як пагроза сувэрэнітэту, бо гэта акупацыя ўнутраная, а ніякае зьнешняе ўмяшаньне ня можа мець месца. Гэта ўсё ставіць пытаньне рабром, ставіць пытаньне востра аб абавязках, якія ўзялі на сябе ЗША, Вялікабрытанія і Расея. Вось што датычыць той палітычнай пэрспэктывы ў зьвязку з ацэнкай падзеяў, якія адбыліся на Ўкраіне. Цяпер вядомы лёзунг – “сёньня Ўкраіна заўтра Беларусь”. І яно так і будзе: Беларусь ня будзе вечна гібець пад маскалём. Беларусь ня будзе вечна залежнай ад Расеі. Гэта вялікая нацыя, вялікі народ, вялікая культура. Ніякай пэрспэктывы ў гэтага рэжыму няма – ні палітычнай, ні культурнай, ніякай. Пэрспэктыва ёсьць у нас, але за гэтую пэрспэктыву трэба змагацца зь веданьнем сваёй сілы, сваёй міжнароднай і нацыянальнай пэрспэктывы”. (Караткевіч: ) “Ці зьбіраецеся Вы балятавацца ў 2006 годзе на прэзыдэнта?” (Пазьняк: ) “Гэтае пытаньне было адразу высьветлена пасьля 2001 года, але пасьля незаконнага рэфэрэндуму 17 кастрычніка мінулага года яно ўдакладнялася, і зараз прынятае рашэньне, што я буду балятавацца, мая кандыдатура названая як нацыянальная альтэрнатыва. Абапірацца ў дадзенай сытуацыі я буду ня толькі на Народны Фронт і на сваю партыю, а на ўвесь беларускі народ, і менавіта зыходзячы з гэтай пазыцыі, пагрозы ўсёй нацыі, якая ідзе з Расеі, пэрспэктывы пагрозы нашай незалежнасьці, культуры, эканоміцы я буду грунтаваць сваю палітычную пазыцыю. Прывяду некалькі прыкладаў, якія можа ня ўсім беларусам вядомыя, паколькі ад іх інфармацыя скрываецца. На жнівень месяц 800 тысячаў працаздольнага беларускага насельніцтва працавала ў Расеі – у Сыбіры, пад Масквой, і г.д. Цяперака ўжо – каля мільёна. Гэта амаль 30% працаздольнага насельніцтва. У месяц за кошт працы беларусаў Расея атрымлівае мільярды даляраў – гэтыя грошы не ідуць на Беларусь – гэта значыць, мы губляем сваю працоўную сілу, гэта як выпампоўваць кроў з нацыі. І гэта робіцца штучна, гэта робіцца спэцыяльная палітыка вынішчэньня Беларусі, выгнаньня працаздольнага насельніцтва. Другі аспэкт – гэта зьніжэньне адукацыі ў Беларусі. Стараюцца зрабіць такое пакаленьне на Беларусі, якое будзе ўмець адкручваць і закручваць газавыя вэнтылі і махаць рыдлёўкай. Вось гэта мы павінны спыніць, і ў гэтым – агульнанацыянальная задача, гэта ёсьць выратаваньне нацыі. З гэтай пазыцыі, з гэтай плятформы я зьбіраюся ісьці на выбары”. (Караткевіч: ) “Зянон Станіслававіч, дагэтуль не ўсталяваны помнік у Курапатах. Вы былі чалавекам, які адкрыў праўду пра Курапаты. Вашае меркаваньне – чаму беларускія ўлады гэта блякуюць?” (Пазьняк: ) “У Вашым пытаньні ёсьць і адказ. Мне такое пытаньне задаваў прэзыдэнт Клінтан у Курапатах – чаму ў такім стане гэта ўсё знаходзіцца? Я яму адказаў коратка, што справа ў тым, што ў Беларусі кіруюць нашчадкі тых, хто расстрэльваў у Курапатах. Вось і ўся праблема. Цяпер тая акупацыйная ўлада КГБ, той кагэбізм, які ўсталяваўся ў Расеі, і на Беларусі, ён стараецца зьнішчыць сьляды свайго злачынства. Таму Курапаты ім – бяльмо ў воку. Пакуль гэты рэжым будзе існаваць, ніякага помніка ў Курапатах ня будзе, і невыпадкова што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ, усе сьведамыя людзі, якім баліць сэрца за Беларусь, яны будуюць нацыянальны мэмарыял і змагаюцца за Курапаты, бо гэта сымбаль нашых пакутаў і сымбаль нашага адраджэньня”. 19/1/2005 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |