Аптымістычны для беларусаў год. Напрыканцы мінулага году нашы суседзі ўкраінцы нанесьлі мацнейшы ўдар (за апошнія 12 гадоў) па рэшткам расейскай імпэрыі. Крамлёўскія гульні па рэанімацыі імпэрыі “вялікая расея” пацярпелі сакрушальную паразу. Крамлёўскія імпэрыялісты пакуль яшчэ нягоднічаюць у нашай краіне. Яшчэ зьлятаюцца на свае зборышчы з мясцовымі імпэрскімі нягоднікамі пад шыльдай “саюзнай дзяржавы”. Трэба лічыць, што сваёй вяршыні яны дасягнулі ў Беларусі 17 кастрычніка 2004 года, калі гвалтам і ашуканствам правялі свой незаконны рэфэрэндум і агучылі “ашаламляльныя” вынікі “усенароднай любові”.
Падзеі 17 кастрычніка ў Беларусі і сьнежаньскія падзеі ва Украіне здёрлі маску “міралюбцаў і дэмакратаў” з крамлёўскіх імпэрыялістаў і іх спадарожнікаў. Што цяпер каштуюць лёзунгі тыпу: “Беларусь у Эўразьвяз разам з Расеяй!”, або “З дэмакратычнай Расеяй без Лукашэнкі”? Яшчэ спрабуюць імпэрскія спадарожнікі па інэрцыі працягваць сваю брудную справу. Адны (ці адзін?) клічуць на рэвалюцыю 25 сакавіка, іншыя, “пяцёркі” і “шасьцёркі” (што дапамаглі Лукашэнку ў незаконнай справе зьмены Канстытуцыі) з свайго асяродку зноў зьбіраюцца падсунуць беларусам “адзінага кандыдата” на чарговыя выбары (паўтарыць 2001 год). Нават адстаўныя афіцэры імпэрыі пагражаюць падкінуць свайго вылучэнца. Аднак ад ўсяго гэтага нясе гнільлём.
Восеньскія падзеі акрэсьлілі палітычную мяжу паміж нацянальнымі інтарэсамі народаў Усходняй Эўропы і імпэрскімі інтарэсамі згрупаваўшыхся рэшткаў савецкага КГБ, ваенапрамысловага комплексу і камуністычнай наменклятуры. Зянон Пазьняк, Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ у аналітычным творы “Беларуска – Расейская вайна” даў дакладны назоў узьніклай ў Расеі сістэмы ўлады — “гэбізм”.
У “нязручнай” пазыцыі апынуліся і заходнеэўрапейскія палітыкі, якія з прагматычных інтарэсаў дапамагаюць Маскве захаваць імпэрыю. Асабліва гэта тычыцца палітыкаў-сацыялістаў Нямеччыны. Нам вядома каго меў на ўвазе Прэзыдэнт Польшы А.Квасьнеўскі ў сваім аповедзе пра «круглы стол» у Кіеве, калі сказаў: «Некоторыя заходнія сталіцы вырашылі выбраць Маскву, лічачы Кіеў яе сфэрай уплыву.» (газэта «Нар. Воля» за 30.12.2004г.). Мы не забываем ролю нямецкага дыплямата, кіраўніка Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ у Менску Ганса Віка. Менавіта гэты чалавек дапамог КГБ скалаціць у 2001 г. «аб’яднаную апазыцыю», якую празь яго прыкармілі і мякка пасадзілі пад пратэктарат маскоўскіх і мясцовых спэцслужбаў. І цяпер гэты чалавек «кансультуе» Эўразьвяз у дачыненьнях зь Беларусьсю.
Аднак усё гэта кароткачасовае, аджываючае. Украінскія падзеі паскораць распад імпэрыі. Няма такой дзяржавы як Расея. Ёсьць рэшткі расейскай імпэрыі пад назвай “Расейская Фэдэрацыя”. Пра гэта яшчэ раней гаварыў і пісаў Зянон Пазьняк. Пра тое, што рускім трэба ствараць сваю дзяржаву, а не марнаваць сілы на ўтрыманьне імпэрыі дзеля ўзбагачэньня невялікай купкі імпэрыялістаў. Цяпер гэта пачынаюць разумець рускія. Насьпявае ўнутраны канфлікт у імпэрыі.
Мы, беларусы, ў лепшым стане чым рускія. У нас ёсьць юрыдычны грунт – наша дзяржава, якая зьяўляецца суб’ектам міжнароднага права, сябрам Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. Наша задача зразумелая, замяніць праімпэрскі рэжым (існуючы або той, што рыхтуюць на зьмену збанкрутаванага) на беларускую нацыянальную народную ўладу. Так, як гэта зрабіў украінскі народ у сваёй краіне.
У беларускага народа ёсьць уласныя інтарэсы, адлюстраваныя ў палітычнай плятформе народнага яднаньня “Беларуская Салідарнасьць” і ёсьць альтэрнатыва імпэрскім вылучэнцам яўным і прыхаваным у асобе лідэра нацыянальнага адраджэньня Зянона Пазьняка.
З Новым годам, сябры!
Жыве Беларусь!