**9 студзеня **ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, у якім былі вызначаныя асноўныя напрамкі партыйнай працы. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Фронту і Партыі:
“Варта падвесьці вынікі мінулага году. Галоўнай палітычнай падзеяй у Беларусі былі псэўдавыбары і незаконны “рэфэрэндум”, якія адбыліся 17 кастрычніка сёлета. Мы за год да гэтых падзеяў папярэджвалі грамадзтва менавіта пра такі сцэнар падзеяў. Многія, асабліва з намэнклятурнай псэўдаапазыцыі, называлі наш прагноз фантастыкай. А рэжым сапраўды аб’яднаў дзьве незаконныя афёры: “выбары” у нелігітымныя “палаты” і антыканстытуцыйны “рэфэрэндум”. Псэўдаапазыцыя разам з рэжымам актыўна заклікала грамадзянаў “ісьці на выбары”, тым самым забясьпечваючы рэжыму неабходную колькасьць выбаршчыкаў для маніпуляцыі і сфальшаваньня вынікаў галасаваньня. Цяпер з усёй Беларусі паступаюць зьвесткі пра тое, што людзі масава галасавалі супраць Лукашэнкі і ягонага рэжыму (на шэрагу участкаў за яго было пададзена 0% бюлетэняў). Але машына фальсіфікацыі зрабіла сваю справу. Аднак, дзесяткі тысячаў членаў выбарчых камісіяў, мясцовая і цэнтральная адміністрацыя, міліцыя і спэцслужбы ведаюць сапраўдныя вынікі галасаваньня, на якіх рэжым пацярпеў бы сакрушальную паразу, калі б не масавыя і сістэматычныя фальсіфікацыі пры падліку галасоў. Яны ясна ўбачылі, што прамаскоўскі рэжым не мае народнага даверу і падтрымкі. Многія з фальсіфікатараў яшчэ больш задумаліся аб непазьбежнасьці адказнасьці за зьдзейсьненае злачынства пасьля перамогі ўкраінскага народу літаральна праз месяц, у сьнежні сёлета. У маскоўскага імпэрскага начальства закруцілася галава ад посьпеху афёры ў Беларусі. І прымітыўную мадэль падману грамадзтва спосабам выбарчага жульніцтва Крэмль вырашыў перанесьці на Украіну і рэалізаваць яе на прэзыдэнцкіх выбарах. Але народ абараніў Украіну ад расейскай імпэрыі. Расея пацярпела ў Украіне сакрушальную паразу. Цяпер пачынаецца новы этап развалу расейскай імпэрыі, якая канчаткова згубіла былую калёнію. Расея, якая перажывае глыбокі дэмаграфічны крызіс, дзе насельніцтва ня здольнае працаваць і сьпіваецца, спадзявалася, што мільёны ўкраінцаў будуць працаваць у Сібіры. Расейская авантура пацерпіць правал і ў нас у Беларусі. Нашая моладзь не прымае расейскі жахлівы лад жыцьця. Нашыя людзі ня будуць вечнымі рабамі маскоўскай імпэрыі. Там, на Усход ад Беларусі працягваецца эканамічны крызіс і развал. Паказаны расейскім урадам сёлетні эканамічны рост трымаецца выключна на спрыяльнай кан’юнктуры цэнаў на нафту. Калі зьменіцца кан’юнктура, мы станем сьведкамі калапсу расейскай эканомікі, дзе не адбываецца разьвіцьця і мадэрнізацыі. Не выпадкова Крэмль арганізаваў цяпер штучныя 10-дзённыя вакацыі дзеля насельніцтва. Як гэта ня дзіўна, але тое, што расейскія рабочыя не працуюць, — больш выгадна, чымсьці іхная праца. Цяпер урад можа выгадна экспартаваць мэтал і іншую сыравіну за мяжу. А вырабленую з гэтай сыравіны неякасную прадукцыю (як паказвае практыка) давялося б ставіць пад плот і не ўдалася б рэалізаваць. Такія вось парадоксы расейскага жыцьця. Расейская імпэрыя здольная толькі шкодзіць і разбураць. На працягу году крамлёўскія пастаноўшчыкі разыгрывалі тэатральныя спрэчкі і вадэвільныя “канфлікты” паміж Крамлём і афіцыйным Менскам. А на самай справе антыбеларускі рэжым і ягоны маскоўскі гаспадар працягвалі подлую працу па фармаваньні “саюзнай дзяржавы” (як яны хітра называюць працэс акупацыі Беларусі расейскай імпэрыяй). Пасьля страты Расеяй Прыбалтыкі і Украіны Беларусь засталася апошняй краінай, якая жыве пад брутальным уплывам Масквы. Гэта ня можа працягвацца доўга, наш народ здолее абараніць сваю незалежную Дзяржаву ад расейскіх агрэсараў і іхных мясцовых памагатых. Не дапаможа й Нямеччына з ейным маскоўска-бэрлінскім плянам ліквідацыі нашай краіны. Ніхто не чакаў такіх мужных і арганізаваных дзеяньняў украінцаў, якіх ужо былі прадалі ў маскоўскае рабства. І многія фактары сьведчаць пра адчайны страх рэжыму перад непазьбежным крахам ягонай антыбеларускай палітыкі. Беларусы павінны працаваць дзеля сваёй будучыні, якая магчымая толькі ў дэмакратычнай, эўрапейскай Беларусі, па-за рамкамі расейскай імпэрыі. Гэта разумеюць у нас ужо мільёны людзей. Мы павінны працягваць асьветніцкую працу. Неабходна давесьці да нашага народу, што наступныя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца пад міжнародным пратэктаратам без удзелу Лукашэнкі ды іншых фальсіфікатараў, што менавіта Зянон Пазьняк зьяўляецца беларускім кандыдатам на прэзыдэнцтва. Наш кандыдат Зянон Пазьняк прадстаўляе плятформу народнага яднаньня Беларуская Салідарнасьць, якая супрацьстаіць здрадніцкай і антыдзяржаўнай палітыцы рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі”.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны расказалі пра развал мясцовых структураў псэўдаапазыцыі пасьля іхнага ганебнага ўдзелу ў арганізацыі псэўдавыбараў і “рэфэрэндуму” разам з рэжымам. Людзі не маюць даверу да гэтых лякальных “палітыкаў”, якія гатовыя прадаць Бацькаўшчыну за жменю манэтаў. Неабходна працягваць асьветніцкую працу, мабілізаваць людзей на абарону нашай Дзяржавы ад расейскага імпэрыялізму і ягоных марыянэтак. Былі разгледжаныя таксама арганізацыйныя пытаньні.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ